Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што сьведчыць арышт і вызваленьне Юрыя Чыжа


Разважаюць Уладзімер Глод, Ігар Ільяш і Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: Вядомы бізнэсовец, асноўны ўладальнік групы кампаніяў «Трайпл» Юры Чыж вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. Нагадаю, ён быў затрыманы праваахоўнымі органамі 11 сакавіка гэтага году. Разам зь бізнэсмэнам у СІЗА КДБ трапілі яшчэ 5 чалавек, якія падазраюцца ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры.

Ужо даўно ў Беларусі існуе практыка, калі бізнэсоўцы выкупляюць сваю свабоду.

Ужо даўно ў Беларусі існуе практыка, калі бізнэсоўцы выкупляюць сваю свабоду. Чалавека арыштоўваюць і называюць суму, якую ён павінен заплаціць за свабоду. І калі ён ня хоча сядзець, то плаціць. Прычым усё гэта адбываецца без суду, дзе арыштаваны можа аспрэчыць і сам арышт, і суму выкупу. Таму тут у праваахоўных органаў існуе поўная свабода рук, можна прызначаць любую суму.

Але ў выпадку з Чыжом зьвяртае на сябе ўвагу такая акалічнасьць. Па словах кіраўніка КДБ Валерыя Вакульчыка, сума шкоды па крымінальнай справе ў дачыненьні да Юрыя Чыжа складае каля 12 млн даляраў. 11 верасьня Лукашэнка, размаўляючы з журналістамі на выбарчым участку, адзначыў: «Ёсьць эканамічныя злачынствы, нявыплата падаткаў і гэтак далей — памнажайце на тры, а некаторыя на пяць, плаціце за ўсё, што скралі ў дзяржавы, і ідзіце працуйце».

Дык вось, давайце лічыць. 12 мільёнаў шкоды, па вэрсіі старшыні КДБ, памножыць хоць бы толькі на тры, выходзіць 36 мільёнаў даляраў. Але, паводле заявы Лукашэнкі, заплаціць Чыж павінен тыя ж 12–13 млн. Дык што, атрымліваецца, Чыжу нічога не памнажалі, ён заплаціў толькі тое, што палічылі шкодай? За што такі прывілей? Дарэчы, паводле інфармацыі прэсавай службы КДБ, гэтую суму Чыж ужо сплаціў. Нядаўна была інфармацыя, што актывы Чыжа распрадаюцца.

Яго арыштавалі «па паняцьцях», цяпер вызвалілі зноў жа «па паняцьцях». Так працуе бізнэс, так працуе ўся краіна.

Якія ўрокі варта вынесьці з гэтай сумнай гісторыі? Юры Чыж рабіў свой бізнэс «па паняцьцях», дзякуючы блізкасьці да «цела» меў прывілеі, атрымліваў вольны доступ у прыбытковыя сфэры, куды пускалі толькі абраных, напрыклад, у гандаль нафтапрадуктамі. Наўзамен аказваў паслугі Лукашэнку, будаваў лядовыя палацы за свой кошт. А потым яго арыштавалі «па паняцьцях», цяпер вызвалілі зноў жа «па паняцьцях». Так працуе бізнэс, так працуе ўся краіна.

Другі момант. Калі дзяржава пачынае абіраць да ніткі нават прыдворных бізнэсоўцаў, якія маюць найвышэйшы «дах», то гэта сьведчыць пра маштаб эканамічнага крызісу.

І яшчэ. Старшыня КДБ Вакульчык, апавядаючы пра нібыта злачынствы Чыжа, расказваў, што той пачаў выводзіць свой капітал за мяжу. Незразумела, чаму гэта ў Беларусі злачынства. Але тут цікава тое, што Чыж зразумеў: няма сэнсу інвэставаць у краіне, якая ня мае эканамічных пэрспэктыў.

Скандал вакол Юрыя Чыжа адказвае на пытаньне, для чаго існуе бізнэс у Беларусі. Галоўнае яго прызначэньне ў тым, каб падтрымліваць жыцьцяздольнасьць беларускай сацыяльнай мадэлі, падтрымліваць яе грашыма.

Чыж добра адкупіўся. А маглі адправіць кіраваць адсталым калгасам.

Глод: Калі паглядзець рэакцыю эканамістаў і палітыкаў на справу Чыжа, то галоўная вэрсія яе ўзьнікненьня такая — дрэнныя справы зь фінансамі ў краіне. Лукашэнку цяпер, як, бадай, ніколі, патрэбныя грошы. А Чыж ня проста іх утойваў, а нават спрабаваў перавесьці ў замежныя банкі. А гэта ўжо нагадвала ўцёкі з карабля, які тоне. У такой сытуацыі ўжо не да сяброўства. І калі Чыж вырашыў, што ён такі моцны, то яго трэба паставіць на месца.

І Лукашэнка гэта прадэманстраваў. Для яго затрыманьне Чыжа несла падвойную выгаду. Па-першае, ён паказаў электарату, што не даруе нікому, нават надзвычай набліжаным да сябе людзям, а па тэлевізары Чыжа паказвалі побач з кіраўніком дзяржавы. Па-другое, кожны, хто займаецца бізнэсам у Беларусі, атрымаў сур’ёзнае папярэджаньне — не спрабуйце вывозіць капіталы за мяжу.

Арышт і вызваленьне Чыжа ўпісваюцца ў схему існаваньня бізнэсу ў Беларусі

А ў цэлым арышт і вызваленьне Чыжа ўпісваюцца ў схему існаваньня бізнэсу ў Беларусі — прыватны бізнэс цалкам залежыць ад уладаў, і ён падкантрольны. Статус бізнэсу — падтрымліваць жыцьцяздольнасьць беларускай сацыяльнай мадэлі, дапамагаць дзяржаўнаму сэктару. Як толькі здараецца крызіс, улада бярэ грошы ў бізнэсу.

Абсалютна мае рацыю Валер Карбалевіч, калі сьцьвярджае, што ўжо даўно ў Беларусі існуе практыка, калі бізнэсоўцы выкупляюць сваю свабоду. Прыкладаў тут мноства.

Мне асабіста цікава: а хто будзе наступнай ахвярай?

Мне асабіста цікава: а хто будзе наступнай ахвярай? Нейкага пэрсанальнага прагнозу я не раблю. Але згадаю нядаўняе інтэрвію былога буйнога бізнэсоўца Андрэя Клімава. Той казаў, што калі палічыць афіцыйную выручку буйных прадпрыемстваў, якімі валодаюць Тапузідзіс і, да прыкладу, Машэнскі, то яны ўдваіх маглі б унесьці ў казну 10 мільярдаў даляраў. Прычым, падкрэсьліў Клімаў, «кэшам», то бок гатоўкай. А ўсяго, калі ўзяць 100 найбольш буйных бізнэсоўцаў Беларусі, у іх можна забраць 100 мільярдаў. І таму, я думаю, калі Лукашэнка не атрымае замежных крэдытаў, то адносіны зь бізнэсам могуць перарасьці ў схему, якую згадаў спадар Клімаў.

І гэта нікога ня будзе зьдзіўляць. Бо, як слушна казаў спадар Карбалевіч, як працуе бізнэс, так працуе ўся краіна. Хоць, мне падаецца, можна казаць пра гэта і наадварот: як працуе ўся краіна, так працуе і бізнэс.

Ільяш: Сапраўды, справа Чыжа — гэта яскравая ілюстрацыя таго, як працуе дзяржаўная мадэль, як працуе ўлада, як працуе бізнэс у Беларусі. Сапраўды, закону тут няма — ёсьць паняцьці. Прычым, падкрэсьлю, не зусім зразумелыя для тых, хто існуе па-за межамі гэтай сыстэмы, бо мы дагэтуль нават блізка ня ведаем, чаму і як Чыж трапіў у няласку. Зразумела толькі тое, што блізкасьць да першай асобы ў краіне нічога не гарантуе, а, можа, нават павялічвае рызыкі. Недатыкальная ў Беларусі толькі адна асоба — гэта Аляксандар Лукашэнка.

Унутраная лёгіка дзеяньняў аўтарытарнай сыстэмы ўлады звычайна значна мацнейшая за любыя эканамічныя фактары.

Я б толькі не пагадзіўся, што арышт прыдворнага бізнэсоўца сьведчыць пра маштабы эканамічнага крызісу. Ня думаю, што гэтыя рэчы зьвязаныя наўпрост. Унутраная лёгіка дзеяньняў аўтарытарнай сыстэмы ўлады звычайна значна мацнейшая за любыя эканамічныя фактары. «Мяне паставілі на месца», — сказаў у свой час вядомы мадэльер Аляксандар Варламаў, адказваючы на пытаньні журналістаў пра прычыны свайго крымінальнага перасьледу. Думаю, што такога кшталту лёгіка ў справе Чыжа мае больш важнае значэньне, чым любы эканамічны крызіс. Але і грошы — так — рэч не апошняя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG