Аляксандар Лукашэнка сваім указам памілаваў вядомага спэцыяліста ў інфармацыйных тэхналёгіях Аляксея Камка, якога летась засудзілі на 6 год за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць і пашырэньне парнаграфіі.
Пасьля затрыманьня Аляксея Камка ў студзені 2014 году сваякі і калегі па IT-бізнэсе ня верылі ў ягоную віну і казалі пра штучнасьць абвінавачаньня.
Паводле сьледзтва, Аляксей Камок нібыта незаконна зарабіў на рынку інтэрнэт-рэклямы больш як 800 тысяч даляраў, зь якіх не сплаціў падаткаў. «Айцішнік» адразу не прызнаваў віны, і тады ў ягонай справе ўзьнікла абвінавачаньне ў пашырэньні праз інтэрнэт парнаграфіі.
Пасьля абвяшчэньня прысуду ў чэрвені 2015 году Аляксей Камок пасьпеў сказаць карэспандэнту Свабоды, што ягоную справу сфальшавалі і што ад яго дамагаліся паказаньняў на Віктара Пракапеню, вядомага ІТ-бізнэсмэна і былога ягонага начальніка, які на той момант таксама быў арыштаваны.
Віктар Пракапеня выйшаў на волю ў сьнежні 2015 году, пасьля таго як кампэнсаваў нанесеныя страты. Аляксей Камок тады ўжо сядзеў у калёніі, адкуль працягваў абскарджваць прысуд, які вынес яму Партызанскі суд Менску. Скаргі далі вынік. Сёлета ў лістападзе Вярхоўны суд зьмяніў пакараньне Камку з 6 гадоў узмоцненага рэжыму на 4 гады агульнага рэжыму. Як стала вядома ад сваякоў Аляксея Камка, у ноч на 30 сьнежня ён увогуле выйшаў на волю паводле ўказу аб памілаваньні.
Маці «айцішніка» Любоў Камок у камэнтары для tut.by выказала Аляксандру Лукашэнку «велізарны чалавечы дзякуй».