Расейскае агенцтва «РИА Новости» распаўсюдзіла паведамленьне Генпракуратуры Беларусі аб выдачы Азэрбайджану расейска-ізраільскага блогера Аляксандра Лапшына, а таксама заяву неназванага прадстаўніка пракуратуры пра тое, што Расея і Ізраіль не зьвярталіся з просьбай пра ягоную выдачу.
«Ні Расейская Фэдэрацыя, ні дзяржава Ізраіль, грамадзянінам якіх зьяўляецца Аляксандр Лапшын, з просьбай аб яго выдачы да беларускага боку не зьвярталіся», — цытуе «РИА Новости» прадстаўніка Генэральнай пракуратуры Беларуст.
Агенцтва цытуе камэнтар Генпракуратуры, у якой адзначаецца, што «просьба аб выдачы для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці паступіла ва ўстаноўлены тэрмін, складзена ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі Канвэнцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах ад 7 кастрычніка 2002 года, зьмяшчае гарантыі азэрбайджанскага боку аб захаваньні межаў крымінальнага перасьледу, прадугледжаных арт. 475 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Беларусі».
Таксама сказана, што дзеяньні Лапшына, у якіх ён абвінавачваецца, таксама караюцца і паводле беларускага крымінальнага заканадаўства.
«Тэрміны даўніны прыцягненьня Лапшына да крымінальнай адказнасьці па беларускім і азэрбайджанскім заканадаўствах ня скончыліся, ён грамадзянінам Беларусі не зьяўляецца (Канстытуцыя Беларусі забараняе выдачу беларускіх грамадзян іншым дзяржавам — РС). У сувязі з гэтым Генпракуратура Беларусі... 17 студзеня 2017 году прыняла рашэньне аб яго выдачы ў Азэрбайджан для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці. У адпаведнасьці з патрабаваньнямі дзейнага заканадаўства, праверка даказанасьці віны выдаванай асобы у зьдзяйсьненьні інкрымінаваных злачынстваў не адносіцца да кампэтэнцыі боку, які атрымаў запыт», — цытуе «РИА Новости» паведамленьне Генпракуратуры Беларусі.
Генпракуратура таксама адзначае, што суд прызнаў законным рашэньне аб выдачы. «З названым рашэньнем суду Лапшын азнаёмлены ва ўстаноўленым парадку», — паведамляе Генпракуратура.