Праваабаронцы кажуць пра тысячу затрыманых падчас акцыяў 25–26 сакавіка толькі ў Менску. Апрача таго, яшчэ хапалі і дастаўлялі ў аддзяленьні міліцыі людзей у іншых гарадах Беларусі.
Чаму не публікуе апэратыўных зводак Міністэрства ўнутраных спраў, чые супрацоўнікі якраз і займаліся затрыманьнямі актывістаў, журналістаў, выпадковых мінакоў?
Свабода задала такое пытаньне намесьніку начальніка ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Беларусі Георгію Яўчару:
Карэспандэнт: «Колькі пратаколаў было складзена 25–26 сакавіка, колькі грамадзян было вызвалена?»
Яўчар: «Перадусім вам трэба тэлефанаваць у суды, усе справы перададзеныя на разгляд туды».
Карэспандэнт: «Гэта так, але ня ўсіх затрыманых давялі да суду, шмат каго празь некалькі гадзін выпускалі. Ці адпавядаюць рэальнасьці зьвесткі пра тысячу затрыманых, альбо лічбы перабольшаныя?».
Яўчар: «Шукайце адпаведную інфармацыю на сайце міністэрства альбо на сайце ГУУС Менгарвыканкаму».
Карэспандэнт: «Але там пра Дзень Волі і затрыманьні ніводнага слова».
Яўчар: «Магчыма, яшчэ зьявіцца, не цяпер, дык пазьней...»
На сайце менскай міліцыі ў рубрыцы «Інфармацыя аб апэратыўнай сытуацыі за 24–26 сакавіка» паведамляецца пра тры дзясяткі надзвычайных здарэньняў. 25–26 сакавіка зафіксавана 20 і 8 злачынстваў адпаведна па лініі крымінальнага вышуку, злоўлена агулам 20 пʼяных кіроўцаў. Падзеі, зьвязаныя з Днём Волі, у зводкі ня трапілі.
Ніяк не абазначаныя масавыя затрыманьні і на сайце Міністэрства ўнутраных спраў. На выходных старонка не абнаўлялася, сёньня анансуецца прамая лінія з кіраўніцтвам аднаго з падразьдзяленьняў, а таксама справаздача з курсаў, як уратаваць дзяцей ад гвалту.