Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ляўрэатамі «Залатога апострафа-2016» сталі Валеры Гапееў, Міхась Скобла і Крысьціна Бандурына


10 лютага ў галерэі TUT.BY падчас адкрыцьця VI фэстывалю памяці Міхася Стральцова адбылося ўганараваньне беларускіх паэтаў і празаікаў прэміяй «Залаты апостраф», заснаванай часопісам «Дзеяслоў».

Пераможцай у намінацыі «Дэбют» стала Крысьціна Бандурына з апавяданьнем «Гарадзкія ланцужкі». У шорт-лісьце гэтай намінацыі разам зь ёй былі Даша Бялькевіч (зь нізкай вершаў «Кветкі і цыгарэткі»), а таксама Марыя Маляўка (з апавяданьнем «Жывая рыба»).

Марыя Маляўка, Крысьціна Бандурына, Даша Бялькевіч
Марыя Маляўка, Крысьціна Бандурына, Даша Бялькевіч

У намінацыі «Паэзія» перамог Міхась Скобла зь нізкай вершаў «Кансэрвацыя агню». Яго бліжэйшымі супернікамі ў барацьбе за ўзнагароду сталі Аксана Данільчык (нізка вершаў «Час зьнешняй адсутнасьці») і Алег Мінкін (паэма «Як дагарае сьвечка...»).

Міхась Скобла
Міхась Скобла

Валеры Гапееў за раман «Ноч цмока» стаў пераможцам у намінацыі «Проза». У шорт-лісьце былі таксама Зараслава Камінская і Вінцэсь Мудроў з апавяданьнямі «Гульня словаў» і «Марсіяне над вёскай» адпаведна.

Валеры Гапееў
Валеры Гапееў

«Залаты апостраф» сёлета ўручаўся 14-ы раз. Ляўрэатамі «Залатога апострафа» ў розныя гады былі і аўтары Свабоды: паэтка Валянціна Аксак (2008 год), празаік Вінцэсь Мудроў, «дэбютант» Франак Вячорка (2010 год), празаік Сяргей Дубавец (2014 год).

Урачыстую цырымонію правеў старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч, які адзначыў, што прэмія «Залаты апостраф» паўстала 14 гадоў таму, калі ў Беларусі зьнікла большасьць літаратурных прэмій:

«Мы заснавалі „Залаты апостраф“, каб падтрымаць беларускіх літаратараў. А назваць прэмію вырашылі так, каб падкрэсьліць асаблівасьць беларускай мовы, у якой, у адрозьненьне ад нашых суседзяў, ёсьць апостраф».

Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч

Распачынаючы VI фэстываль памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце», Барыс Пятровіч сказаў, што, хоць знакамітага паэта ўжо даўно няма на гэтай зямлі, яго вершы гучаць ня толькі ў Беларусі, але і, дзякуючы перакладам на шматлікія мовы, па ўсім сьвеце:

«Сёлета Стральцову споўнілася б толькі 80 гадоў... Яго няма, але жыве яго паэзія, жыве на розных мовах. І з кожным годам усё на большай колькасьці моваў гучыць паэзія Міхася Стральцова. Няхай цьвіце паэзія Міхася Стральцова, пакуль жыве Беларусь».

Алена Стральцова, удава Міхася Стральцова
Алена Стральцова, удава Міхася Стральцова

Паэт, эсэіст, укладальнік шматлікіх зборнікаў беларускай клясыкі Міхась Скобла расказаў, што падрыхтаваў новую кнігу, прысьвечаную творчасьці Міхася Стральцова — «Выгнаны патрыцый».

«Два гады таму мы былі ў Слаўгарадзе, на радзіме Стральцова, выступалі ў Доме культуры, дзе адбывалася яго апошняя вечарына. А пасьля нам паказалі новы музэй, у якім не было нават самай маленькай экспазыцыі Міхася Стральцова. Як гэта ні абуральна, у тым музэі няма і згадкі пра гэтага чалавека. Тады я проста паабяцаў дырэктарцы музэю, што зраблю кнігу, каб слаўгарадцы ведалі, які пісьменьнік для іх павінен быць нумар адзін. І такім чынам выйшла кніга „Выгнаны патрыцый“ — гэта і ўспаміны пра Стральцова, і больш за 50 лістоў Стральцова і да Стральцова, і зацемкі да ягонай няскончанай аповесьці, і ягоны апошні верш, напісаны за два месяцы да сыходу, і архіўныя фатаздымкі, і дарчыя подпісы, і невядомыя тэксты».

Сяргей Жадан
Сяргей Жадан

Украінскі пісьменьнік Сяргей Жадан прачытаў некалькі сваіх перакладаў вершаў Міхася Стральцова. Ён адзначыў, што гэты беларускі аўтар пачынае набіраць папулярнасьць сярод украінцаў, бо яго вершы пачалі перакладаць на іншыя мовы:

«Бачна, што вы вельмі любіце, цяпер мы таксама пачынаем яго любіць і перакладаць. Я думаю, што беларусам і ўкраінцам трэба перакладаць адно аднаго».

Мары Лункдвіст
Мары Лункдвіст

Швэдзкая паэтка Мары Лункдвіст прачытала вершы Стральцова ў перакладзе на швэдзкую мову Дзьмітрыя Плакса, а аўдыторыя спрабавала адгадаць верш, слухаючы, як ён гучыць па-швэдзку.

Таксама свае любімыя вершы Міхася Стральцова прачыталі літаратары Анатоль Івашчанка, Раіса Баравікова, Ціхан Чарнякевіч, Андрэй Хадановіч і іншыя. Вечар аздобіў музычны выступ Паўла Аракеляна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG