Як паведаміў Свабодзе сын Галіны Ігнатовіч, ягоная маці выйшла са шпіталя і ўжо суткі дома.
«Маці забралі са шпіталя. Яна дома, стан здароўя нармальны, адчувае сябе добра. Цяпер яна паехала да адваката, бо мае намер працягнуць змагацца далей», — сказаў ён.
Паводле сваякоў, сям’я будзе дабівацца ад групы кампаніяў «Тапас» справядлівай кампэнсацыі за знос свайго дому плошчай 166 кв.м па вуліцы Ржавецкай, што ў менскім мікрараёне Лябяжы. Пасьля зносу кампанія-забудоўшчык зьбіраецца пабудаваць там жыльлёвы комплекс «Алімпік парк», а Ігнатовічам прапануе кампэнсацыю за высяленьне ў выглядзе трох двухпакаёвых кватэраў агульнай плошчай 225 кв.м у ЖК «Браслаўскі». Аднак Ігнатовічы справядлівай такую кампэнсацыю ня лічаць.
Увечары 30 студзеня пэнсіянэрка Галіна Ігнатовіч на знак пратэсту ўзьлезла на будаўнічы кран зь дзяржаўным сьцягам і пагражала саскочыць. На наступны дзень рашэньне суду аб прымусовым высяленьні сям’і павінна было ўступіць у сілу. Удзень 31 студзеня пяць ратаўнікоў угаварылі Галіну спусьціцца. Яе шпіталізавалі зь пераахаладжэньнем. Пракуратура пастанавіла адкласьці высяленьне да 6 лютага.
Тым часам у групе кампаніяў «Тапас» прапанаваную імі кампэнсацыю называюць годнай і заяўляюць, што Ігнатовічы «выкарыстоўваюць усе даступныя мэтады, каб узбагаціцца за кошт сытуацыі».