Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слуцку ня будзе вуліцы Слуцкіх паўстанцаў


Слуцак, ілюстрацыйнае фота
Слуцак, ілюстрацыйнае фота

Слуцкі раённы выканаўчы камітэт лічыць немэтазгодным перайменаваньне вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў.

5 сьнежня актывістка Зінаіда Цімошак, адна з арганізатараў збору подпісаў за ўшанаваньне памяці слуцкіх паўстанцаў, атрымала афіцыйны адказ з Слуцкага райвыканкаму. Гэткі ж адказ атрымаў і сябра партыі БНФ Віталь Амяльковіч, падпісаўшы разам зь Цімошак суправаджальнае пісьмо да калектыўнага звароту 550 случан з просьбай перайменаваць вуліцу Камсамольскую ў вуліцу Слуцкіх паўстанцаў. Менавіта на гэтай вуліцы, што раней мела назву Шырокая, як сьведчаць краязнаўцы, знаходзіўся дом Эдварда Вайніловіча.

Асноўным аргумэнтам для нэгатыўнага адказу на просьбу ўшанаваньня памяці тысяч случан, што загінулі ў 1920 годзе ў барацьбе за незалежнасьць Беларусі, старшыня Слуцкага райвыканкаму Андрэй Янчэўскі лічыць нежаданьне саміх жыхароў вуліцы Камсамольскай перайменаваць вуліцу.

З тэксту адказу вынікае, што 24 лістапада 2016 году нібыта «раённым выканаўчым камітэтам быў праведзены сход грамадзян, падчас якога жыхары вуліцы Камсамольскай выказаліся супраць перайменаваньня вуліцы».

Таксама старшыня райвыканкаму, аргумэнтуючы немэтазгоднасьць зьмены назвы, спасылаецца на расходы, патрэбныя для гэтага.

Дарэчы, пра сход грамадзян па месцы жыхарства актывістка Зінаіда Цімошак, якая перадала калектыўны зварот у Слуцкі райвыканкам, даведалася толькі з афіцыйнага адказу.

— Што гэта быў за таямнічы сход і колькі людзей там прысутнічала, зь якіх дамоў, райвыканкам не паведаміў, — распавядае Зінаіда Цімошак. — Дзіўна, што нам не далі ніякай інфармацыі напярэдадні гэтага сходу: пра сьпіс удзельнікаў, ягонае афіцыйнае рашэньне. Мы не змаглі паслухаць выступоўцаў, таксама папрысутнічаць на гэтых так званых «грамадзкіх слуханьнях». Будзем высьвятляць больш падрабязна гэтае пытаньне.

Віталь Амяльковіч, які выпадкова даведаўся пра сход, сумняваецца ў ягонай легітымнасьці і зьбіраецца абскарджваць рашэньне Слуцкага райвыканкаму ў Мінскім абласным камітэце.

Ніна Стужынская, аўтарка кнігі пра Слуцкае паўстаньне, выказала шкадаваньне з нагоды прыняцьця такога рашэньня:

Ніна Стужынская
Ніна Стужынская

— Шкадую, што Слуцкі райвыканкам прыняў такое рашэньне, — гаворыць гісторык. — Нічога дзіўнага тут няма. Спрацавала савецкая дзяржаўная ідэалёгія слуцкіх кіраўнікоў. Думаю, што самі ідэолягі нават ня бачылі фільма пра Слуцкае паўстаньне. Паколькі з падручнікаў гісторыі гэтая тэма выкінутая, случане таксама ня ведаюць пра сутнасьць падзеі, але бачаць варожае стаўленьне ідэолягаў. У інтэрнэце простыя людзі мала чытаюць гістарычныя тэксты.

Ніна Стужынская лічыць, што гісторыя пра паўстаньне случан вельмі рамантычная і кранальная і што людзі не былі б супраць вуліцы Слуцкіх паўстанцаў, калі б лепш ведалі пра гэтую падзею:

— Бачу неабходнасьць тлумачальнай працы да 100-годзьдзя сьвяткаваньня гэтай падзеі для ўсіх — гісторыкаў, журналістаў, грамадзкіх актывістаў, — мяркуе гісторык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG