Гурневіч: Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю накіравала ў парлямэнт новую рэдакцыю закону «Аб абароне правоў спажыўцоў», у якую ня ўнесены пункт пра мову. Згодна з законапраектам вытворцы ня будуць абавязаныя падаваць інфармацыю на ўпакоўцы тавару на беларускай мове.
Паводле дзейнага закону, вытворца абавязаны падаць на тавары або ў дакумэнтацыі да паслугі інфармацыю на расейскай або беларускай мове.
Каардынатар грамадзкай ініцыятывы «Справаводзтва па-беларуску» Ігар Случак яшчэ ў кастрычніку мінулага году атрымаў зь Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю адказ, у якім гаварылася, што гэта вельмі затратна — разьмяшчаць інфармацыю пра тавары на дзьвюх дзяржаўных мовах, гэта запатрабуе шмат дадатковых фінансавых і матэрыяльна-тэхнічных выдаткаў, што, натуральна, прывядзе да павелічэньня цаны тавару.
Уся гэтая сытуацыя — выдатная ілюстрацыя месца ў дзяржаве беларускай мовы. Што яе дзяржаўнасьць і раўнапраўе з расейскай — гэта самая звычайная бутафорыя. А ўжо тлумачэньні, што гэта павялічыць цану тавару дык увогуле камічныя. Узгадваюць салодкія сыркі. У краінах Балтыі на такіх самых маленькіх упакоўках я бачыў надпісы і на трох мовах. На іншых прадуктах і больш.
Уся гэтая сытуацыя — выдатная ілюстрацыя месца ў дзяржаве беларускай мовы. Што яе дзяржаўнасьць і раўнапраўе з расейскай — гэта самая звычайная бутафорыя
Зьдзіўляюць тлумачэньні дэпутаткі Ганны Канапацкай, што трэба найперш кіравацца эканамічнай мэтазгоднасьцю. Найперш трэба кіравацца законам. У Канстытуцыі запісана, што ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы. І тут не павінна быць ніякіх але. Калі, напрыклад, адмовіцца на ўпакоўцы ад некаторай іншай інфармацыі, то гэта таксама дазволіць зьменшыць і саму ўпакоўку і фарбу на надпісы. Але ж вытворцы гэтага ня робіць, таму што ёсьць закон. І чаму яны ў такім разе не ініцыююць закон аб зьмене правілаў? Стан зь беларускай мовай і так катастрафічны, зь яе зрабілі пятае кола ў возе і цяпер яшчэ і дабіваюць.
Нехта скажа, што гэта дэталі. Але менавіта з дэталяў і складаецца карціна. Беларуская мова на ўпакоўках тавараў у Беларусі — гэта не фанабэрыя, а звычайнае раўнапраўе мовы, якое ёй гарантуе Канстытуцыя.
Карней: У цывілізаванай краіне сама па сабе пастаноўка такога пытаньня, што называецца, з шэрагу недарэчных. На жаль, ня ў скрозь русыфікаванай Беларусі.
Зразумела, што любы нацыянальны вытворца ў першую чаргу павінен арыентавацца на ўнутранага спажыўца, і ўжо потым — на зьнешняга. У Беларусі, дзякуючы стараньням уладаў, створана сытуацыя, калі вельмі лёгка гэтае правіла абыходзіць, дзяжурна спэкулюючы на «двуязычыі», два дзясяткі гадоў таму ўзаконеным дзьвухмоўі.
Але парадокс у тым, што любы аргумэнт у дадзеным выпадку вядзе да апраўданьня прысутнасьці менавіта расейскай мовы і адсутнасьці беларускамоўнага адпаведніка. Ніхто не пачынае спрачацца, каб даказаць адваротнае.
дзяржаўная мова ў Казахстане адна, што апрыёры спыняе спрэчку, на якой мове ўказваць выходныя дадзеныя, пералік інгрыдыентаў і г.д.
Ня так даўно я быў у Астане. Моўная сытуацыя ў Казахстане шмат у чым падобная да Беларусі. Як і беларусы ў гарадах, этнічныя казахі — а іх зусім няцяжка вылічыць у натоўпе — паўсюдна гавораць па-расейску. Тым ня меней, дзяржаўная мова ў Казахстане адна, што апрыёры спыняе спрэчку, на якой мове ўказваць выходныя дадзеныя, пералік інгрыдыентаў і г.д. То бок, у побыце гавары, як табе зручна, але асартымэнт у краме — цалкам адпаведны дзяржаўнаму стандарту. Дарэчы, менавіта з гэтай прычыны адбываліся ўсе беларуска-казахстанскія харчовыя войны. Адрозна ад Расеі, яны ціхія, амаль незаўважныя, бо маюць выключна тэхнічны характар — прэтэнзій да якасьці практычна няма.
Справа ў тым, што да нядаўняга часу многія беларускія вытворцы пастаўлялі мясную, малочную, кандыдарскую, алькагольную прадукцыю ў разьліку, што на этыкетках будзе дастаткова «вялікага і магучага». Але тамтэйшыя кантралёры палічылі інакш: увесь тавар, які ня мае адпаведніка па-казахску, без лішніх словаў разварочваецца назад.
Меры аказаліся дзейснымі і цяпер экспартны патэнцыял беларускіх заводаў і фабрык можна ацаніць у тым ліку па моўнай прысутнасьці на пакунках — назва і складнікі на казахскай мове ідуць першымі. Ня важна, згушчонка гэта ці касмэтыка.
Найбольш часта вытворцы наракаюць на тое, што беларуская мова займае шмат дадатковага месца на этыкетках і ня мае ніякага сэнсу, калі «і так усе разумеюць расейскую». Ва ўнісон ім новыя нормы афіцыйна дазваляюць абмяжоўвацца «общедоступным» — замест таго, каб прышчапляць спажыўцам гонар за беларускае.
Магчыма, сапраўды трэба апынуцца на месцы тых жа ўкраінцаў, каб пачаць шанаваць сваё?
Ільяш: Пытаньне, ці павінны вытворцы падаваць на таварах інфармацыю на беларускай мове здаецца мне не зусім адназначным. Мы перш за ўсё павінны адрозьніваць пазыцыю вытворцаў і ўлады ў гэтым пытаньне. Я мабыць скажу зараз непапулярную рэч, але самі па сябе вытворцы нікому нічога не павінны. Вытворцы перш за ўсё павінны думаць пра якасьць прадукцыі, яе запатрабаванасьць на рынку, даходнасьць вытворчасьці, умовы працы сваіх супрацоўнікаў і г.д.
насамрэч моўнае пытаньне само па сабе іх павінна цікавіць толькі як інструмэнт больш эфэктыўнага распаўсюду сваёй прадукцыі
Калі яны яшчэ і хвалююца пра родную мову праз пачуцьцё нацыянальнай сьвядомасьці — гэта цудоўна і пахвальна, але гэта ўжо ня іх абавязак як суб’екта гаспадараньня, як арганізацыі, як бізнэсу, а іх уласнае жаданьне. Але насамрэч моўнае пытаньне само па сабе іх павінна цікавіць толькі як інструмэнт больш эфэктыўнага распаўсюду сваёй прадукцыі. Калі яны заўважаць, што тавары з беларускімі надпісамі на этыкетках будуць купляцца лепш, то яны без усялякіх законаў, без усялякага ціску з боку дзяржавы, без усялякіх каштоўнасных меркаваньняў гэта будуць рабіць і самі.
Але зусім іншая сытуацыя зь дзяржавай. Пытаньнем падтрымкі беларускай мовы, пытаньнем рэалізацыі нормаў Канстытуцыі, павінна займацца як беларускай дзяржава, а не вытворцы. Хвалявацца за раўнапраўе беларускай і расейскай мовы павінны менавіта ўлады. Але гэта павінна быць дзяржаўная палітыка ў моўнай сфэры.
Калі ў прынцыпе ў Беларусі няма сьвядомай маштабнай дзяржаўнай палітыкі падтрымкі беларускай мовы, калі ўжо шмат гадоў няма рэальнага раўнапраўя беларускай і расейскай мовы, калі многія нашы чыноўнікі дагэтуль не размаўляюць па-беларуску, то абавязковае зьяўленьне мовы на этыкетках нічога прынцыпова ня зьменіць у краіне. Гэта мы павінны разумець. Патрэбна сьвядомая, абгрунтаваная палітыка дзяржавы. А пазыцыя вытворцаў у гэтай сытуацыі зразумела — яны як раз думаюць пра свае эканамічныя складнікі, сваю працу, а ня мову. Гэта ўсё ж ня іх, там бы мовіць, сфэра хваляваньняў.