Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчыну зьнялі з крану ў Лебядзіным. Яна пагражала саскочыць, патрабавала справядлівай кампэнсацыі за знос дому. Фота, відэа

абноўлена

Пазьней адзін са сваякоў жанчыны паведаміў Свабодзе, што яе сям’ю да 6 лютага ня будуць высяляць зь іхняга дому ў раёне Лебядзіны, бо пракуратура прыпыніла рашэньне аб высяленьні.

Жыхарка былой вёскі Ржавец у раёне Лебядзіны ў Менску Галіна Ігнатовіч забралася на будаўнічы кран яшчэ ўвечары 30 студзеня. Пра гэта стала вядома зранку наступнага дня. Яна пагражала скінуцца, калі ейнай сям’і не дадуць справядлівай кампэнсацыі за знос жытла, які меў адбыцца 31 студзеня.

Свае патрабаваньні Ігнатовіч апісала ў лісьце, які пакінула пад кранам. Жанчыну спрабавпала ўгаварыць спусьціцца ейная нявестка, якая далезла да сярэдзіны крана, але вымушаная была спусьціцца праз пагрозы Ігнатовіч саскочыць. Да крана прыбылі ратаўнікі, мэдыкі і начальства менскай міліцыі, пад кранам разгарнулі надзіманыя канструкцыі.

На кран да Ігнатовіч забраліся пяцёра ратаўнікоў, угаварылі яе спусьціцца. Жанчына шпіталізаваная зь пераахалоджаньнем. Сваякі Ігнатовіч з начальнікам менскай міліцыі Аляксандрам Барсуковым езьдзілі на прыём да старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шорца, на перамовах гарадзкі пракурор пагадзіўся перанесьці знос дому на 6 лютага. Сям’я дамагалася абскарджаньня рашэньня гарадзкога суду аб зносе.

Прадстаўнікоў прэсы выгналі з будаўнічай пляцоўкі, іх пільнавалі два міліцыянты, хоць Ігнатовіч патрабавала дапусьціць прэсу да яе.

Ігнатовіч патрабавала справядлівай кампэнсацыі за знос свайго дома — будынак на 116 м², у якім прапісана 11 чалавек, зьбіраецца зьнесьці кампанія «Тапас» дзеля будаўніцтва комплексу «Алімпік Парк». Забудоўнік прапанаваў кампэнсаваць дом трыма няновымі кватэрамі.​

Сям’я Ігнатовічаў раней тлумачыла Onliner.by, што паводле заканадаўства мае права выбіраць любы спосаб кампэнсацыі, які падыходзіць ім, а не забудоўніку, але сьцьвярджае, што забудоўнік навязвае ім сваю схему кампэнсацыі, што не задавальняе сям’ю.

28 красавіка 2016 году 25-гадовы жыхар Віцебску Дзьмітры Сталяроў пагражаў скінуцца з будаўнічага крана каля стадыёна «Дынама»: ён кіраваў будаўнічай брыгадай, дамагаўся выплаты грошай сваім працаўнікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG