Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 галоўных падзеяў за 7 дзён абароны Курапатаў


Пасьля тыдня актыўных пратэстаў на будоўлі пад мэмарыяльным комплексам «Курапаты» будаўнічыя работы прыпыненыя. Але тыдзень пратэстаў не абышоўся без крыві. Свабода прыгадвае ключавыя падзеі мінулага тыдня.

Пляцоўка пад будаўніцтва была прададзеная на аўкцыёне ў 2013 годзе, калі яна знаходзілася ў ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Толькі ў канцы 2014 году пляцоўку вывелі з ахоўнай зоны. Будоўля распачалася 16 лютага 2017 году. За паўтара месяца да пачатку будаўніцтва мясцовыя жыхары сабралі подпісы ў адміністрацыю Лукашэнкі, але не атрымалі адтуль адказу ў вызначаны законам тэрмін. Жыхары выклікалі міліцыю на будаўнічую пляцоўку, але гэта не спыніла будаўніцтва.

Экспэрты выступілі супраць будаўніцтва, актывісты заплянавалі пратэст. Цягам тыдня ішлі кароткачасовыя дажджы і мокры сьнег, тэмпэратура трымалася каля нуля ўдзень, апускалася да мінус 5 градусаў уночы.

20 лютага: першы намёт і першая бойка

Будаўнікі ў Курапатах пабіліся з «Маладым Фронтам»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:07 0:00

Зранку 20 лютага некалькі актывістаў «Маладога Фронту» на чале са Зьмітром Дашкевічам паставілі намёт. Спачатку будаўнікі паводзілі сябе разгублена, але пазьней да іх пад’ехалі дадаткова 10-15 чалавек, якія пачалі сябе паводзіць агрэсіўна. Будаўнікі пабіліся з «Маладым Фронтам», сарвалі намёт, пачалі агароджваць будоўлю. Актывісты засталіся на месцы падзеяў, іх падтрымалі лідэры БНФ і БХД, а таксама мясцовыя жыхары.

21 лютага: другая бойка, актывістаў выштурхнулі з пляцоўкі

Будаўнікі і абаронцы пабіліся: намёт зламаны, абаронцаў выштурхалі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:38 0:00

Менш за дзясятак актывістаў засталіся на варце ўначы. Удзень на тэрыторыю будаўнічай пляцоўкі, ужо агароджаную, паспрабаваў прайсьці лідэр БХД Павал Севярынец. Будаўнікі адрэагавалі агрэсіўна, пачалася наступная бойка, у выніку якой будаўнікі выштурхнулі актывістаў за межы пляцоўкі. Актывісты засталіся за агароджай, там паставілі новы намёт.

21-22 лютага: розгалас, заявы, абвяржэньні, перамовы

Сінім колерам пазначаная тэрыторыя, на якой вядзецца будаўніцтва. На схеме гісторыка-культурнай каштоўнасьці ў Курапатах 2004 году яна была зонай аховы каштоўнасьці, а на схеме-2014 там ніякай зоны няма
Сінім колерам пазначаная тэрыторыя, на якой вядзецца будаўніцтва. На схеме гісторыка-культурнай каштоўнасьці ў Курапатах 2004 году яна была зонай аховы каштоўнасьці, а на схеме-2014 там ніякай зоны няма

Ад 21 лютага пратэст атрымаў шырокі розгалас, у тым ліку трапіў у дзяржаўную прэсу. Пра законнасьць будаўніцтва на старонках агенцтва «Минск-новости» выказваюцца гарадзкія чыноўнікі і забудоўнік. Але беларусы знайшлі неадпаведнасьці ў іх заявах і дзеяньнях. Становіцца шырока вядома, што пляцоўка была прададзеная тады, калі яшчэ ўваходзіла ў ахоўную зону, дзе забаронена будаўніцтва; што будоўля пачалася з парушэньнем шэрагу працэдураў. 22 лютага абаронцы Курапатаў пайшлі на перамовы ў Менгарвыканкам, гарадзкія ўлады дапускаюць прыпыненьне будаўніцтва. Дырэктар кампаніі-забудоўніка заявіў Свабодзе аб «правакацыях фашыстоўскіх элемэнтаў» і «напады зь сякерамі на будаўнікоў». Будаўніцтва не спыняюць, да «маладафронтаўцаў» далучаюцца іншыя актывісты, у ліку якіх сябры АГП, БНФ, БХД і руху «За свабоду», а таксама «рэкардсмэн па сутках» Павал Вінаградаў і блогер Эдуард Пальчыс.

Ноч на 23 лютага: напад невядомых

Зьбіты ў ноч на 23 лютага актывіст Алесь Кіркевіч
Зьбіты ў ноч на 23 лютага актывіст Алесь Кіркевіч

Прыкладна а 3 гадзіне ночы на 23 лютага на лягер абаронцаў Курапатаў напалі невядомыя ў масках з драўлянымі палкамі, якія крычалі «Слава Расеі!» і «Белая раса!». Нападнікі білі абаронцаў з хвіліну, затым уцяклі. Быў паранены валянтэр Алесь Кіркевіч — яго ўдарылі драўлянай бітай па скроні. Абаронцы Курапатаў зьвярнуліся ў міліцыю наконт начнога нападу на іх — міліцыя неахвотна прыняла заявы, а заадно склала пратаколы на саміх актывістаў (на момант публікацыі нападнікі ня знойдзеныя).

23 лютага: масавы сход жыхароў і актывістаў

Увечары 23 лютага жыхары і актывісты правялі масавы сход каля будоўлі, на якім пачалі чарговы збор подпісаў з заявамі ў Менгарвыканкам, Міністэрства культуры і Генпракуратуру аб незаконнасьці будаўніцтва. Яшчэ да сходу Таварыства аховы помнікаў накіравала падобныя заявы ў КДБ і Галоўбудэкспэртызу.

Тым часам інвэстар Ігар Анішчанка, якога ў інтэрнэце западозрылі ў махінацыях дзеля будаўніцтва, заявіў Свабодзе, што заявы пра яго — хлусьня, што «канфліктная сытуацыя ствараецца на пустым месцы» і што «калі б хоць нейкі сумнеў быў, што там могуць быць парэшткі, то гэта адразу ж было б спынена», але сумневаў у яго няма.

24 лютага: чарговая бойка, Пальчэўскі прыкаваў сябе да «МАЗа», Дашкевіч залез на трактар

Будаўніцтва не спынілася — абаронцы Курапатаў сталі блякаваць будаўнічую тэхніку сабой. Сяргей Пальчэўскі прыкуў сябе да грузавіка, некалькі гадзін ляжаў пад машынай проста на зямлі, пакуль яго не адчапілі супрацоўнікі МНС. Зьміцер Дашкевіч узьлез на дах трактара, будаўнікі яго сілай скінулі. Завязалася чарговая бойка, у якой зачапілі ў тым ліку лідэра АГП Анатоля Лябедзьку. Увечары таго дня дзяржаўныя СМІ сталі ў абарону Курапатаў. У прыватнасьці, галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Павал Якубовіч заявіў, што Курапаты павінны стаць «месцам народнага смутку».

25-26 лютага: крыжы, куцьця, экскурсіі і кіно

Выходныя ў Курапатах прайшлі без сутычак. Лягер абаронцаў Курапатаў стаў людным. У суботу актывісты, да якіх далучыўся кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Уладзімер Някляеў, паставілі пад будоўляй крыжы і вайсковы намёт, згатавалі куцьцю, у нядзелю зладзілі экскурсію па Курапатах, у актывістаў зьявілася гукаўзмацняльная апаратура і кінапраектар — для іх сьпяваў Пётра Клюеў, дэманстраваўся дакумэнтальны фільм «Дарога праз Курапаты».

Нягледзячы на адсутнасьць будаўнічых работ і сутычак на выходных і ў панядзелак, будоўля толькі прыпыненая, але ня спыненая канчаткова. Будаўнічыя работы могуць пачацца зранку ў аўторак — актывісты не зьбіраюцца разыходзіцца, абвяшчаюць мабілізацыю на 8 раніцы 28 лютага, пачынаюць збор грошай на лягер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG