Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: Беларусь ня будзе выходзіць з АДКБ, нягледзячы на заявы Армэніі


Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Дзьмітры Мірончык
Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Дзьмітры Мірончык

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык сёньня на брыфінгу адказаў на пытаньні журналістаў, зьвязаныя з экстрадыцыяй у Азэрбайджан зь Беларусі блогера Аляксандра Лапшына.

Журналісты запыталіся, як будзе рэагаваць беларускі бок на прапановы некаторых дэпутатаў з парлямэнту Армэніі аб выключэньні Беларусі з Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы.

На думку армянскіх парлямэнтароў, экстрадыцыя Аляксандра Лапшына паказвае, што Беларусь не зацікаўленая ў супрацоўніцтве зь іншымі чальцамі АДКБ, і таму насьпеў час выключыць Беларусь з гэтай міжнароднай арганізацыі.

Дзьмітры Мірончык падкрэсьліў, што сяброўства ў АДКБ ёсьць «абсалютна дабравольная справа кожнай сувэрэннай дзяржавы. Беларусь свой выбар зрабіла. А прапановы выключыць нашу краіну з АДКБ не маюць пад сабой прававой базы».

Дзьмітры Мірончык сказаў, што сёньня ён упершыню зьвяртаецца да тэмы Аляксандра Лапшына, і не таму, што ён ня ведае сытуацыі.

«Справа ў тым, што гэтая сытуацыя абсалютна прававая, і вырашалі яе судовыя інстанцыі Беларусі. Дэпартацыя — гэта прававая норма, і Беларусь добрасумленна яе выканала».

Журналісты згадалі, што падчас «Вялікай размовы» Аляксандар Лукашэнка даў даручэньне міністру замежных спраў Беларусі Ўладзімеру Макею, каб ён з кіраўнікамі зьнешнепалітычных ведамстваў іншых зацікаўленых краінаў вырашыў праблему Лапшына. «Як вырашаецца гэтая праблема?» — спыталіся журналісты.

На гэта Дзьмітры Мірончык адказаў, што «гэтае даручэньне дадзена кіраўніку Міністэрства замежных спраў, і, безумоўна, ён дакладзе прэзыдэнту аб выкананьні яго. Аднак такія дакумэнты звычайна не зьяўляюцца даступнымі для ўсёй грамадзкасьці. Яны маюць розную ступень службовай закрытасьці. Калі кіраўнік дзяржавы захоча пра гэта нешта сказаць, то ён, вядома, пра гэта скажа. Калі захоча нейкім чынам адрэагаваць на выкананьне гэтага даручэньня, то ён гэта зробіць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG