Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гомсельмаш» працуе са стратамі. А што з заробкам у гендырэктара?


Удзельнікі «круглага стала» ў грамадзка-палітычным цэнтры Гомеля
Удзельнікі «круглага стала» ў грамадзка-палітычным цэнтры Гомеля

Прадпрыемства «Гомсельмаш» працуе са стратамі, ня можа вярнуць крэдыты, а сярэднямесячны заробак гендырэктара Аляксандра Камко перавышае ў эквіваленце 7 тысяч даляраў.

Пра гэта казалі ўдзельнікі «круглага стала» ў грамадзка-палітычным цэнтры Гомеля на Палескай вуліцы. Дыскусія была прысьвечана ўдзелу грамадзтва ў рэфармаваньні прадпрыемстваў — на прыкладзе дзяржаўнага акцыянэрнага таварыства «Гомсельмаш».

Ініцыяваў сустрэчу грамадзкі актывіст, экс-кандыдат у дэпутаты, былы працаўнік абʼяднаньня Ўладзімер Кацора.

«Зьвярніце ўвагу на такую акалічнасьць, — казаў пра „Гомсельмаш“ прамоўца, — абʼяднаньне працуе са стратамі, ня можа вярнуць крэдыты, а гендырэктар Аляксандар Камко, калі абіраўся дэпутатам абласнога савету па Буда-Кашалёўскай выбарчай акрузе № 21, задэкляраваў даход, зь якога вынікае, што сярэднямесячны заробак яго перавышае ў эквіваленце 7 тысяч даляраў. Гэта я не прыдумаў, а ўзяў з дэклярацыі аб даходах Камко як кандыдата ў дэпутаты абласнога савету».

Уладзімер дадаў, што найбуйнейшае ў Гомелі машынабудаўнічае прадпрыемства, і ня толькі яно, перажывае сыстэмны крызіс:

«Тысячы рабочых зацягваюць тужэй паясы, зазнаюць скарачэньні, праз зьніжэньне заробкаў страчваюць магчымасьць годна забясьпечваць свае семʼі. Па сутнасьці, зьведзена да нуля роля прафэсійных фармаваньняў, мясцовай улады, экспэртна-эканамічных супольнасьцяў. Гэта й блізка не адпавядае той сытуацыі, якая існавала нават у дзевяностыя гады, калі працоўныя калектывы, іхнія грамадзкія фармаваньні дыктавалі сваю волю і дырэктарам прадпрыемстваў, і ўсякім іншым адміністратарам».

Удзельнікі круглага стала
Удзельнікі круглага стала

Ніхто з дырэкцыі і прафкаму «Гомсельмашу» на дыскусію не прыйшоў. Таму карэспандэнт БелаПАНу папрасіў намесьніка гендырэктара па ідэалёгіі і сацыяльных пытаньнях Мікалая Кавалевіча спраўдзіць найперш пра заробкі галоўнага кіраўніка машынабудаўнічага акцыянэрнага таварыства.

— Незадоўга да выбараў у мясцовыя саветы, — кажа Кавалевіч, — Аляксандар Камко са ЗЛІНу, дзе ён быў кіраўніком, пераходзіў на працу гендырэктарам абʼяднаньня. І яму налічылі кампэнсацыю за пяць адпачынкаў, у тым ліку тры поўныя. Вось і ўся арытмэтыка. Ён ня браў адпачынкі, а працаваў і працаваў. Пры пераходзе да новага наймальніка водпускі не захоўваюць, а кампэнсуюць. Ён столькі даўно не атрымлівае.

— Можаце назваць цяперашнюю лічбу?

— Я не цікаўлюся, бо гэта некарэктна. У яго заробак цяпер ня самы высокі ў нашым холдынгу.

«Дзяржава адтэрмінавала „Гомсельмашу“ выплаты па даўгах»

Наведваючы ў 2015 годзе ААТ «Гомсельмаш», экс-прэмʼер Міхаіл Мясьніковіч агучыў суму доўгу — на той час 5,1 трыльёна рублёў пры гадавым абʼёме вытворчасьці 4,4 трыльёна.

Па выніках таго ж 2015 году ААТ «Гомсельмаш» займала другое месца сярод усіх акцыянэрных таварыстваў Беларусі па велічыні стратаў (1,9 мільярда) і падзеньні абʼёму продажаў (мінус 290 мільёнаў).

Са стратамі, паводле Міністэрства фінансаў, «Гомсельмаш» працаваў і ў 2016 годзе — за першы квартал яны склалі звыш 990 мільёнаў. Пазьнейшых лічбаў Мінфін не падае.

Цяпер на прадпрыемстве кажуць, што апошнім часам «Гомсельмаш» працуе бяз стратаў. А на «круглым стале» тлумачылі, што дзяржава адтэрмінавала «Гомсельмашу» выплаты па даўгах, таму на выгляд фінансавая сытуацыя нібыта й палепшылася.

«Улада і ўласнасьць не павінны быць у адных руках»

Удзельнік «круглага стала» эканаміст Мікалай Новікаў лічыць, што на падставе прынцыпаў краўдфандынгу павінен быць створаны доўгатэрміновы бізнэс-плян радыкальнай мадэрнізацыі «Гомсельмаша». Дзяржава як асноўны ўласьнік павінна прадаць рабочым частку акцыяў, гарантаваць іх даходнасьць. Гэта падвысіць інтарэс да такіх прадпрыемстваў і ў замежных інвэстараў.

З крызісу прадпрыемствы трэба выводзіць праз разьдзяржаўленьне, рэструктурызацыю, прыцягненьне прамысловага прадпрымальніцтва ды інвэстыцыяў на вольныя вытворчыя плошчы.

Былы рабочы «Гомсельмашу», эканаміст Леанід Злотнікаў казаў, што выраб тэхнікі стаўся ў сьвеце інтэрнацыянальнай справай. Калі вырабляць тыя ж камбайны паводле замкнутага цыклю, іх сабекошт заўсёды будзе вышэйшы, чым у такой жа тэхнікі, зробленай паводле каапэрацыі. Таму арыентацыя прадпрыемстваў на поўнае імпартазамяшчэньне таксама выглядае сумнеўнай. На думку эканаміста, улада і ўласнасьць не павінны быць у адных руках.

У дзельнікі дыскусіі выказаліся і адносна таго, дзе рабочыя возьмуць сродкі, каб набыць акцыі свайго ж прадпрыемства. Адказ такі: акцыі могуць быць і часткай заробку ў адпаведнасьці з кантрактам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG