Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі тут не адступяць і мы зь імі», — працаўнікі БелАЗу прыехалі ў Курапаты падтрымаць актывістаў


Жодзінцы Аляксей з сынам Данілам і Канстанцін з жонкай Інай адмыслова прыехалі ў Менск, каб далучыцца да абаронцаў Курапатаў.

Жодзінцы прывезьлі актывістам прадукты, а таксама дровы, каб тыя маглі паліць «буржуйку».

«Нельга з гэтым пагаджацца, што не шануюць памяць продкаў, не берагуць традыцыяў, думаюць толькі пра тое, як бы зарабіць. Гэта сьвятое для беларусаў месца, больш ня трэба тут нічога будаваць, усё гэта месца мусіць быць помнікам», — тлумачыць Аляксей, чаму вырашыў падтрымаць абаронцаў Курапатаў.

Ягоны сябра Канстанцін дадаў: «Гэта не па-хрысьціянску — будаваць нешта на костках людзей. Мы ведаем, што ў 90-ых тут была вызначаная ахоўная зона, але потым чамусьці яе перанесьці далей. Тады, магчыма, гэта гарадзкія ўлады вінаватыя, што цяпер узьнікла такое супрацьстаяньне з будаўнікамі. Вось хай выпраўляюць сваю памылку. Бачым, што людзі тут не адступяць, і мы зь імі».

Раніца ў лягеры абаронцаў Курапатаў. Фотагалерэя:

Канстанцін з Інай працуюць на БелАЗе. Пра канфлікт вакол будоўлі ў Курапатах даведаліся з інтэрнэту, пасьля рэпартажаў недзяржаўных мэдыяў. Адзначаюць, што дзяржаўныя мэдыі, у прыватнасьці БТ, пра новую абарону Курапатаў нічога не паведамляюць. «Інакш бы гаварылі на працы», — заўважае Іна.

Паводле яе, настоі працаўнікоў на БелАЗе такія: «Людзі трымаюцца, бо яшчэ грошы плоцяць, але незадаволеных шмат, бо заробкі абваліліся, добрых пэрспэктываў няма».

«У горадзе яшчэ горш. Асабліва цяжка пэнсіянэрам, самотным людзям. Выйдзеш у горад — і ўсьмешкі на тварах людзей не пабачыш», — дадае Канстанцін.

Жодзінцы пажадалі абаронцам Курапатаў не здавацца і ня верыць абяцаньням уладаў, пакуль будоўлю зусім не закрыюць.

Актывіст Леанід Кулакоў у Курапатах
Актывіст Леанід Кулакоў у Курапатах

Цяпер людзі працягваюць несьці абаронцам Курапатаў прадукты, ваду і дровы. Актывісты кажуць, што харчоў у лягеры ўжо на месяц вахты і просяць пакуль больш ня несьці прадукты.

Прадукты, якія людзі прынесьлі пратэстоўцам
Прадукты, якія людзі прынесьлі пратэстоўцам

Заўтра а 8-й вечара ў лягеры будзе паказаны фільм «Дарога праз Курапаты». Арганізатары плянуюць расьцягнуць прасьціну на плоце будоўлі, каб выкарыстаць яе ў якасьці экрану, і прывезьці генэратар для забесьпячэньня электрычнасьцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG