Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чортаў тузін» і Чыж — топ самых рэзанансных судовых працэсаў


Свабода сабрала 13 рэзанансных судовых працэсаў, у якіх фігуравалі чыноўнікі, дэпутаты, уплывовыя бізнэсоўцы і набліжаныя да ўлады людзі. Усе яны былі асуджаныя на вялікія тэрміны, але большасьць хутка апынулася на волі. Па справе затрыманага вясной 2016 году бізнэсоўца Юры Чыжа да гэтага часу ідзе сьледзтва.

Сёньня абвешчаны прысуд па справе Ўладзімера і Казьбека Япрынцавых. Бацьку далі штраф, а сына з кампаньёнам Арабянам асудзілі на 8 год пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Тамара Віньнікава — у выгнаньні, жыве ў Лёндане

Пасада: старшыня Нацыянальнага банку

Тамара Віньнікава
Тамара Віньнікава

Зь лютага 1996 па студзень 1997 году займала пасаду старшыні рады Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь. 14 студзеня 1997 году Віньнікаву арыштавалі па абвінавачаньні ў злоўжываньні службовым становішчам. Праз шэсьць месяцаў яе абвінавацілі ў крадзяжы актываў, растраце і злоўжываньні службовым становішчам.

Пад ціскам лекараў і грамадзкасьці Віньнікаву выпусьцілі пад хатні арышт. Яна жыла ў сваёй кватэры пад сталай аховай, пакуль ня зьнікла 7 красавіка 1999 году. Жыве цяпер за мяжой.

Васіль Лявонаў — 4 гады пазбаўленьня волі

Пасада: міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня

Васіль Лявонаў
Васіль Лявонаў

У 1994 годзе прыняў ад Аляксандра Лукашэнкі прапанову заняць пасаду міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня. У якасьці міністра заклікаў правесьці рынкавыя пераўтварэньні ў сельскай гаспадарцы. Не падтрымаў правядзеньня рэфэрэндуму 1996 году, пасьля чаго ў міністэрстве пачаліся масавыя праверкі.

Лявонава арыштавалі 11 лістапада 1997 году ў працоўным кабінэце. Абвінавацілі ў крадзяжы маёмасьці ў асабліва буйных памерах, атрыманьні хабару, незаконным захоўваньні баявых прыпасаў і зброі. На судзе Лявонаў віны не прызнаў і заявіў, што лічыць сваё зьняволеньне палітычнай справай.

14 студзеня 2000 году Вярхоўны суд пакараў Лявонава 4 гадамі калёніі з канфіскацыяй маёмасьці. Вызвалілі яго 5 кастрычніка 2000 году паводле амністыі.

Васіль Старавойтаў — 2 гады пазбаўленьня волі

Пасада: старшыня калгасу «Рассвет» імя Кірылы Арлоўскага. Двойчы Герой Сацыялістычнай працы, дэпутат Вярхоўнага Савету СССР двух скліканьняў і Вярхоўнага Савету БССР.

Васіль Старавойтаў
Васіль Старавойтаў

Выступаў з крытыкай Аляксандра Лукашэнкі, не падтрымаў ягоную кандыдатуру на выбарах. У кастрычніку 1997 году быў адхілены ад працы і арыштаваны. Абвінавачваўся ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў, эканамічных злачынствах, хабары, арганізацыі забойства кіраўніка магілёўскага Дзяржкантролю Мікалуцкага.

У 1999 годзе быў асуджаны на два гады пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі строгага рэжыму і канфіскацыяй маёмасьці. Адседзеў амаль 2 гады ў СІЗА.

Андрэй Клімаў — тройчы судзімы, агулам асуджаны да 9,5 году зьняволеньня

Пасада: дэпутат Вярхоўнага савету і бізнэсовец

Андрэй Клімаў у кайданках, 2005 год
Андрэй Клімаў у кайданках, 2005 год

У сярэдзіне 1990-х Андрэй Клімаў быў адным з самых вядомых беларускіх прадпрымальнікаў. Потым яго абралі дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. У 1996 годзе быў сярод тых, хто рыхтаваў імпічмэнт Аляксандра Лукашэнкі. У 1998 годзе яго арыштавалі. Абвінавачвалі ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры, прадпрымальніцкай дзейнасьці безь ліцэнзіі.

У 2000 годзе яму прысудзілі 6 гадоў пазбаўленьня волі, але ўжо ў 2002 годзе Клімаў выйшаў на волю ўмоўна-датэрмінова. У 2005 годзе яго паўторна асудзілі на паўтара года. Гэтым разам — за арганізацыю масавых пратэстаў. Датэрмінова вызвалілі ў 2006 годзе. У 2007-м Клімаў атрымаў трэці тэрмін: два гады пазбаўленьня волі за публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу з выкарыстаньнем СМІ. У 2008 годзе датэрмінова выйшаў на волю.

Міхаіл Чыгір — 3 гады

Пасада: былы прэмʼер-міністар

Міхаіл Чыгір
Міхаіл Чыгір

Першы прэмʼер-міністар пры Лукашэнку, Міхаіл Чыгір пайшоў у адстаўку з гэтай пасады ў 1996 годзе — перад чарговым рэфэрэндумам. Тры гады працаваў у Маскве. У 1999 годзе рыхтаваўся да абвешчаных Вярхоўным Саветам выбараў. Але за месяц да прызначаных выбараў быў арыштаваны. Абвінавачаны ў злоўжываньні службовым становішчам, перавышэньні ўлады і службовых паўнамоцтваў, халатнасьці.

Чыгіру прысудзілі 3 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на два гады, але Вярхоўны суд адмяніў гэтае рашэньне.

Віктар Казека — 12 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці

Пасада: прэзыдэнт канцэрну «Белдзяржхарчпрам»

Віктар Казека быў асуджаны разам з сынам Андрэем, які працаваў на менскім гарэлачным заводзе «Крышталь». Казека-старэйшы атрымаў 12 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці, Казека-малодшы — 10 гадоў за атрыманьне хабару, злоўжываньне службовым становішчам і іншыя злачынствы. Казека-старэйшы, калі ўзначаліў канцэрн «Белдзяржхарчпрам», увёў тэндэры на пастаўкі сыравіны і збожжа на гарэлачныя заводы, і гэта, маўляў, не спадабалася асобам у вышэйшых эшалёнах улады, якія кантралююць гарэлачны бізнэс. Што зь Віктарам Казекам цяпер, невядома, але ён ужо павінен быў выйсьці на волю.

Леанід Калугін — 2 гады пад сьледзтвам

Пасада: генэральны дырэктар заводу «Атлянт», сябра Савету Рэспублікі

Леанід Калугін
Леанід Калугін

З 1993 году Леанід Калугін узначаліў Менскі завод халадзільнікаў — ААТ «Атлянт». У 1996 годзе стаў сябрам Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, сябрам Камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы.

У 2001 годзе балятаваўся на пасаду прэзыдэнта Беларусі, але не сабраў неабходнай колькасьці подпісаў для вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты. 21 лістапада 2001 году быў затрыманы па абвінавачаньні ў несвоечасовым вяртаньні міжнароднага крэдыту. На яго завялі крымінальную справу за злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі.

Калугіна пазбавілі пасады генэральнага дырэктара «Атлянта». Праз два гады зьняволеньня абвінавачаньне зь яго зьнялі «за адсутнасьцю складу злачынства».

Міхаіл Лявонаў — 10 гадоў

Пасада: генэральны дырэктар Менскага трактарнага заводу

Міхаіл Лявонаў
Міхаіл Лявонаў

Міхаіл Лявонаў узначаліў трактарны завод у 1995 годзе. Меў узнагароды «Лепшы кіраўнік», «Чалавек справы». У 2003 годзе Лявонава асудзілі на 10 год за злоўжываньне службовай пасадай, за крадзеж у асабліва буйных памерах, адмываньне грошай, нелегальнае адкрыцьцё валютных рахункаў, ухіленьне ад выплаты падаткаў з асабістых даходаў, хабарніцтва.

Сваёй віны Лявонаў не прызнаў і назваў свой прысуд рэпрэсіяй. За кратамі ён правёў 8 год. Два гады яму зьнялі па амністыі.

Міхаіл Марыніч — 5 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці

Пасада: былы амбасадар, міністар зьнешнеэканамічных сувязяў

Міхаіл Марыніч
Міхаіл Марыніч

У 1994 годзе працаваў беларускім амбасадарам у Чэхіі, а таксама Славаччыне й Вугоршчыне па сумяшчальніцтве, затым вярнуўся ў Беларусь і ўзначаліў Міністэрства зьнешнеэканамічных сувязяў Беларусі. З 1999 году быў амбасадарам Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі. Напісаў заяву аб адстаўцы падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2001 году, каб узяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах.

Вёў палітычную дзейнасьць. У 2004 годзе арыштаваны і асуджаны на пяць гадоў узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Суд прызнаў яго вінаватым у завалоданьні аргтэхнікай. У 2005 годзе «Міжнародная амністыя» прызнала Міхаіла Марыніча вязьнем сумленьня. Датэрмінова вызвалены ў красавіку 2006 году.

Галіна Жураўкова — 4 гады

Пасада: кіраўніца спраў адміністрацыі прэзыдэнта

Галіна Жураўкова
Галіна Жураўкова

Галіна Жураўкова ўзначальвала адміністрацыю прэзыдэнта з 2001 да 2004 году. У лютым 2004-га яе арыштавалі. Яе і яшчэ чатырох чалавек абвінавачвалі ў крадзяжы маёмасьці шляхам злоўжываньня службовым становішчам. Жураўковай налічылі 3,6 мільёна даляраў. Яна прызнала сваю віну і кампэнсавала частку сумы.

У лютым 2005 году яе асудзілі на 4 гады зьняволеньня. Але ўжо ў красавіку таго ж году Аляксандар Лукашэнка памілаваў Жураўкову.

Ягор Рыбакоў — 11 год пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці

Пасада: старшыня Белтэлерадыёкампаніі

Ягор Рыбакоў
Ягор Рыбакоў

Магілёўскі журналіст Рыбакоў узначальваў Белтэлерадыёкампанію з 2001 да 2004 году. У 2004 годзе Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь выклікала яго на допыт, пасьля якога яго затрымалі і ўзбудзілі супраць яго крымінальную справу па фактах злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, крадзяжу і атрыманьня хабару.

У 2005 годзе яго асудзілі на 11 год пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Але дзякуючы амністыі і асабістаму ўказу Лукашэнкі Рыбакоў выйшаў на волю ўмоўна-датэрмінова ў 2010 годзе.

Аляксандар Бароўскі — 5 гадоў пазбаўленьня волі

Пасада: старшыня канцэрну «Белнафтахім»

Аляксандар Бароўскі
Аляксандар Бароўскі

Былы дырэктар наваполацкага прадпрыемства «Палімір», Аляксандар Бароўскі ўзначаліў канцэрн «Белнафтахім» у 2005 годзе. У 2007-м яго затрымалі супрацоўнікі КДБ. Разам зь ім былі затрыманыя некалькіх кіраўнікоў канцэрну «Белнафтахім» і шэрагу камэрцыйных структураў. 27 сакавіка 2008 году Вярхоўны суд прысудзіў Бароўскаму пяць гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, учыненым з асабістай зацікаўленасьці, што пацягнула прычыненьне істотнай шкоды дзяржаве.

Ужо ў сьнежні 2008 году ён быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам. А праз год яго прызначылі дырэктарам заводу «МАЗ». У 2012 годзе звольнілі.

Аляксандар Архіпаў — 6 гадоў пазбаўленьня волі

Пасада: намесьнік генэральнага пракурора

Аляксандар Архіпаў
Аляксандар Архіпаў

4 лістапада 2013 году Архіпава зьнялі з пасады намесьніка генпракурора з фармулёўкай «за дзеяньні, якія дыскрэдытуюць званьне пракурорскага работніка». У 2014 годзе Аляксандар Архіпаў быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за атрыманьне хабару і перавышэньне службовых паўнамоцтваў.

Падрабязнасьці вызваленьня Аляксандра Архіпава з-за кратаў на пачатку 2016 году не падаюцца.

У сакавіку 2016 году Аляксандар Архіпаў прызначаны дырэктарам адстаючага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Пятровічы», што ў Смалявіцкім раёне.

Юры Чыж

Пасада: генэральны дырэктар ААТ «Трайпл».

Юры Чыж
Юры Чыж

Адзін з уплывовых бізнэсоўцаў краіны, які ўваходзіў у найбліжэйшае кола кіраўніка Беларусі, генэральны дырэктар ААТ «Трайпл». Затрыманы ў сакавіку 2016 году. Непрыемнасьці ў кіраўніка групы кампаніяў «Трайпл» Юрыя Чыжа пачаліся неўзабаве пасьля затрыманьня ягонага партнэра Ўладзімера Япрынцава. 19 ліпеня выступаў у якасьці сьведкі ў судзе над Япрынцавымі. Па справе Чыжа і ягоных кампаньёнаў цяпер ідзе сьледзтва. Неўзабаве — судовы працэс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG