Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім было «тусовачнае» жыцьцё Менску сто гадоў таму?


Сто гадоў таму ў выніку Першай сусьветнай вайны і некалькіх рэвалюцыяў, ці пераваротаў, былі парушаныя звыклыя для беларусаў стыль жыцьця, побыт, культурныя традыцыі. Людзей прымусілі жыць паводле бальшавіцкага маральнага кодэксу. Узводзіліся ў закон новыя крытэры і нормы. Свабоду, як і веру, традыцыйны сьветагляд, гвалтоўна тапталі. І пры канцы ХХ стагодзьдзя Беларусь, і перадусім, напэўна ж, сталіца яе — Менск, выглядалі так, як і задумвалі бальшавікі. Панура, безасабова і зусім не па-эўрапейску.

І вось цягам апошніх дзесяці-дваццаці гадоў сталіца эўрапейскай краіны пачала ажываць. Новае пакаленьне менчукоў ня хоча жыць шэра, аднастайна. Яно хоча быць эўрапейскім. І эўрапейскі стыль жыцьця запазычвае.

А мо ня толькі запазычвае? Мо гэты стыль жыцьця, гэтае, як сёньня кажуць, тусовачнае баўленьне часу захавалася ў іх недзе на генэтычным узроўні? Мо і іхныя продкі сто гадоў таму падобным чынам бавіліся? Дык як і дзе «тусаваліся» менчукі сто гадоў таму?

Працяг гутаркі з культуролягам, мастацтвазнаўцам, выкладчыкам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяргеем Харэўскім.

Вячаслаў Ракіцкі (зьлева) і Сяргей Харэўскі
Вячаслаў Ракіцкі (зьлева) і Сяргей Харэўскі

Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей, ці было ў Менску сто гадоў таму нешта падобнае да таго, што сёньня моладзь заве «тусоўкамі»?

Сяргей Харэўскі: У нашым сёньняшнім сэнсе, як баўленьне часу бяз мэты ў прыязнай кампаніі добрых знаёмцаў, «тусоўкі» былі спрадвеку — пры гатэльных рэстарацыях, пры панскіх дварах, напрыклад, або пры сынагогах. Але напярэдадні Першай сусьветнай вайны ў Менску віравала і паўнавартаснае грамадзкае жыцьцё — шматлікія таварыствы, клюбы, гурткі, у якія зьбіраліся людзі паводле асьветных, палітычных, культурных, рэлігійных ці нацыянальных інтарэсаў. Калі ўзяць тагачасную колькасьць насельніцтва, дык колькасьць такіх адзінак грамадзянскай супольнасьці ўражвае. Ну, а свойскіх «тусовак» было, бадай, і ўвогуле безьліч. У выніку лібэралізацыі, якая наступіла пасьля драматычных падзеяў 1905 году, людзі прагнулі жывых стасункаў, цікавых кампаніяў, дыскусіяў.

Ракіцкі: І ў чым гэта выяўлялася? Вакол якіх асяродкаў гуртавалася грамадзянская супольнасьць?

Харэўскі: Былі артыстычна-літаратурныя кавярні, клюбы, кінатэатры. Дзеіла славутае Менскае таварыства аматараў прыгожых мастацтваў — яно мела свой аркестар, арганізоўвала танцавальныя вечарыны з музычнымі і літаратурнымі аддзяленьнямі, а таксама агульнадаступныя канцэрты для жыхароў Менску. Яго пераемнікам стала Менскае літаратурна-артыстычнае таварыства.

Будынак былога Менскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Менск, вул. К. Маркса, 17
Будынак былога Менскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Менск, вул. К. Маркса, 17

У тагачасным Менску, апроч шыкоўных прыватных збораў, былі Земскі музэй, Мастацка-прамысловы музэй, царкоўны Археалягічна-этнаграфічны музэй, пры якім было сваё саліднае таварыства тутэйшых краязнаўцаў і гісторыкаў, было паважнае Менскае кола Варшаўскага таварыства апекі над помнікамі мінуўшчыны. Апроч філіялаў і аддзелаў амаль усіх расейскіх і тутэйшых краёвых партыяў, рэлігійных і дабрачынных згуртаваньняў усіх магчымых канфэсіяў, тут дзеілі Менскае таварыства сельскай гаспадаркі, Таварыства аматараў спорту, Польскае таварыства «Асьвета» і Таварыства абароны жанчын. Было таксама Менскае таварыства сяброў музыкі, у якое ўваходзілі музычныя дзеячы і аматары. Адкрылася і музычная бібліятэка пры музычнай вучэльні Рубінштэйна. Існавала Менскае вольнае пажарнае таварыства, дзе на цалкам бясплатнай, добраахвотнай аснове ўвіхаліся многія інтэлігенты, а сярод іншых — славуты летапісец нашай сталіцы, менскі фатограф Рыгор Міранскі ды ягоны калега фатограф Майсей Онэфатэр.

Ракіцкі: А як выглядала тады тэатральнае жыцьцё?

Харэўскі: У цэнтры Менску быў Гарадзкі тэатар, дзе працавала расейская трупа Бяляева, быў летні тэатар «Рэнэсанс» і некалькі кінатэатраў. Апрача клясычнай драматургіі і п’есаў Рышкова, Найдзёнава, Пшыбышэўскага, у трупе Бяляева ставіліся містычныя драмы Мэтэрлінка і п’есы расейскіх сымбалістаў, часта выступалі выдатныя расейскія артысты Давыдаў, Арленеў, браты Адэльгэйм, якія прыяжджалі ў Менск на гастролі.

Гарадзкі тэатар (цяпер - Купалаўскі)
Гарадзкі тэатар (цяпер - Купалаўскі)

Посьпехам у гледачоў карысталіся ўкраінскія калектывы, што прывозілі вельмі папулярныя музычныя драмы і камэдыі: «Запарожац за Дунаем», «Майская ноч», «Наталка-Палтаўка», «Цыганка Аза», «Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесьць», «Вій». Менскія тэатралы добра ведалі такіх праслаўленых украінскіх актораў, як Занькавецкая, Крапіўніцкі, Сагайдачны, Саксаганскі.

У той час у салідных дамах па ўсім горадзе пераабсталёўвалі залі пад драматычныя тэатры, апэрэту, вар’етэ і кафэшантаны. На пачатку ХХ стагодзьдзя ўзьніклі «Камэрны тэатар» на Саборнай плошчы, «Інтымны тэатар» на вуліцы Маскоўскай, «Новы тэатар» на Захар’еўскай, «Парыж» на Петрапаўлаўскай вуліцы і, натуральна ж, знакаміты «Акварыюм». Былі тэатральныя залі ў Шляхецкім сходзе, што месьціўся ў палацы Чапскага, і ў Купецкім сходзе, што быў у гмаху Азоўска-Данскога банку ў Верхнім горадзе. Было і некалькі казіно. Так што «патусіць» было дзе.

Менск, вуліца Захараўская. Палац Чапскага
Менск, вуліца Захараўская. Палац Чапскага

У доме Абрампольскага, які цудам ацалеў побач з Чырвоным касьцёлам, з 1916 году дзеіў клюб «Беларуская хатка». Тут ішлі палітычныя дыскусіі з гарбатай і закускамі. У «Хатцы» быў самадзейны тэатар. Апрача Флярыяна Ждановіча, ягонай жонкі Пралескі, брата Антука Крыніцы, тут пачыналі акторскую кар’еру Рамуальд Жакоўскі, Вера і Люба Тарасік, Лідзія Навахацкая, Янка Беларус, Ася Стральніцкая. Вялікую славу набылі хор, якім кіраваў сам Уладзімер Тэраўскі, і беларуская танцавальная група. А быў жа яшчэ і Амэрыканскі клюб!

Дом Абрампольскага, разьмешчаны на пл. Незалежнасьці па адрасе вул. Савецкая, 17
Дом Абрампольскага, разьмешчаны на пл. Незалежнасьці па адрасе вул. Савецкая, 17

Ракіцкі: Пэўна ж, у «Беларускай хатцы» ня толькі гарбату падавалі... А што гэта за Амэрыканскі клюб?

Харэўскі: Ён быў на тым месцы, дзе цяпер тралейбусны парк на рагу Чырвонай і Машэрава. Вялікі прасторны будынак клюбу называўся так, бо быў збудаваны на сродкі беларусаў, што жылі ў Амэрыцы.

Фасад клюбу выходзіў на Чырвоную вуліцу. Тут было заўжды поўна народу, бо ў ім, апрача кінасэансаў, была сцэна для тэатральных спэктакляў і эстрады, працавалі бібліятэка, буфэт-сталовая, дзе можна было за невялікія грошы паабедаць і паслухаць пропаведзь аб Божай міласьці.

У часе вайны ўсё гэта стала на камэрцыйныя рэйкі. Сталовая ператварылася ў рэстарацыю зь нелегальным алькаголем, бо афіцыйна сьпіртное было ў часе вайны забароненае расейскімі ўладамі. Са сцэны сьпявалі шансанэткі, а ў глядзельнай залі стаялі сталы, за якімі гулялі ў карты і лято. У клюбе быў добры бізнэс.

Ракіцкі: Кіно, якое станавілася ўсё больш папулярным, таксама тут паказвалі?

Харэўскі: Раніцою ў клюбе дэманстраваліся прапагандысцкія расейскія кінафільмы. Але гледачам найбольш падабаліся заходнія фільмы пра розныя таямнічыя здарэньні і жахі.

Пасьля дзённых сэансаў клюб прыбіралі, і ўжо ўвечары да яго пры запаленых ліхтарах пад’яжджалі рамізьнікі і вайсковыя аўтамабілі. Уваход туды быў па адмысловых квітках. І там было ўсё!

Дзіўна, чаму ніхто яшчэ не падхапіў назву таго брэнду!

У 1917 годзе, ужо пасьля Лютаўскай рэвалюцыі, беларусы ў былым Амэрыканскім клюбе арганізавалі Першае Беларускае таварыства драмы і камэдыі. Таварыства вырашыла называць яго надалей «Беларускай хаткай», і на фасад павесілі вялікую шыльду. Яшчэ адзін шыкоўны адрас і брэнд!

Дарэчы, адсюль пачаўся шлях у гісторыю Сымона Пятлюры. Васіль Аўраменка, вядомы ў сьвеце харэограф, актор, дасьледчык і знаўца ўкраінскіх танцаў, які служыў падчас Першай сусьветнай вайны ў Менску, згадваў пра тое так:

«...раптам паведамляюць, што дэлегацыя прыйшла, Яната і Кавярдзінскі, першы — міністар нейкі. Павіталіся і дадалі: „Мы чулі, як вы прыгожа па-ўкраінску гаварылі“. Я зьдзівіўся, што яны сказалі „па-ўкраінску“, а не „па-маларасійску“, узрадаваўся. Яны паведамілі, што сёньня ў „Беларускай хатцы“ ўвечары будзе сход некалькіх украінцаў, там будзе рэдактар Пятлюра, украінец зь Петраграду (...).

Сымон Пятлюра
Сымон Пятлюра

Узялі мяне ў карэту. Абкружылі „Беларускую хатку“ аховай, каб ніхто лішні не зайшоў. Я прыехаў з маім ад’ютантам Іваненкам, які згадзіўся наводзіць парадак пры ахове.

На сходзе ўстаў Пятлюра і прамаўляў недзе з гадзіну, асабліва пра ўкраінскую губэрню. (...) Яшчэ ён сказаў так: „Як ужо пачнецца парад і засьпяваюць „Мы жертвою в бою“... па-ўкраінску, усе ўкраінцы павінны заняць свае пазыцыі і нешта сказаць па-ўкраінску“. (...)

Мы ўхвалілі сабраць украінцаў у Менску. Сымон Пятлюра тады быў у Земскім саюзе ўраднікам, ваенным чыноўнікам. Ён паклапаціўся пра вялікую залю, і мы дамовіліся, што нас прыйдзе недзе шасьцёра-сямёра, выберам прэзыдыюм. (...)

Кавярдзінскі ўстае і ня ведае, як гаварыць: „Гаспада, я прапаную сёньня абабраць старшынём гаспадзіна Пятлюру“. А ўсе на тое: „Харашо, харашо“, — запляскалі.

Пятлюра падняўся, ужо як старшыня, усе заціхлі, адбываўся сход. (...) Ужо мы маем сваю Цэнтральную Раду, свой хор, а ў Кіеве ўжо нашы палкі і г.д., вайсковы зьезд. Я ўжо парабіў казацкія жупаны, залатыя пагоны, шапкі з аколышкамі, хоць Керанскі і забараніў, мы ж былі яшчэ ў фэдэрацыі.

Сабраліся: Пятлюра, дваццаць чалавек, тры вагоны, паравоз, кулямёты — і ў Кіеў!..»

Ракіцкі: У Менску напярэдадні Першай сусьветнай вайны жылі клясыкі беларускай асьветы, літаратуры і тэатру Максім Багдановіч, Альбэрт Паўловіч, Алесь Бурбіс, Уладзіслаў Галубок, Усевалад Фальскі, Рамуальд Зямкевіч, Фабіян Шантыр. Сяргей, а як выглядала ў Менску тагачаснае мастакоўскае жыцьцё?

Харэўскі: На зломе эпохаў, паміж ХІХ і ХХ стагодзьдзямі, Менск стаў апірышчам для многіх талентаў, якія атрымалі мастацкую адукацыю ў Эўропе і Расеі. З 1904 па 1906 год у Менску адначасна існавалі ажно тры мастакоўскія школы — Кругера, Кацэнбогена і Яроменкі.

Менск пачатку XX стагодзьдзя — гэта цэлае сузор’е мастакоў: Фэрдынанд Рушчыц, Ігнат Яроменка, Эраст Сукоўскі, Зянон Ленскі, Мікалай Бонч-Асмалоўскі, Дзьмітры Полазаў, Янкель Кругер, Леў Альпяровіч, Яраслаў Тышынскі, Пальміра Мрачкоўская, Атон Краснапольскі, будучыя клясыкі эўрапейскага мастацтва Хаім Суцін, Міхаіл Кікоін, Уладыслаў Страмінскі. Тут запаліліся зоркі Хаіма Суціна і Міхаіла Кікоіна, а таксама дзясяткаў іншых клясыкаў беларускай і эўрапейскай культуры.

Перадусім у тым была заслуга іх настаўніка — Якава Кругера, які запачаткаваў тут прыватную мастацкую школу. Ягоны ўнёсак у нашае мастацтва сувымерны з роляй Юдэля Пэна ў Віцебску, са школы маляваньня якога пачалося фармаваньне слыннай Віцебскай школы. Сёньня нават цяжка пералічыць, хто пачынаў сваё творчае сталеньне пад крылом Кругера: Азгур і Ахрэмчык, Станюта і Руцай, Фімянтоўскі і Філіповіч — ледзь не палова выбітных майстроў нашага айчыннага мастацтва.

Якаў Кругер. Аўтапартрэт, 1899
Якаў Кругер. Аўтапартрэт, 1899

Школа Якава Кругера разьмясьцілася ў трох пакоях вялікага мураванага гмаху кандытара Венгржэцкага, на рагу вуліц Захар’еўскай і Петрапаўлаўскай (цяперашнія праспэкт Незалежнасьці і вуліца Энгельса).

З арэндаю паспрыяла слынная менская мастачка і мэцэнатка Пальміра Мрачкоўская, якая, як казалі, была адной з ацалелых пасажырак «Тытаніка». У сваім доме, прыкладна каля цяперашняга цэнтральнага ўваходу ў парк імя Горкага, мастачка дала прытулак шматлікім падабраным катам і сабакам. Адным зь вядомых яе палотнаў называюць менавіта «Канец «Тытаніка». Існуе легенда, што Мрачкоўская ўратавалася з «Тытаніка» разам з сабачкам.

Ракіцкі: Выглядае, што і ў Першую сусьветную вайну ў Менску было дзе «патусавацца» аматарам мастацтваў і дзе пабаляваць арыстакратам. Я ўжо не кажу пра тое, якія геапалітычныя сілы тут віравалі.

Але сто гадоў таму здарылася Лютаўская рэвалюцыя. Затым надоўга прыйшлі ў Беларусь бальшавікі. І пачаліся зусім іншыя песьні. Песьні, якія беларусы яшчэ зусім нядаўна сьпявалі хорам, якія даліся ім у знакі і якія яшчэ стаяць у іхных вушах. А моладзь сьпявае ўжо па-свойму.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG