Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты змагаюцца за вуліцу імя Слуцкіх паўстанцаў


14 сьнежня 2016 году ініцыятары калектыўнага звароту пра перайменаваньне вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў Віталь Амяльковіч і Зінаіда Цімошак наведалі Слуцкі райвыканкам, каб атрымаць інфармацыю пра таямнічы сход насельніцтва, які нібыта адпрэчыў іх ініцыятыву.

Намесьнік старшыні Слуцкага райвыканкаму па ідэалёгіі Ларыса Дабравольская на просьбу кіраўніка мясцовай філіі БНФ Віталя Амяльковіча згадзілася паказаць пратакол сходу грамадзян, якія пражываюць на вуліцы Камсамольскай. Пратакол сьведчыць пра тое, што на сходзе прысутнічалі 62 жыхары, якія нібыта аднагалосна прагаласавалі супраць перайменаваньня вуліцы.

З пратаколу вынікае, што зь 5 выступоўцаў на сходзе трое былі прадстаўнікамі ад улады, якія ніводным словам не згадалі пра саму гістарычную падзею і ейнае месца ў гісторыі Слуцка і Беларусі.

Згодна з пратаколам, намесьніца старшыні райвыканкаму толькі паведаміла жыхарам пра калектыўны зварот ад 550 жыхароў гораду; старшыня Слуцкага раённага Савету дэпутатаў Уладзімер Ражанец праінфармаваў пра саму працэдуру галасаваньня, а начальніца юрыдычнага аддзелу Аляксандра Тарасевіч падзялілася інфармацыяй аб прававых аспэктах.

Астатнія 2 выступоўцы (згодна з пратаколам, вэтэран Вялікай Айчыннай вайны і жыхар вуліцы Камсамольскай) выказаліся супраць перайменаваньня вуліцы, бо яна носіць імя герояў-камсамольцаў, што «загінулі ў гады грамадзянскай вайны зь белапалякамі».

96-гадавіна Слуцкага збройнага чыну, 2016 год
96-гадавіна Слуцкага збройнага чыну, 2016 год

Віталь Амяльковіч скептычна ставіцца да паказанага пратаколу сходу.

— У адрозьненьне ад нашага калектыўнага звароту, які падпісалі 550 случан з дакладнымі адрасамі, да пратаколу не прыкладзены сьпіс жыхароў вуліцы Камсамольскай, якія там нібыта прысутнічалі. На маё пытаньне да прадстаўнікоў райвыканкаму, чаму сход правялі ў такой тайне — не запрасілі ні заяўнікаў, ні журналістаў, не зрабілі аб’явы ні на сайце, ні ў мясцовых газэтах — начальніца юрыдычнага аддзелу Аляксандра Тарасевіч адказала літаральна адным сказам: «Не посчитали нужным».

— Лічу, што нармальныя сходы грамадзян так не праводзяцца. Калі галасаваньне аднагалоснае і няма ніводнага альтэрнатыўнага погляду, складваецца ўражаньне, што альбо людзі былі спэцыяльна падабраныя, альбо іх было занадта мала.

Кіраўнік слуцкай арганізацыі партыі БНФ Віталь Амяльковіч
Кіраўнік слуцкай арганізацыі партыі БНФ Віталь Амяльковіч

Актывіст мяркуе, што нежаданьне прадстаўнікоў улады бачыць на сходзе заяўнікаў сьведчыць пра баязьлівасьць разьвіцьця падзеяў іншым шляхам.

— Магчыма, яны баяцца, што мы б прывялі з сабой гісторыкаў і экспэртаў, якія б расказалі людзям пра гэтую цікавую і важную падзею з гісторыі Случчыны, і жыхары з гэтай вуліцы іначай бы ўспрынялі факт перайменаваньня, — выказвае сваю думку Віталь. – Што мяне зьдзіўляе, гэта насьцярожанасьць і нейкі спалох райвыканкамаўцаў. Яны сунулі нам пратакол і маўчалі як рыбы. А калі Зінаіда Цімошак выказала думку, што няведаньне людзей пра Слуцкае паўстаньне сьведчыць пра дрэннае становішча краязнаўчай працы ў раёне і недапрацоўку ідэолягаў райвыканкаму, Ларыса Дабравольская некаторы час маўчала, а пасьля спаслалася на адсутнасьць часу для далейшай гутаркі. Гэткім жа маўчаньнем яна адказала на пытаньне пра адкрыцьцё выставы аб Слуцкім паўстаньні ў краязнаўчым музэі пасьля рамонту.

Віталь Амяльковіч цяпер абскарджвае працэдуру сходу ў Менскім аблвыканкаме, патрабуе ў сваім звароце адмяніць вынікі фіктыўнага сходу і правесьці яго належным чынам, з інфармаваньнем шырокага кола зацікаўленых асобаў. Ён ужо адаслаў сваю заяву ў Менскі аблвыканкам і чакае адказу на яе.

Камсамольская вуліца ў Слуцку, якую прапануюць перайменаваць у гонар Слуцкіх паўстанцаў
Камсамольская вуліца ў Слуцку, якую прапануюць перайменаваць у гонар Слуцкіх паўстанцаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG