ЛДП заяўляе, што ўлады «праспалі народны пратэст», і заклікае праваахоўныя органы расьсьледаваць, як быў атрыманы дазвол на будаўніцтва ля Курапатаў.
«Беларусь пацярпела ад рэпрэсіяў больш, чым многія іншыя рэспублікі. То давайце жыць і ставіцца да сумных старонак нашай гісторыі па-чалавечы!» — адзначаецца ў заяве.
Старшыня ЛДП Сяргей Гайдукевіч падкрэсьліў у інтэрвію Свабодзе, што заява была зацьверджаная усім кіраўніцтвам партыі.
«Нас вельмі турбуе гэтае пытаньне. Курапаты — гэта сьвятое месца незалежна ад палітычных поглядаў. Мы будзем усімі спосабамі дамагацца спыненьня будоўлі — гутарыць, сустракацца з тымі, ад каго залежыць гэтае рашэньне, каб нас пачулі. Мы будзем змагацца. Але думаю, што праблема вырашыцца бязь нейкай мітынгоўшчыны. Я перакананы, што людзі ва ўладзе ня могуць не прыслухацца», — заявіў ён.
Гайдукевіч ня выключыў удзелу партыі ў пратэстах, але разьлічвае, што заклікі спыніць будаўніцтва пачуюць і так. «Калі нас ніхто не пачуе, будзе паседжаньне найвышэйшай рады ЛДП і будзе прымацца нейкае рашэньне», — дадаў ён.