Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леў Рубінштэйн: ПЭН паводзіць сябе як школьнік, які падрабляе ацэнкі ў дзёньніку


Леў Рубінштэйн
Леў Рубінштэйн

Расейскі пісьменьнік і публіцыст пракамэнтаваў Свабодзе заяву выканаўчага камітэту Расейскага ПЭН-цэнтру аб тым, што Сьвятлана Алексіевіч ніколі не была сябрам гэтай арганізацыі.

«Учора, два дні таму, і раней Сьвятлана Алексіевіч была ў сьпісе сяброў ПЭН-цэнтру. Я сам гэта бачыў. Гэта факт. Сёньня яе няма. І гэта ўжо фальсыфікацыя. Відаць, кіраўніцтва ПЭН-цэнтру жыве састарэлымі ўяўленьнямі пра магчымасьці тэхналёгій. Нібыта прыбралі, а нібыта і не. Так школьнікі падраблялі ацэнкі ў дзёньніку. Нешта выціралі там. Часам гэта было заўважана, а часам і не. У нашым выпадку сытуацыя такая, што гэтага нельга не заўважыць. Я ім напісаў заяву пра свой выхад і мне не цікава, як яны гэта камэнтуюць і ці заявяць, што я таксама ня быў чальцом. Я лічу сябе выбылым і не чакаю ніякага афіцыйнага выключэньня».

Пісьменьніца і сцэнарыст, сяброўка ПЭН-цэнтра Марына Вішнявецкая паведаміла Радыё Свабода наступнае:

«Сьвятлана Алексіевіч падпісвала сумесныя праваабарончыя лісты сяброў ПЭНу. Чаму літаральна сёньня ўначы яе выдалілі з сяброў ПЭНу, для мяне загадка. Ніякай працэдуры перарэгістрацыі не было. Гэта чыстае глупства. Учора позна ўвечары яе імя яшчэ стаяла ў сьпісе сяброў. Я сама зрабіла скрыншот, прачытаўшы адказ выканкама ПЭНу Амэрыканскаму ПЭН-клюбу. І з гэтага адказу я даведалася (зь вялікім зьдзіўленьнем), што Сьвятлана Алексіевіч ніколі ў Расейскім ПЭН-цэнтры і не была. Гэта сьведчыць пра поўную разгубленасьць кіраўніцтва, ужо ня здольнага прымаць разумныя рашэньні — пасьля таго, як арганізацыю на знак пратэсту пакінулі больш за трыццаць вядомых пісьменьнікаў, перакладчыкаў, журналістаў».

Сьвятлана Алексіевіч, Леў Рубінштэйн, Барыс Акунін і іншыя вядомыя сябры Расейскага ПЭН-цэнтру пакінулі арганізацыю на знак пратэсту супраць выключэньне зь яго шэрагаў пісьменьніка Сяргея Пархоменкі. Пры канцы мінулага году ён разам зь іншымі сябрамі арганізацыі зьвярнуўся да Ўладзімера Пуціна з просьбай памілаваць украінскага рэжысэра Алега Сянцова. Сянцоў адбывае 20-гадовы тэрмін паводле абвінавачаньня ў экстрэмізьме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG