Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінгандлю: інфармацыя на таварах па-беларуску «павінна быць эканамічна абгрунтаваная»


Беларусь уваходзіць у Эўразійскі эканамічны саюз, але толькі адна беларуская мова не абавязковая ў гэтым саюзе ў сфэры гандлю і паслугаў.

Намесьнік міністра антыманапольнага рэгуляваньня й гандлю Беларусі Эдвард Матуліс адказаў на зварот каардынатара грамадзкай ініцыятывы «Справаводзтва па-беларуску» Ігара Случака пра неабходнасьць падачы інфармацыі аб таварах і паслугах на абедзьвюх дзяржаўных мовах — беларускай і расейскай.

У адказе зазначаецца, што «прыняцьце такога рашэньня павiнна быць эканамiчна абгрунтавана i абмеркавана з усiмi зацiкаўленымi асобамi ў рамках плянаванага ўнясеньня зьменаў у Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў».

У камэнтары Свабодзе Ігар Случак выказаў зьдзіўленьне адносна павярхоўнага падыходу профільнага міністэрства да маркіроўкі тавараў на дзьвюх дзяржаўных мовах.

Закон не абавязвае беларускага вытворцу маркіраваць прадукцыю на дзьвюх дзяржаўных мовах.

«У мяне наагул няма ўпэўненасьці, — кажа Случак, — што зьмест ліста адпавядае рэчаіснасьці. Намесьнік міністра піша, што закон „Аб абароне правоў спажыўцоў“ не забараняе вытворцу (прадаўцу) зьмяшчаць інфармацыю на этыкетках адначасова на дзьвюх дзяржаўных ды іншых мовах. Але ў гэтым законе прапісана, што інфармацыя аб таварах і паслугах павінна даводзіцца да спажыўцоў па-беларуску АБО па-руску. Такім чынам, закон не абавязвае беларускага вытворцу маркіраваць прадукцыю на дзьвюх дзяржаўных мовах. А Тэхнічныя рэглямэнты ЭАЭС, у які ўваходзіць і Беларусь, наагул абавязваюць інфармацыю пра тавары і паслугі даводзіць абавязкова па-руску».

Па словах каардынатара ініцыятывы «Справаводзтва па-беларуску», намесьнік міністра гандлю спасылаецца на нейкіх беларускіх вытворцаў прадукцыі, якія нібыта інфармуюць, што ім складана й цяжка падаваць інфармацыю пра тавар на дзьвюх мовах. Пры гэтым у адказе ня згадваецца ніводзін з вытворцаў, на якіх міністэрства гандлю нібыта спасылаецца.

«Пытаньне сур’ёзна не прапрацоўваецца, — лічыць Ігар Случак, — і я не магу зразумець прычыны, чаму некаторыя дзяржаўныя структуры так супраціўляюцца выкарыстаньню дзьвюх дзяржаўных моваў у Беларусі. Ня бачна лёгікі. Можна толькі думаць пра нейкі ўплыў іншых краін на сытуацыю ў гэтым пытаньні».

Пра гатоўнасьць зьмяшчаць інфармацыю пра тавар на дзьвюх мовах заяўлялі Гомельскі тлушчавы камбінат, апэратары сотавай сувязі Velkom, МТС, Менскі завод безалькагольных напояў, сетка крамаў «Марцін», Барысаўскі й Навабеліцкі камбінаты хлебапрадуктаў ды шэраг іншых.

Суразмоўца згадвае, што падчас ранейшых ліставаньняў міністэрства гандлю спасылалася на «Савушкін прадукт». Але, як высьветлілася, кіраўніцтва «Савушкіна прадукту» камэнтароў міністэрству не давала.

Спасылаецца міністэрства і на нейкія эканамічныя выдаткі пры пераходзе на двухмоўе ў пазнацы тавараў, але ніякім разьлікам гэтых выдаткаў не падмацоўвае.

Сам Ігар Случак падчас звароту ў міністэрства прыкладаў адказы вытворцаў, якія падтрымліваюць зьмены — зьмяшчаць інфармацыю пра тавар на дзьвюх мовах.

Пра гэта, у прыватнасьці, заяўлялі Гомельскі тлушчавы камбінат, апэратары сотавай сувязі Velkom, МТС, Менскі завод безалькагольных напояў, сетка крамаў «Марцін», Барысаўскі й Навабеліцкі камбінаты хлебапрадуктаў ды шэраг іншых. Дадаваліся і адказы дэпутатаў парлямэнту, Таварыства абароны спажыўцоў, якія таксама падтрымліваюць такія зьмены.

Не пераконвае Случака і выснова міністэрства гандлю, што інфармацыя на дзьвюх мовах будзе нібыта нязручная для спажыўцоў. Пад электронным зваротам падпісаліся амаль чатыры з паловаю тысячы чалавек. На сёньняшні дзень гэта самая вялікая пэтыцыя ў гісторыі Беларусі ў межах электроннага ліставаньня, кажа Случак. Таму нельга казаць, што няма попыту спажыўцоў на атрыманьне інфармацыі пра тавар па-беларуску.

На сёньняшні дзень гэта самая вялікая пэтыцыя ў гісторыі Беларусі ў межах электроннага ліставаньня.

Для ініцыятара звароту ў міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня й гандлю незразумела, чаму само міністэрства гандлю ня стала ініцыятарам увядзеньня нормы ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» дзьвюхмоўнай інфармацыі. Адсутнасьць такой нормы не забясьпечвае выкананьне артыкулу 17 беларускай Канстытуцыі ў справе абароны права спажыўцоў атрымліваць інфармацыю на дзьвюх дзяржаўных мовах.

«Калі мы ўжо кажам пра існуючы білінгвізм, то дзьве катэгорыі грамадзянаў павінны мець магчымасьць атрымліваць інфармацыю пра тавары на дзьвюх дзяржаўных мовах», — лічыць Ігар Случак.

Беларусь уваходзіць у Эўразійскі эканамічны саюз, але толькі адна беларуская мова не абавязковая ў гэтым саюзе ў сфэры гандлю і паслугаў. На думку Случака, такое становішча, падрывае аўтарытэт Беларусі на міжнароднай арэне. Ініцыятар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску» выказаў спадзеў, што дзяржаўныя структуры — Адміністрацыя прэзыдэнта, міністэрства замежных справаў са сваім корпусам дыпляматаў, міністэрства гандлю — зробяць неабходныя захады, каб у закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» былі ўнесеныя зьмены, якія будуць ня толькі задавольваць патрабаваньні і пажаданьні беларускіх спажыўцоў, але й падтрымліваць на міжнароднай арэне прэстыж Беларусі як незалежнай дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG