Пра накіраваньне доказаў паведаміў Прваваабарончы цэнтар «Вясна». Дакумэнты падрыхтавалі Цэнтар глябальнай справядлівасьці і правоў чалавека М.А.R.А., Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (FIDH), Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі, Беларускі Хэльсынскі камітэт, «Вясна» і Human Constanta.
У сумеснай заяве ад 27 сакавіка праваабаронцы адзначылі, што адпаведна артыкулу 15 Рымскага статуту МКС накіравалі інфармацыю, у якой «зьмяшчаюцца доказы патэнцыйных злачынстваў супраць чалавечнасьці, учыненых прадстаўнікамі ўладаў Беларусі з траўня 2020 году, з улікам распачатага офісам пракурора МКС папярэдняга разгляду беларускай сытуацыі пасьля яе перадачы ўрадам Літвы 30 верасьня 2024 году».
Інфармацыя «ўключае ў сябе доказы дэпартацыяў і перасьледу, зьдзейсьненых у дачыненьні да часткі цывільнага насельніцтва Беларусі, у тым ліку грамадзян краіны, якія жывуць за мяжой».
«Інфармацыя дэманструе, што прадстаўнікі ўладаў стварылі атмасфэру страху, тэрору і перасьледу, каб „зачысьціць“ насельніцтва ад „неляяльных“ асобаў, прымусіўшы да 6,4% беларускага насельніцтва на 2020 год пакінуць краіну».
Акрамя таго, улады «працягваюць перасьледаваць беларусаў, вымушаных знаходзіцца ў выгнаньні, і тых, хто жыве за мяжой, з дапамогай сыстэматычнага судовага перасьледу, у тым ліку завочных судовых працэсаў, а таксама запалохваньня і пагрозаў на адрас тых, хто ў выгнаньні, і іхных сваякоў, што засталіся ў Беларусі, публічна распаўсюджванай мовы нянавісьці, беспадстаўных ператрусаў і канфіскацыі маёмасьці».
У інфармацыі таксама гаворыцца пра «татальнае пазбаўленьне беларусаў у выгнаньні доступу да дзяржаўных працэдураў, уключна з магчымасьцю атрыманьня дакумэнтаў, якія сьведчаць асобу, што дэ-факта прыводзіць да адсутнасьці грамадзянства».
Адзначаецца, што, хоць Беларусь ня ёсьць удзельніцай Рымскага статуту МКС, у накіраванай праваабаронцамі інфармацыі дадзены праўны аналіз, які дэманструе, што згаданы суд можа ажыцьцяўляць сваю юрысдыкцыю, «бо прынамсі адзін з элемэнтаў гэтых меркаваных злачынстваў быў зьдзейсьнены на тэрыторыі дзяржаваў — удзельніц Рымскага статуту».
Праваабаронцы зьвярнулі ўвагу, што Міжнародная плятформа прыцягненьня да адказнасьці для Беларусі (IAPB) і арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» (RSF) раней накіравалі ў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду свае паведамленьні аб сытуацыі ў Беларусі ў адпаведнасьці з артыкулам 15 Рымскага статуту.
30 верасьня 2024 году ўрад Літвы перадаў у офіс пракурора МКС матэрыялы пра «трансьмежавыя злачынствы супраць чалавечнасьці, зьдзейсьненыя Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ў дачыненьні беларусаў». Вільня аргумэнтавала сваё рашэньне тым, што больш ня можа бязьдзейнічаць.
Пра накіраваньне ў офіс пракурора МКС матэрыялаў Міжнароднай плятформы прыцягненьня да адказнасьці для Беларусі стала вядома 8 лютага, арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» распаўсюдзіла адпаведную заяву 24 студзеня.
Форум