«Я даведаўся, што перамовы ў Маскве зь Сямашкам у пэрспэктыве для нашай краіны вельмі станоўчыя. Лукашэнка сказаў, што мы будзем мець штогод 3 млрд даляраў. Мяне ўразіла гэтая лічба», — цытуе Ёсіфа Сярэдзіча Эўрарадыё. Але Саўмін не камэнтуе, як прайшлі перамовы.
10 лютага беларуская дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Сямашкам вылецела на перамовы ў Маскву.
Прэсавы сакратар прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзіслаў Сычэвіч сказаў Радыё Свабода, што вынікі перамоваў пакуль не камэнтуе:
— Намесьнік прэм’ер-міністра Ўладзімер Сямашка вярнуўся з Масквы, дзе ён праводзіў перамовы пра газ. Ён цяпер знаходзіцца на працоўным месцы. Але пакуль мы не даём камэнтароў наконт ходу перамоваў.
— Але можна казаць пра станоўчы вынік, калі Аляксандар Лукашэнка менавіта так ахарактарызаваў перамовы пра газ у размове зь Ёсіфам Сярэдзічам?
— Мы ўвогуле ніякіх ацэнак не даём. А словы кіраўніка дзяржавы я ня маю права камэнтаваць. Патэлефануйце заўтра.
Перамовы аб пастаўках расейскага газу ў Беларусь цягнуцца ўжо амаль год. З прычыны разыходжаньняў у падыходах да вызначэньня цаны расейскага газу паміж Расеяй і Беларусьсю ўзьнік канфлікт неплацяжоў. Беларусь не пагаджаецца плаціць «Газпрому» па 132,77 даляра за тысячу кубамэтраў і настойвае на цане 80 даляраў за тысячу кубамэтраў. Усяго за 2016 год неплацяжы могуць дасягнуць 500 мільёнаў даляраў.
Расея ў адказ пастаўляе ў Беларусь нафту па скарочаным графіку. Згодна з гэтым графікам за першы квартал у краіну маюць прапампаваць 4 мільёны тон замест 5,5 мільёна тон, як два гады таму.
11 лютага па выніках перамоваў віцэ-прэм’ераў Расеі і Беларусі Аркадзя Дварковіча і Ўладзімера Сямашкі кіраўнік Мінэнэрга Расеі Аляксандар Новак сказаў журналістам:
«Перамовы працягваюцца, працэс яшчэ ідзе. Разглядаюцца розныя разьлікі, лічбы, варыянты. У цэлым разглядаецца сыстэма ўзаемаадносінаў на доўгатэрміновую пэрспэктыву. Пры безумоўным разуменьні таго, што даўгі за мінулы год павінны быць пагашаныя», — цытуе Новака РИА «Новости».