Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму «нафтагазавая вайна» набывае зацяты характар?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Гледзячы па ўсім, чарговая беларуска-расейская «нафтагазавая вайна» перайшла ў вострую стадыю. Найбольш яскравымі прыкметамі гэтага стаў байкот А. Лукашэнкам самітаў ЭАЭС і АДКБ у Санкт-Пецярбургу, ягоная адмова падпісваць Мытны кодэкс саюзу, пераход кіраўніка Беларусі да звыклай канфрантацыйнай рыторыкі: «Мы нікому не дазволім зьневажаць наш народ і дзяржаву. Калі хтосьці гэтага не разумее, тады нам няпроста будзе зь імі ня тое што строіць стасункі, але і размаўляць». Ну і адразу з Масквы прайшоў жорсткі адказ: Расея яшчэ больш скараціла пастаўкі сваёй нафты Беларусі ў першым квартале.

Як і прынята на вайне, зьявіліся ваеннапалонныя (тры арыштаваныя блогеры сайта «Регнум»). Праўда, Расея іх не прызнала. Паводле савецкай традыцыі сталінскіх часоў Масква вуснамі афіцыйных асобаў заявіла: у нас няма палонных, ёсьць экстрэмісты.

За часы А. Лукашэнкі Беларусь і Расея перажылі некалькі вострых міждзяржаўных канфліктаў. У 1997 годзе крызыс у двухбаковых дачыненьнях здарыўся з нагоды арышту беларускімі ўладамі карэспандэнта ОРТ Паўла Шарамета. У 2002 і 2004 гг. адбыліся канфлікты праз газавыя цэны, у апошнім выпадку Расея адключыла пастаўкі газу, што Лукашэнка ацаніў як «акт тэрарызму на высокім узроўні». На мяжы 2006-2007 гадоў разгарнулася вострая «нафтагазавая вайна» з перакрыцьцём трубаправодаў і чарговымі скандальнымі заявамі. У 2009 г. дзьве краіны перажылі «малочную вайну», тады Лукашэнка таксама байкатаваў саміт АДКБ у Маскве, нейкі час адмаўляўся падпісваць дамову аб стварэньні Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня. Крызысу ў двухбаковых дачыненьнях 2010 году спадарожнічала інфармацыйная вайна, паказ на НТВ тэлесэрыялу «Хросны бацька».

Чым цяперашні канфлікт адрозьніваецца ад папярэдніх? Найперш іншым гістарычным кантэкстам.

Па-першае, Расея рэзка ўзмацніла сілавы кампанэнт у сваёй замежнай палітыцы, што спарадзіла ўкраінскі крызыс, «халодную вайну» з Захадам.

Па-другое, Беларусь у гэтых канфліктах РФ са сьветам заняла пазыцыю нэўтралітэту.

Па-трэцяе, падзеньне сусьветных цэнаў на нафту пацягнула за сабой эканамічны крызыс у ЭАЭС, зьмяншэньне расейскага энэргетычнага гранту Беларусі.

Па-чацьвёртае, усё гэта супала з вострым крызысам беларускай сацыяльнай мадэлі.

Па-пятае, выбух шавіністычнай хвалі ў Расеі, на тле якой нэўтралітэт найбліжэйшага саюзьніка, ягонае пэўнае дыстанцыяваньне ад Масквы разглядаецца ў палітызаванай частцы расейскага грамадзтва як «бандэраўшчына».

Як гэта ўсё ўплывае на цяперашні беларуска-расейскі канфлікт?

Дзьве найбольш важныя высновы. Расейскія эканамічныя субсыдыі Беларусі сталі меншыя, а патрэбы Беларусі ў дапамозе ў сувязі з крызісам апынуліся большымі. Гэтыя супрацьлеглыя трэнды прыйшлі ў вострую супярэчнасьць. Што і вылілася ў жорсткую спрэчку пра цэны на газ.

Другі момант. Большая незалежнасьць Беларусі ад Расеі ў замежнай палітыцы (нармалізацыя стасункаў афіцыйнага Менску з Захадам, нэўтралітэт у канфліктах паміж РФ з ЗША і ЭЗ) адбываецца на фоне павялічэньня эканамічнай залежнасьці Беларусі ад усходняга суседа. Нагадаю, доля Расеі ў таварным экспарце Беларусі вырасла летась да 46%, хоць у 2015 годзе гэтая лічба складала 39%. Зноў два супрацьлеглыя трэнды. Лягічна, што ў Крамлі палічылі, што моцна залежны саюзьнік павінен дэманстраваць ляяльнасьць. Бо некіраваны сатэліт — гэта нонсэнс.

І на нейкім этапе гэтыя аб’ектыўныя рознавэктарныя тэндэнцыі павінны былі выклікаць канфрантацыю ў двухбаковых дачыненьнях. Што мы цяпер і назіраем. Таму канфлікт і набывае такі зацяты характар, што ў ягонай аснове ляжаць аб’ектыўныя чыньнікі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG