Віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч заявіў журналістам, што ў газавым пытаньні зь Беларусьсю «няма зрухаў», перадае ТАСС.
«Пакуль чакаем прапаноў ад нашых калегаў. На аснове папярэдніх прапаноў у нас няма пагадненьняў. Але ў любым выпадку мы чакаем аплаты за 2016 год», — сказаў Дварковіч і дадаў, што ня можа пракамэнтаваць словы Аляксандра Лукашэнкі пра нібыта падачу ў суд на Расею за скарачэньне паставак нафты.
«Нафтагазавыя войны» між Беларусьсю і Расеяй ідуць ад сярэдзіны 2016 году, калі Расея запатрабавала ад Беларусі больш як 200 млн даляраў запазычанасьці за газ (цяпер Расея заяўляе пра запазычанасьць ужо ў 550 млн), а Беларусь, не прызнаўшы запазычанасьці, вырашыла падвысіць тарыфы на транзыт расейскай нафты ў аднабаковым парадку. У выніку Расея скараціла пастаўкі нафты з 24 млн т на год да 18 млн т, зьбіраецца скарачаць яшчэ больш. Пытаньні тарыфаў і запазычанасьці на момант публікацыі ня вырашаныя, будаўніцтва «Газпром-цэнтра» на месцы зьнесенага Маскоўскага аўтавакзалу ў Менску замарожанае.
Дыпляматыя скандалу і «нафтагазавая вайна»
У студзені Лукашэнка даручыў віцэ-прэм’еру Сямашку кампэнсаваць расейскую нафту альтэрнатыўнай. У пачатку лютага Беларусь сабралася павялічыць здабычу нафты.
Лукашэнка мае сустрэцца з Уладзімірам Пуціным у першай палове лютага, пагаварыць пра энэргетыку, але дакладная дата сустрэчы пакуль не названая.
Акрамя пагрозаў судом у нафтагазавым пытаньні Лукашэнка ў час «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» таксама загадаў арыштаваць кіраўніка Рассельгаснагляду за «нанясеньне ўрону дзяржаве» ў «харчовых войнах».