Праваахоўныя органы не камэнтуюць інфармацыю пра затрыманьне кіраўніцтва IBA Group — гендырэктара Сяргея Ляўцеева і ягонага першага намесьніка Сяргея Акуліча. Экспэрты мяркуюць, што чарговы «наезд» на прадстаўнікоў ІТ-бізнэсу будзе спрыяць адтоку мазгоў, пасьпяховыя ў сфэры высокіх тэхналёгіяў кампаніі перадысьлякуюцца за мяжу, як сталася з IG Dev, якую заснаваў Віктар Пракапеня.
Сьледчы камітэт не пацьвярджае, але і не абвяргае інфармацыю пра арышт кіраўнікоў IBA Group
Паводле зьвестак парталу tut.bу, старшыня праўленьня IBA Group, гендырэктар IBA Minsk Сяргей Ляўцееў і сябра праўленьня, першы намесьнік старшыні IBA Group, дырэктар па распрацоўцы праграмнага забесьпячэньня, гендырэктар IBA IT Park Сяргей Акуліч затрыманыя.
Кіраўнік аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч сказаў Радыё Свабода:
«На жаль, я не магу ні пацьвердзіць, ні абвергнуць інфармацыю. Па сутнасьці справы нічым дапамагчы вам не магу».
У прэс-службе IBA па-ранейшаму сьцьвярджаюць, што абодва кіраўнікі кампаніі — і Сяргей Акуліч, і Сяргей Ляўцееў — у адпачынках.
IBA — вядучы распрацоўшчык, вытворца і пастаўшчык інфармацыйных тэхналёгіяў. Сярод кліентаў кампаніі шмат дзяржструктур, буйных прадпрыемстваў і банкаў. Да прыкладу, ІВА займалася стварэньнем сыстэмы карпаратыўнага электроннага дакумэнтаабароту Ўпраўленьня спраў прэзыдэнта, адзінай інфармацыйнай сыстэмы органаў пракуратуры, выконвала заказы буйных прадпрыемстваў — БелАЗу, «Беларуснафты», Беларускай чыгункі. Кампанія распрацоўвала праграмную частку валідатараў, якія цяпер выкарыстоўваюцца ў грамадзкім транспарце. Спэцыялісты IBA абслугоўвалі праграмна-тэхнічны комплекс цэнтралізаванай аўтаматызаванай банкаўскай сыстэмы «Беларусбанку».
Капянулі ў «Беларусбанку» — выйшлі на адкаты ў IBA
Экспэрты зьвязваюць затрыманьне кіраўніцтва ІВА з арыштамі выканаўчага дырэктара Беларусбанку Анатоля Баговіка і гендырэктара Банкаўскага працэсінгавага цэнтру Генадзя Зубарава: маўляў, «з-за адкатаў і абнаяўліваньня».
На дыскусійнай пляцоўцы talks.by пішуць:
«Відаць, раскачалі за банкаўскае праграмнае забесьпячэньне»
«Капянулі ў „Беларусбанку“ — выйшлі на адкаты ў IBA. Даю падказку СК: бярэш любую дзяржструктуру, шукаеш падрадчыка /пастаўшчыка — і сьмела вядзеш на допыт».
Камэнтатары даюць парады і «наводкі» па іншых накірунках працы ІВА:
«Няхай сьледчыя яшчэ правераць устаноўку валідатараў і сыстэмы кантролю квіткоў у гарадзкім транспарце. Там таксама штосьці дзіўнае... кошт шалёны. А ўсё гэта бюджэтныя сродкі».
Кіраўніцтва IBA Group пракамэнтавала, чаму кампаніяй зацікавіліся сілавікі
У праваахоўных органаў Беларусі ёсьць пытаньні да кампаніяў IBA Group наконт карэктнасьці выплаты падаткаў. Пра гэта гаворыцца ў камэнтары суўладальніка і старшыні праўленьня IBA Group Сяргея Ляўцеева для супрацоўнікаў кампаніі:
«Да нашых кампаніяў сапраўды ёсьць пытаньні ў частцы карэктнасьці выплаты падаткаў, але кампаніі і кіраўніцтва працуюць у штатным рэжыме. Мы цалкам адкрытыя для супрацоўніцтва з кантрольнымі органамі і спадзяёмся, што сутнасьць прэтэнзіяў бліжэйшым часам будзе растлумачана і ўрэгулявана», — піша ў сваім камэнтары Сяргей Ляўцееў.
«Сувязь зь іншымі падзеямі, якія адбываюцца ў РБ і якія асьвятляюцца ў СМІ, відавочна надуманая і ня мае пад сабой ніякіх падстаў», — падкрэсьлівае Сяргей Ляўцееў.
Таксама кіраўнік IBA Group перакананы, што «гэтыя акалічнасьці ня зробяць нэгатыўнага ўплыву на ход выкананьня праектаў і нашы ўзаемаадносіны з партнэрамі і заказчыкамі».
Ляўцееў пацьвердзіў, што ён сапраўды ў адпачынку, які праводзіць у Беларусі і наведае спартовыя заняткі ў фізкультурна-аздараўляльным комплексе кампаніі ў адпаведнасьці з раскладам.
Пракапеня заплаціў за свабоду 12,5 мільярда рублёў, Камок сеў на 6 гадоў
Дарэчы, гэта ня першае затрыманьне кіраўнікоў ІТ-кампаніяў. У мінулым годзе Сьледчы камітэт затрымліваў вядомага бізнэсоўца, уладальніка кампаніяў exp(capital) і Viaden Media Віктара Пракапеню. Яго вінавацілі ў атрыманьні 650 тысяч даляраў ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Прычым затрымалі Пракапеню 18 сакавіка 2015 году, а афіцыйна Сьледчы камітэт пацьвердзіў інфармацыю пра арышт толькі праз два тыдні, 3 красавіка. За Пракапеню заступіліся кіраўнікі і суўладальнікі буйных беларускіх ІТ-кампаніяў. Бізнэсовец правёў у СІЗА 9 месяцаў, вызвалілі яго толькі 22 сьнежня. Паводле інфармацыі Сьледчага камітэту, ён цалкам кампэнсаваў страты — выплаціў 12,5 мільярда рублёў. Кампанія IG Dev, ля вытокаў якой стаяў Пракапеня, пераехала ў Кракаў, калі ён яшчэ сядзеў.
А вось былы партнэр Віктара Пракапені па бізнэсе Аляксей Камок быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
«Такія пасадкі — яшчэ адзін стрэл у сьпіну вельмі пасьпяховага праекту — ПВТ»
Што можа азначаць арышт кіраўнікоў кампаніі, якая ў асноўным працавала на дзяржаву? Калегі-праграмісты, прадстаўнікі Парку высокіх тэхналёгіяў нават на ўмовах ананімнасьці адмовіліся гэта камэнтаваць.
Эканаміст Яраслаў Раманчук выказаў такое меркаваньне:
«Перш за ўсё, грошай не хапае ў бюджэце. Гэта першая і асноўная прычына, чаму кантрольныя і сьледчыя органы так сябе паводзяць.
Па-другое, у нас самая галоўная жывёла — гэта жаба, якая душыць усіх у дачыненьні да багатых людзей, таму трэба было такім чынам паказаць, хто ў краіне гаспадар.
Па-трэцяе, такія пасадкі — гэта яшчэ адзін стрэл у сьпіну вельмі пасьпяховага праекту — Парку высокіх тэхналёгіяў. Калі верыць у „тэорыю змовы“, дык можна падумаць, што гэта робяць уладальнікі і „архітэктары“ падобных структур з Польшчы, Літвы, Украіны, якія паставілі мэту — завабіць беларускіх праграмістаў, каб тыя стваралі свае прадукты менавіта там. Бо менавіта яны — асноўныя бэнэфіцыяры „наезду“ на беларускіх праграмістаў, найбольш пасьпяховых людзей у новай эканоміцы.
І паколькі няма ніякай інфармацыі, гэта сьведчыць пра тое, што нават калі ты супэрспэцыяліст у сфэры высокіх тэхналёгіяў, у ІТ-шнікаў вельмі нізкі ўзровень грамадзкай сьвядомасьці і разуменьня таго, што найлепшая абарона правоў уласнасьці і права займацца бізнэсам — гэта адкрытая грамадзкая дзейнасьць, у якой, на жаль, нашы праграмісты ўвогуле не зацікаўленыя і ня бралі ўдзелу. Вось яны і нарываюцца — за тое, што працавалі закрыта, з намэнклятурай нейкія справы мелі. А сёньня гэтая намэнклятура атрымала іншыя загады, і пайшоў, як кажуць, „чос“. Віктар Пракапеня заплаціў, і гэтыя заплацяць, каб толькі выйсьці на свабоду. Жыцьцё даецца толькі раз, і правесьці некалькі гадоў у беларускай турме ня хочацца. Таму яны гатовыя заплаціць, каб апынуцца на свабодзе, а потым і за межамі гэтай краіны, якая вельмі непрыязна ставіцца да талентаў, да людзей, якія зарабляюць на жыцьцё сваімі мазгамі.
Але са стратэгічнага пункту гледжаньня такія паводзіны дзяржавы ў дачыненьні да ІВА ды іншых ІТ-кампаніяў прывядуць да таго, што праз пару-тройку гадоў ад Парку высокіх тэхналёгіяў застануцца толькі карпусы і ня больш за тое».