Пра гэта заявіў намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў, сябра аргкамітэту па падрыхтоўцы «Маршу недармаедаў», які адбыўся ў Гомелі 19 лютага.
«Будзем сачыць за рэакцыяй уладаў, — кажа палітык. — Празь нядзельны марш гамельчукі сказалі сваё слова: „Мы не рабы!“ Вядома, нейкі час пачакаем. Спадзяёмся на пазытыўныя зьмены. Дэкрэт трэба адмяняць альбо хоць бы спускаць на тармазах. У гэты час працягнем зьбіраць подпісы за адмену дэкрэту. Накіруем іх у Адміністрацыю прэзыдэнта і Савет міністраў. Копіі перададзім дэпутату парлямэнту ад АГП Ганьне Канапацкай, каб падмацаваць яе довады ў парлямэнце на скасаваньне дэкрэту № 3».
Васіль Палякоў сказаў, што апошнім часам дзеяньні ўладаў былі скіраваныя ня столькі на паляпшэньне сытуацыі ў эканоміцы, колькі на ўразаньне сацыяльных праграмаў. Дэкрэт № 3 стаў апошняй кропляй.
Улады самі штурхаюць людзей на вуліцы, і беларусы паказалі, што гатовыя бараніць свае правы.
«Найпершы „арганізатар“ акцыяў пратэсту — улада»
Яшчэ адзін сябар аргкамітэту гомельскага «Маршу недармаедаў», грамадзкі актывіст і палітык Уладзімер Кацора заявіў, што пасьля нядзельнай акцыі найпершая задача гараджанаў — падтрымаць 21 лютага ў судзе Аляксандра Сямёнава.
Сямёнаў накіраваў пазоў супраць падатковай інспэкцыі Цэнтральнага раёну, якая патрабуе ад яго сплаціць «дармаедзкі» збор. У Сямёнава дзьве вышэйшыя адукацыі, але, паколькі яму больш за пяцьдзясят, на працу яго браць не жадаюць.
«Пагаджаюся з думкаю, — кажа Кацора, — што наступную масавую акцыю пратэсту трэба рыхтаваць менавіта ў Дзень Волі, калі ўлады не парупяцца адмяніць дзеяньне дэкрэту „Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства“. Як паказаў нядзельны досьвед, у інфармаваньні гараджанаў пра маючыя адбыцца акцыі пратэсту добра памагаюць праз сацыяльную сетку блогеры. У нашым канкрэтным выпадку гэта былі найперш Максім Філіповіч ды Дзьмітры Сабураў. Варта падключаць блогераў да ўдзелу ў падрыхтоўцы маршаў і мітынгаў».
Паводле палітыка, найлепшым «арганізатарам» акцыяў пратэсту стала сама ўлада, якія давяла эканамічную сытуацыю ў краіне да сыстэмнага крызісу».
«Мясцовыя органы ўлады, убудаваныя ў жорсткую „вэртыкаль“, адэкватна не змаглі рэагаваць на сытуацыю. Яны безыніцыятыўныя, баязьлівыя. У выніку „лісты шчасьця“ атрымлівалі нават грамадзяне, якія даўно паўміралі, што выклікала заканамернае абурэньне ў родных і сваякоў», — сказаў Уладзімер Кацора.
***
У Гомелі 19 лютага адбыўся «Марш недармаедаў» супраць дэкрэту № 3, у якім бралі ўдзел каля дзьвюх тысяч чалавек.
Гэта быў самы масавы пратэст з пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя.