Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ката Барсіка хацелі зрабіць прэзыдэнтам?


Летась у часе спэктакля пад назовам «Выбары прэзыдэнта», рэжысэрам якога выступаў Цэнтарвыбаркам, адзін зь незалежных журналістаў вырашыў унесьці ў яго драматургію абсурдысцкую калізію. Ён прынёс у ЦВК свайго ката Барсіка, які меўся балятавацца на прэзыдэнта і дзеля гэтага хацеў зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу. Ахова іх у будынак не пусьціла, патлумачыўшы, што жывёліна ня можа быць прэзыдэнтам. Тым ня меней гісторыя гэтая папоўніла вялікі шэраг легендаў пра катоў, на якія багатая беларуская міталёгія.

На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная

Кот у народных уяўленьнях беларусаў. Гутарка з этнакультуролягам, доктарам філялягічных навук Тацянай Валодзінай

Вячаслаў Ракіцкі: Тацяна, чаму менавіта ката, а не сабаку, карову ці каня, накшталт таго, як Калігула ў старажытным Рыме прывёў у сэнат, журналіст выбраў для невясёлага палітычнага жарту? Выпадковы выбар — ці ўсё ж кот нават на ўзроўні падсьвядомасьці беларусаў нечым вылучаецца зь іншых хатніх жывёлаў? Чаму галоўны паляўнічы на мышэй у сялянскай хаце завалодаў інтэрнэтам?

Тацяна Валодзіна
Тацяна Валодзіна

Тацяна Валодзіна: Сапраўды, кот як у вясковай, гэтак і ў гарадзкой прасторы займае абсалютна вылучнае месца. Давайце паглядзім на таго ката, які побач з намі, або ўзгадаем літаратурную котку, якая гуляе сама па сабе. Менавіта кот у сёньняшняй традыцыі адлюстроўвае тыя рысы, памкненьні, якія чалавек старанна ў сабе хавае або ня мае магчымасьці іх выявіць. Кот — гэта вобраз абсалютна свабоднай жывёліны. Яна нікому не падпарадкоўваецца, не трымаецца ніякіх правілаў, рэглямэнтацыяў і паводзіць сябе як хоча.

Ракіцкі: І таму катоў часам ня любяць?

Валодзіна: Таму і ня любяць, бо камандаваць ім вельмі цяжка. Амаль немагчымы выдрэсіраваць хатняга ката, у адрозьненьне ад сабачкі, якому сказаў сядзець — і ён будзе сядзець.

Ракіцкі: А ўвогуле беларусы ў далёкім мінулым якім бачылі ката? Якія рысы найперш вылучалі?

У этыялягічных легендах беларусаў кот створаны Творцам нават перш за чалавека, які і патрэбен быў, бо «ніхто яго ні паласкае, ніхто яго ні пакорміць».

Валодзіна: Калі гаварыць пра народную традыцыю, дык трэба мець на ўвазе ўласьцівае традыцыйнаму сьветагляду імкненьне да анімізацыі і антрапамарфізацыі, калі ўсё навакольле асэнсоўваецца як ня проста жывое, але ў чалавечых катэгорыях. Хатні гадаванец ня тое што асэнсоўваецца як абсалютны чалец сям’і, але паўнавартасны партнэр у стасунках. Адзін час інтэрнэт-прастору запоўніў мэм на гэтую тэму: «Беражы свайго ўнутранага ката», г.зн. унутраную сутнасьць, сапраўдную, жывую, непасрэдную, не задушаную нормамі і правіламі. Псыхолягі мяркуюць, што такая пазыцыя ката абапіраецца на тое, што чалавек пазнае ў ім сябе. Лепш сказаць, чалавек бачыць у ім тыя якасьці, якія старанна хавае ў сабе, але якія застаюцца надзвычай прывабнымі — пяшчоту, ляноту, незалежнасьць, свабоду, сваволю. Кот не падпарадкоўваецца ніякім умоўнасьцям, і яго проста любяць, ні за што, і яму ўсё даруюць. Хто б так не хацеў? Кот у кантакце з чалавекам падзяляе яго мэнтальную прастору. Кот застаецца для нас ідэалам у імкненьні да існаваньня ва ўласным рытме, а не ў падпарадкаваньні складанаму мэханізму сучаснага жыцьця. У этыялягічных легендах беларусаў кот створаны Творцам нават перш за чалавека, які і патрэбен быў, бо «ніхто яго ні паласкае, ніхто яго ні пакорміць».

Вячаслаў Ракіцкі і Тацяна Валодзіна
Вячаслаў Ракіцкі і Тацяна Валодзіна

Вось такая легенда існуе:

«А што Гасподзь Найвышшанькі сатварыў первае? Хадзіў раньшэ Бог па свеці, ні было людзей, зямелька святая ляжала. А яна любіць, каб яе капалі. Бог Найвышшы падумаў: да, німа ні людзей, нікого... Плохо-такі, земелька абіжаецца. І сатварыў коціка, перваго і пусціў яго. Ходзіць коцік, мармыча, адзінокі, як і я адзінока. Цяжэнько яму, ніхто яго ні паласкае, ніхто яго ні пакорміць. Бог Найвышшанькі, злітуйся над ім! <...> А патом Бог сатварыў Адаму і Еву, ну і тут ўжэ пашло другое жыце, людзі пашлі, сталі старыцца».

Таксама людзі верылі, што перш Бога душу чалавека сустрэне ніхто іншы, як «каціны бог».

«Нельзя забіваць катоў і сабак. Як ты памреш, преждзе чым папасьць к этым вратам, дзе стаяць Пётр і Павел, там цябе прапусьцяць кашачы і сабачы бог, і, гаворюць, у іх усё папісана, ці ты біў этых катоў. Вот я сваю выспяткам дала пару раз, эта ўжо на мяне запішацца грех. Преждзе чым цябе дапусьціць, прапусьціць бог сабаччы і кашаччы». (Запісалі Боганева А., Валодзіна Т. у вёсцы Кісялёва Буда Клімавіцкага раёну ад Саўчанкі Галіны і Камаровай Ніны).

Ракіцкі: Вам не падаецца, што ў сёньняшнім гарадзкім асяродзьдзі ачалавечваньне ката дайшло ўжо да абсурдных памераў?

Валодзіна: З вамі можна пагадзіцца. Кот у гарадзкой кватэры займае пазыцыю часам ці ня большую за гаспадара. Можна ўзгадаць анэкдот пра сабаку і ката. Прыходзіць гаспадар дадому, яго сустракае сабачка. Гаспадар пакарміў яго, палашчыў, вывеў на шпацыр. І сабачка думае: як жа мне добра жывецца, напэўна, мой гаспадар Бог. А гаспадар пайшоў да ката, малачком яго напаіў, на каленкі пусьціў. Кот муркоча, заплюшчыўшы вочкі, і думае: ах, як слаўна, напэўна, я — Бог.

Кот у межах вясковай сядзібы мае свае канкрэтныя абавязкі, якія ў горадзе трансфармуюцца. Можна казаць, што на ўсе сто адсоткаў адбываецца замяшчэньне функцыяў. Кот перастаў быць паляўнічым і здабытчыкам. Ягоная роля становіцца цалкам пасіўнай, гаспадар усе клопаты ўзяў на сябе. Гарадзкі кот — прадуцэнт утульнасьці, камфорту. Культурна-сацыяльная функцыя ката ў гарадзкой прасторы ў тым, што ягоная прысутнасьць дазваляе рэалізоўваць чалавечыя эмоцыі, якія не заўсёды магчыма сабе дазволіць у чалавечым грамадзтве.

Культурна-сацыяльная функцыя ката ў гарадзкой прасторы ў тым, што ягоная прысутнасьць дазваляе рэалізоўваць чалавечыя эмоцыі, якія не заўсёды магчыма сабе дазволіць у чалавечым грамадзтве.

Ну, а кот у інтэрнэце — ня проста мілая або прыкольная карцінка, але той жа код, спосаб паслаць інфармацыю. Выява ката набывае іканічны сэнс. Натуральна, гарадзкая мода на коцікаў ня вырасла на пустым месцы, ёй папярэднічала мяшчанская культура зь яе фаянсавымі катамі, пано, вышыўкамі. Можна казаць нават пра псэўдакульт ката ў сучасным горадзе (сайты, крамы, нават цырульні для экзатычных пародаў) і абсалютную практычнасьць ката ў вёсцы на тле яго выразнага міталягічнага статусу ў традыцыйнай карціне сьвету.

Ракіцкі: Але і на вёсцы ката, напэўна ж, сёньня іначай успрымаюць, чым у далёкім мінулым?

Валодзіна: Адбылося карэктаваньне ролі ката і ў вясковым асяродзьдзі. Цяпер сядзіба можа ня мець ні каровы, ні парсюка, але кот будзе! Менавіта гэтая істотка цяпер часта факусуе ў сабе былую разнастайную гаспадарчую жыўнасьць, і праз гэта невымерна падвышаецца яе ўласны статус і каштоўнасьць. Калі раней кот устойліва меў характарыстыку атрыбута старой дзевы, то ў вясковым асяродзьдзі кот — ці не адзіны сапраўдны спадарожнік пакінутых дажываць бабуль.

Тацяна Валодзіна (справа) у экспэдыцыі запісвае паданьні пра ката
Тацяна Валодзіна (справа) у экспэдыцыі запісвае паданьні пра ката

Ракіцкі: А як тады быць з чорным катом, якога ўсе мы баімся?

Валодзіна: Менавіта кот, які гуляе сам па сабе, і выступае ўвасабленьнем духаў самых розных відаў і ўзроўняў. І часам ня толькі спрыяльнага для чалавека дамавіка, але і самога чорта. Чорны кот, якога мы стараемся пазьбягаць, у традыцыі ўспрымаўся як увасабленьне нячыстага духа.

Ракіцкі: Насамрэч ад яго здараюцца непрыемнасьці?

Валодзіна: Ну, гэта залежыць ад таго, на што мы настроімся.

Ракіцкі: Забабонам пра ката ня трэба верыць сучаснаму чалавеку?

Валодзіна: Я не люблю само слова «забабон» у дачыненьні да народнай традыцыі. Бо гэта своеасаблівая наша гарадзкая, адукаваная этыкетка на народнае павер’е. Вось, прыкладам, мы кажам, што кот кладзецца якраз на хворае месца чалавека. Але ня кажам, што гэта забабон. Таму ўсе вераваньні, легенды, паданьні з катом — гэта цаглінкі агульнай карціны сьвету, дзе ўсё мае сваё месца: кот, сабака, камень, рака, лес, чалавек. І ўсе яны — элемэнты амаль што раўнапраўныя.

Ракіцкі: Дык кот у беларускай міталёгіі перадусім увасабляе пачатак злы ці добры?

Валодзіна: Навукоўцы б назвалі гэта адным словам — амбівалентны, ці па-простаму — дваісты. У залежнасьці ад сытуацыі. З аднаго боку, кот — увасабленьне чалавека, яго ўнутранага сьвету. З другога боку, — і іншага сьвету з усімі яго канатацыямі і адценьнямі. Усё залежыць ад лініі паводзінаў самога чалавека.

Ракіцкі: Чаму псыхолягі раяць дзеля душэўнай раўнавагі дзіцяці мець ката? Дарэчы, драпежніка, які можа і ўкусіць... Ці было такое ў традыцыі?

З майго гледзішча, менавіта з жывёламі чалавек вучыцца быць чалавекам. У традыцыйнай культуры беларусаў гэта тая сфэра, дзе чалавек і кот ня проста датыкаюцца, а практычна зьліваюцца.

Валодзіна: Мы ўжо казалі пра тое, што кот — істота, якая сама па сабе гуляе, не паддаецца ніякім правілам. З самых першых дзён жыцьця дзіця, кантактуючы з катом, вучыцца кантактаваньню з раўнапраўным партнэрам. Можа, гэта прагучыць занадта гучна, але, з майго гледзішча, менавіта з жывёламі чалавек вучыцца быць чалавекам. У традыцыйнай культуры беларусаў гэта тая сфэра, дзе чалавек і кот ня проста датыкаюцца, а практычна зьліваюцца. Уяўленьні і звычаі сфэры народнай пэдыятрыі паказваюць на злучанасьць немаўляці (яшчэ да ягонага нараджэньня) і ката ў адзінае цэлае: назіраецца сэмантычная карэляцыя выяваў маленькага дзіцяці і ката на падставе іх падкрэсьлена межавага становішча паміж дзікім — асвоеным (адарванасьць ад прыроды, адсутнасьць гаворкі, а толькі «мяўканьне», няўменьне рэгуляваць фізіялягічныя патрэбы і г.д.). Дзіця, як і кот, мітапаэтычнай сьвядомасьцю само зьмяшчаецца ў фокус сустрэчы сьветаў. Дарэчы ўзгадаць спэцыфічную дзіцячую хваробу, калі дзіця нават у вонкавым абліччы набывае жывёльныя адзнакі. Гэта так званая шарсьцінка, у час якой на сьпінцы дзіцяці зьяўляюцца хваробатворныя валаскі, поўстка, а прычынаю — празьмерны кантакт яго цяжарнай маткі з катамі. Улучанасьць ката ў падобныя кантэксты вытлумачальная і па-за міталягічнымі мадэлямі, бо ката трымалі ў кожнай сялянскай хаце, гэта была першая жывёла, зь якой знаёмілася дзіця. Менавіта кот — найбольш часты і любімы пэрсанаж калыханак, забаўлянак і дзіцячага фальклёру ў цэлым. Нават само паняцьце калыханкі ў беларусаў перадавалася праз вобраз ката — сьпяваць ката.

Ракіцкі: Дык кот патрэбны перадусім дзіцяці? А старым?

Валодзіна: Менавіта як «каціны век» падаюцца ў легендах сюжэту «Як Бог гады дзяліў» апошнія дзесяць-дваццаць гадоў жыцьця старога.

«Вот жывець чалавек, і вы, дапусцім, свае гады — расцвет, ні заботы, нічаго. А тады жаніўся ці замуж — конскі век жывець, упрогся і цягнець воз. Калі ж дзеці падраслі, нада ім хаты будаваць, жывець кароўі век, начынаюць яго даіць. Сабаччы век, эта ўжо на семдзесят гадоў ён стаў жыць, ужо дзеці забіраюць дабро іхняя старажыць к сабе. А калі 90 ды 100 — эта ўжо каціны век. Вот мы і жалеем ката, і носім. А хто пажалеіць, а хто і каршня дась. Так і старому» (Запісалі Боганева А. і Валодзіна Т. у вёсцы Сталюгі Лепельскага раёну ад Кузьміч Соф’і, 1934 г.н.).

Ракіцкі: Навошта сучаснаму чалавеку веды пра свойскіх жывёлаў, у дадзеным выпадку — пра ката? Толькі каб выкарыстаць у літаратурным творы ці на падставе гэтых ведаў зладзіць пэрформанс? Або ўсё ж яны дададуць нам ведаў і пра сябе, беларусам — пра сваю нацыю?

Валодзіна: Несумненна, дададуць. Бо ўсе тыя легенды, звычаі, якія паказваюць на стаўленьне да ката, яго разуменьне, адбіваюць пэўныя рысы беларусаў як народу. І частка легендаў пра ката не перасякаецца з суседзямі. Прыкладам, пра стварэньне чалавека пасьля ката, альбо пра тое, што менавіта кот уратаваў зерне падчас сусьветнага патопу. І гэта ёсьць сьведчаньнем таго, што колішні беларус умеў жыць у суладзьдзі з прыродай і з самім сабою.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG