Грамадзкая актывістка, студэнтка Баранавіцкага ўнівэрсытэту Аліна Нагорная прапанавала Слуцкаму райвыканкаму правесьці круглы стол, прысьвечаны Слуцкаму збройнаму чыну.
Случанка Аліна Нагорная, якая зьяўляецца ініцыятаркай збору подпісу за ўсталяваньне каля Слуцкага краязнаўчага музэю помніка Слуцкім паўстанцам, накіравала ў Слуцкі райвыканкам зварот.
Зыходзячы з таго, што Слуцкае паўстаньне зьяўляецца адной з вызначальных падзеяў у гісторыі змаганьня беларусаў за сувэрэнную Беларусь і вучыць беларусаў гераізму і мужнасьці, актывістка просіць Слуцкі райвыканкам арганізаваць круглы стол, прысьвечаны гэтай гістарычнай падзеі.
Падчас правядзеньня круглага стала яна прапануе праглядзець фільм «40 дзён сялянскай рэспублікі», зьняты тэлеканалам АНТ, а таксама абмеркаваць тэму «Значэньне Слуцкага паўстаньня для Случчыны і Беларусі» і такім чынам даць старт шырокаму грамадзкаму абмеркаваньню на тэму «Як захаваць памяць герояў Слуцкага збройнага чыну». На круглы стол мяркуецца запрасіць вядомых беларускіх гісторыкаў ды грамадзкіх дзеячоў, прадстаўнікоў уладаў і грамадзкасьці Слуцкага раёну.
Таксама Аліна Нагорная ў сваім звароце зьвярнула ўвагу слуцкага кіраўніцтва, што ў горадзе з канца лістапада 2016 году адбываецца збор подпісаў пад зваротам да раённага выканаўчага камітэту з прапановай паставіць у Слуцку помнік героям-случакам. І той факт, што 1000 жыхароў раёну ўжо падпісаліся пад зваротам, сьведчыць пра актуальнасьць і запатрабаванасьць гэтай тэмы.
У канцы звароту Нагорная папрасіла аказаць садзеяньне ў правядзеньні мерапрыемства ў памяшканьні Цэнтральнай раённай бібліятэкі ў любы дзень у лютым 2017 году. З аналягічным зваротам аб выдзяленьні памяшканьня для круглага стала ініцыятарка ўсталяваньня помніку зьвярнулася і ў Слуцкую раённую бібліятэку.
Прагляд фільма пра слуцкае паўстаньне зь яго абмеркаваньнем і сустрэчу з гісторыкам Нінай Стужынскай ініцыятары ўшанаваньня памяці паўстанцаў плянуюць правесьці 27 студзеня ў Менску.
Слуцкі збройны чын, або Слуцкае паўстаньне — спроба ўзброенай абароны незалежнасьці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і сьнежні 1920 году. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна зь мясцовых сялян, аказвалі супраціў савецкім войскам.