Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ абвясьціла пра арышт Кныровіча і шэрагу чыноўнікаў па «справе ЖКГ» — усяго 11 чалавек


Аляксандар Кныровіч
Аляксандар Кныровіч

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі пацьвердзіў факт затрыманьня вядомага бізнэсоўца, сузаснавальніка групы кампаній «Сармат» Аляксандра Кныровіча.

Сайт КДБ паведаміў пра выкрыцьцё «службовых асоб камэрцыйных структур, прадпрыемстваў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і сфэры энэргетыкі, якія арганізавалі карупцыйную сыстэму паставак прадукцыі для дзяржаўных патрэб па завышаным кошце».

У КДБ сьцьвярджаюць, што кампанія Кныровіча «СарматТэрма-Інжынірынг» «шляхам змовы і подкупу кіраўнікоў і службовых асоб прадпрыемстваў ЖКГ і арганізацый энэргетыкі забясьпечвалі правядзеньне „заказных“ біржавых таргоў для рэалізацыі дарагой прадукцыі — папярэдне тэрмаізаляваных труб».

«Пры гэтым сумы „адкатаў“ закладаліся фірмай у сабекошт прадукцыі, завышаная цана якой пасьля ўлічвалася пры фармаваньні камунальных тарыфаў, то бок фактычна прыбытак камэрсантаў і хабар службовых асоб аплачваўся за кошт насельніцтва», — сьцьвярджаюць у КДБ.

Прыбытак кампанія «СарматТэрма-Інжынірынг» выводзіла ў замежжа, дзе і абнаяўлівала. 24–26 студзеня пры атрыманьні хабару на суму больш за 20 тысяч рублёў былі затрыманыя шэраг службовых асобаў дзяржаўных арганізацыяў. Адносна іх была распачата крымінальная справа паводле артыкула 430 (атрыманьне хабару).

25 студзеня быў затрыманы Кныровіч, ягоныя намесьнікі Максімаў і Папоўскі, сузаснавальнік Дашкевіч і двое вядучых спэцыялістаў кампаніі. У адносінах да іх была распачата крымінальная справа паводле арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў).

Паводле КДБ, кампанія «Сармат» ухілілася ад падаткаў на суму ня менш як на 2,8 млн рублёў.

Усяго былі затрыманыя і зьмешчаныя ў СІЗА КДБ 11 чалавек. Яны ўжо прызналі сваю віну, сьцьвярджаюць у КДБ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG