На раніцу пасьля восьмага сакавіка ў сярэднестатыстычнай «сямейнай» беларускай жанчыны застаюцца тры рэчы: надзея, што родныя яшчэ памятаюць пра ўчорашнія абяцаньні цаніць яе, берагчы і ва ўсім дапамагаць, гара нямытага посуду і неабходнасьць устаць чым раней, каб вымыць гэты посуд і прыгатаваць усім сьнеданьне. Бо надзея ня спраўдзілася.
Цуду не адбылося, і дзявятага сакавіка «самая мілая, прыгожая і натхняльная» жанчына зноўку становіцца шматфункцыянальным робатам, які мые, гатуе, закідвае рэчы ў пральную машыну, дастае рэчы з пральнай машыны, выпрасоўвае горы вопраткі і бялізны і прыбіраецца ў хаце. Цана за 1 шт. — 0 руб. 0 кап.
У адказ на любыя прэтэнзіі і абурэньні яна наступныя 364 дні зноўку можа пачуць «маўчы жанчына, твой дзень — 8 сакавіка», але ўчора ёй таксама ніхто асабліва не даваў выказвацца. Казалі іншыя, а яна, паводле правілаў гульні, мусіла ўважліва слухаць, пасьміхацца і дзякаваць за пажаданьні незалежна ад таго, наколькі абсурднымі ці прыніжальнымі яны былі. Магчыма, яна нават верыла, што «заставайся такой жа мілай і клапатлівай» — гэта добрае пажаданьне, а не замова на эмацыйнае абслугоўваньне, але тады ёй яшчэ больш балюча сёньня.
Магчыма, яна ніколі асабліва не задумвалася пра сапраўдны сэнс гэтага сьвята, і яно ў ейнай сьвядомасьці наўпрост зьвязана з 23 лютага: тады быў мужчынскі дзень, а цяпер — жаночы. Толькі гатавала чамусьці ў абодвух выпадках яна. І мыла посуд, займалася агульнай арганізацыяй сьвяткаваньняў. І таму сёньня, 9 сакавіка, нават калі гэтая жанчына вельмі далёкая ў сваіх палітычных поглядах ад фэмінізму, ёй так брыдка. Пройдзе некалькі дзён, і яна зноўку будзе лічыць, што стаўленьне да яе як да шматфункцыянальнага робата — гэта нармальны стан рэчаў, які, верагодна, прыродна абумоўлены альбо задуманы Богам, але сёньня, менавіта сёньня, ёй вельмі балюча. Яна засынала каралевай, а прачнулася папялушкай.
А навакольныя не разумеюць, што зь ёй ня так і чым яна не задаволеная. Яны ж насамрэч менавіта гэтага ёй і жадалі. «Быць клапатлівай» значыла не «праяўляць пачуцьцяў і клопату, калі ёсьць такое жаданьне», а «рабіць усё для навакольных штодня і незалежна ад уласных патрэбаў і магчымасьцяў». А калі яны казалі «будзь мілай», то мелі на ўвазе «усьміхайся нам і радуй нас заўжды і паўсюль, незалежна ад твайго фізычнага і эмацыйнага стану». Абсалютная большасьць учорашніх пажаданьняў былі запытамі або загадамі на абслугоўваньне побытавае і эмацыйнае.
А калі жанчына ўчора казала пра сапраўдны сэнс сьвята і пра важнасьць жаночых дасягненьняў і салідарнасьць, збольшага на яе глядзелі як на вар’ятку, і ў лепшым выпадку паблажліва казалі пра тое, што проста мужык нармальны мусіць быць побач. У горшым выпадку тыя, хто чуў словы пра жаночую моц і роўныя правы, рэзка рабіліся агрэсіўнымі і зьвярталіся ўжо не да «прадстаўніцы найлепшай паловы чалавецтва», а да «гэтай ненармальнай, якой правоў не хапае».
У фільме «Блаславіце жанчыну» галоўная гераіня выслухоўвае маналёг мужа пра тое, што ў яго ёсьць права на штодзённы абед (і яго не хвалюе, з чаго яна яго прыгатуе), і што па ягоным вяртаньні з працы яна мусіць быць умытая, сьвежая і вясёлая. І калі яна вельмі шчыра і наіўна запытваецца, якія ж правы ёсьць у яе, атрымлівае кароткі і вельмі ёмісты адказ «быць любімай». Беларускія мужчыны звычайна такія фільмы ня любяць, бо там зашмат «бабскасьці», але ж на ідэалы, паказаныя ў гэтых кінастужках, вельмі любяць спасылацца.
І калі восьмага сакавіка эгацэнтрызм і вывучаная бездапаможнасьць добра маскуюцца кветкамі, падарункамі, цукеркамі і віном, то сёньня яны робяцца абсалютна відавочнымі, бо ўчорашнія «абаронцы» і «моцныя плечы» зноўку ня могуць самі сабе падсмажыць яечню і знайсьці пару аднолькавых чыстых шкарпэтак. Затое ўчора яны дарылі нам кветкі.
Год за годам нічога не зьмяняецца: мы хочам роўных правоў і магчымасьцяў, а атрымліваем цюльпаны.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.