Пасьля інцыдэнту 31 студзеня, калі пэнсіянэрка Галіна Ігнатовіч узьлезла на будаўнічы кран у знак пратэсту супраць зносу свайго дому, пракуратура пастанавіла не высяляць Ігнатовічаў да 6 лютага.
Як паведаміла Свабодзе Галіна, на 20 лютага прызначанае судовае паседжаньне, на якім адбудзецца разгляд правоў Марынчык Тацяны Аляксандраўны, новай жонкі Ігнатовіча. Пакуль суд ня вызначыць, ці мае яна права на долю кватэры, ці не, сямʼю Ігнатовічаў прыставы прымусова высяляць ня будуць.
Пасьля таго як 31 студзеня ратаўнікі ўгаварылі Галіну спусьціцца з крана, яна была шпіталізаваная зь пераахаладжэньнем. Цяпер яна ўжо некалькі дзён дома і мае намер змагацца далей.
На судзе сямʼя будзе дабівацца ад групы кампаніяў «Тапас» справядлівай кампэнсацыі за знос свайго дому плошчай 166 кв.м па вуліцы Ржавецкай, што ў менскім мікрараёне Лябяжы. У доме прапісаныя 11 чалавек.
На месцы дому кампанія-забудоўшчык плянуе пабудаваць ЖК «Алімпік парк», а Ігнатовічам прапануе кампэнсацыю ў выглядзе трох двухпакаёвых кватэр агульнай плошчай 225 кв.м у ЖК «Браслаўскі» ў тым жа раёне Менску. Аднак Ігнатовічы справядлівай такую кампэнсацыю ня лічаць. У «Тапасе» заяўляюць, што такім чынам Ігнатовічы хочуць «узбагаціцца за кошт сытуацыі».