Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дармаедка», якая дабілася справядлівасьці ў Гарбачова, просіць абароны ў Лукашэнкі


«Дармаедка» з-пад Жабінкі: няхай мяне на мыліцах забіраюць на 15 сутак
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:09 0:00

«Дармаедка» з-пад Жабінкі: няхай мяне на мыліцах забіраюць на 15 сутак

Жыхарка вёскі Падлесьсе Жабінкаўскага раёну Людміла Купраш выклала ў інтэрнэце відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі з нагоды атрыманьня ліста аб неабходнасьці сплаціць падатак на «дармаедзтва». Спадарыня з кучай хваробаў кажа, што ня можа працаваць, а мэдыкі не даюць ёй групу інваліднасьці.

«Замкнёнае кола» — так характарызуе сваю сытуацыю 56-гадовая Людміла Купраш. Жыхарка Падлесься некалькі гадоў ня можа дабіцца афармленьня групы інваліднасьці. Кажа, што ўладкавацца на працу ня можа, бо страчвае прытомнасьць. Апошняя кропля яе цярпеньня скончылася, калі ёй прыйшоў ліст з падатковай інспэкцыі з патрабаваньнем сплаціць 360 рублёў за «дармаедзтва».

Хварэе, але групы інваліднасьці пазбавілі

Спадарыня жыве ў вёсцы Падлесьсе. У яе хаце чыста, але небагата — старэнькія шпалеры, пашарпаная падлога. Людміла скардзіцца, што даўно ня можа дазволіць сабе зрабіць рамонт.

Муж Людмілы Купраш езьдзіць на працу ў Менскую вобласьць, дахаты прыяжджае вельмі рэдка, бо, апроч таго, даглядае там свайго састарэлага брата.

Людміла Купраш
Людміла Купраш

У спадарыні Купраш трое дарослых дзяцей — два сыны і дачка. Адзін з сыноў, Мікалай, жыве разам зь ёй. Ён інвалід, на вытворчасьці атрымаў траўму рукі.

У самой Людмілы — цэлы букет хваробаў, зь якімі яна жыве яшчэ з савецкіх часоў. Па хаце спадарыня перасоўваецца з дапамогай мыліцы:

«Я ўсё жыцьцё хварэю, у мяне столькі было апэрацыяў, я парэзаная ўздоўж і ўпоперак. Тубэркулёз нырак, касьцей, грыжаў міжпазванковых нямерана, астма, алергія... Але мне ўжо проста нельга рабіць апэрацыі, я не пераношу наркозу. Кожная раніца ў мяне пачынаецца зь лекаў, з абязбольвальнага. І толькі тады я падымаюся і штосьці раблю», — кажа жанчына.

Раней у Людмілы Купраш была 2-я група інваліднасьці, аднак яе зьнялі. Спадарыня спрабавала аднавіць групу, але сутыкнулася з бюракратычнымі перашкодамі:

«Пачынаючы з канца 2015 году я зьвярталася па аднаўленьне інваліднасьці. І пайшлі сапраўдныя пякельныя пакуты. Цэлы год езьдзіла ў абласную лякарню, ліставалася. Часам такія адпіскі дасылалі, што я траха не зусім здаровая. У мяне нават хабар прасілі за тое, каб групу аднавіць».

Працы ў вёсцы хвораму чалавеку не знайсьці

Людміла Купраш перасоўваецца па хаце з дапамогай мыліцы
Людміла Купраш перасоўваецца па хаце з дапамогай мыліцы

Жанчына кажа, што яна б і хацела працаваць, але знайсьці працы для хворага чалавека ў вёсцы немагчыма:

«Апошні раз працавала ў 2009 годзе. Хітрасьцю, падманам удалося ўладкавацца. Тады чарговы раз у Жабінкаўскай лякарні была згубленая мая картка. Ну і мне тады падвярнулася праца, пайшла ў садок качагарам. У выніку праз пару месяцаў і той працы я пазбавілася — страціла прытомнасьць, упала ды паламала руку».

У выніку, даведаўшыся, колькі ў спадарыні Людмілы хваробаў, ёй выстаўлялі прэтэнзіі, якім чынам яна змагла ўладкавацца на працу.

Нягледзячы на тое, што спадарыні ўжо 56 гадоў, яна ня мае пэнсіі па ўзросьце:

«У студзені леташнім мне па ўзросьце трэба было на пэнсію. Зьвярталася, а мне сказалі што маёй пэнсійнай справы няма. Сказалі, што мая другая група інваліднасьці ў стаж не ўваходзіць. Маўляў, будзе мая пэнсія пасьля 60 гадоў».

Людміла кажа, што сямʼя жыве на невялікі заробак мужа, які працуе на прадпрыемстве перапрацоўкі сьмецьця, і выплаты па інваліднасьці сыну — гэта 90 рублёў, якія застаюцца пасьля выплаты алімэнтаў.

Была інвалідам, а стала «дармаедкай»

Нядаўна з падатковай інспэкцыі спадарыні Людміле прыйшоў ліст з патрабаваньнем выплаціць падатак за «дармаедзтва». Жанчыну гэта шакавала:

«Выходзіць, ты інвалід без інваліднай групы — і стаж табе ня йдзе, і працаваць ты ня можаш. І куды нам падзецца? Куды нам бегчы? Што за законы ў нас прымаюцца? Я 15 гадоў не атрымлівала пэнсіі за інваліднасьць, я нічога ў дзяржавы не прашу, лекі за свае грошы шмат гадоў набывала, нават калі мне можна было патрабаваць бясплатныя. 800 тысяч [недэнамінаванымі] я аддавала за некаторыя лекі. То чаму я павінна плаціць зараз гэты падатак „дармаедзкі“?» — абураецца Людміла Купраш.

Мікалай, сын Людмілы, атрымаў траўму на вытворчасьці і страціў палец
Мікалай, сын Людмілы, атрымаў траўму на вытворчасьці і страціў палец

Людміла кажа, што спрабавала давесьці падаткавікам і тое, што яна трымае падсобную гаспадарку, у яе некалькі дзясяткаў курэй, гусі. Але ёй адказалі, што яна пад пункт аб вядзеньні гаспадаркі не трапляе і мусіць плаціць.

Жанчына кажа, што плаціць не зьбіраецца: «Няхай садзяць на суткі. Паглядзім, як яны будуць утрымліваць хворага чалавека, які прытомнасьць траціць», — кажа суразмоўца.

На прыём да Гарбачова трапіла, а да Лукашэнкі пакуль не

Людміла Купраш кажа, што яна была б гатовая дабівацца справядлівасьці і праз Аляксандра Лукашэнку, але ня ведае, як да яго трапіць. Затое жанчына расказала выпадак, як напрыканцы існаваньня Савецкага Саюзу трапіла да тагачаснага кіраўніка Міхаіла Гарбачова. Тады яна вазіла да яго зварот, каб ня зносілі побач зь ейным каапэратывам дзіцячую пляцоўку:

«У 1986 годзе гэта было. У Гарбачова тады былі прыёмы людзей. І мне казалі, што ня трапіш, але я трапіла да яго. Тады была такая сытуацыя, што на месцы нашай дзіцячай пляцоўкі пачалі будаўніцтва. Я сабрала подпісы і паехала ў Маскву. Дабілася на прыём да Гарбачова. Пакуль я выкладала яму сваю праблему, з Масквы ўжо патэлефанавалі ў Менск, адтуль — у Берасьце, і за ноч зьнесьлі тую будоўлю і вярнулі нам дзіцячыя пляцоўкі. За мной, праўда, потым палову году хадзіла КДБ...» — падзялілася Людміла Купраш.

Ня могучы дабіцца аўдыенцыі Аляксандра Лукашэнкі, спадарыня зьвярнулася да яго празь відэаазварот у інтэрнэце. Гэта, кажа Людміла, для яе было ўжо «апошнім крокам адчаю». За пару тыдняў зварот сабраў каля 30 тысяч праглядаў.

Тым ня меней, нягледзячы на розгалас у інтэрнэце, кажа Людміла Купраш, яна мае мала спадзяваньняў, што нехта дапаможа вырашыць яе сытуацыю:

«Ніякай рэакцыі, што вы! Ніхто нават не адгукнуўся: ні дактары, ні чыноўнікі...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG