Валянтэру зь місіі Human Constanta на берасьцейскім вакзале пагражаў фізычнай расправай чалавек «каўкаскага выгляду». Пасьля здарэньня валянтэр напісаў заяву ў міліцыю, аднак праваахоўнікі адмовіліся распачаць крымінальную справу паводле артыкулу 186 Крымінальнага кодэксу «Пагроза забойствам».
22 сьнежня адзін з удзельнікаў праваабарончай місіі Human Constanta, якая дапамагае ўцекачам з Чачні, сьпяшаўся дадому зь берасьцейскага вакзалу. Ён ужо выклікаў таксоўку і хацеў сесьці ў яе, калі яго абступіў натоўп чачэнцаў.
— Гэта звычайная справа, бо яны разьлічваюць на нашу дапамогу і ўвесь час імкнуцца пагаварыць пра свае праблемы, — сказаў у інтэрвію Свабодзе Вячаслаў П.
Праваабаронца папрасіў карэспандэнтку Свабоды скараціць прозьвішча да адной літары «дзеля бясьпекі».
— Я ўжо сеў у машыну і зачыніў дзьверцы, як раптам іх адчыніў высокі мужчына, з выгляду чачэнец, і сказаў: «Я не ўцякач, і я хачу з табой пагаварыць». Я нічога не пасьпеў зразумець, а той пачаў нецэнзурна лаяцца. Казаў, што «заб’е мяне да сьмерці», — гаворыць Вячаслаў.
— Чачэнец дадаў: «Разам зь мянтамі я закрыю табе шлях да вакзалу». Намякаў такім чынам на дзейнасьць місіі — у нас жа ўсе сустрэчы на вакзале адбываюцца акурат. Таксама гэты чалавек сказаў, што «дабярэцца» і да маёй калегі ў Варшаве, якая аказвае псыхалягічную дапамогу ахвярам катаваньняў. Значыць, ён валодаў інфармацыяй пра місію, — адзначыў праваабаронца.
Паводле Вячаслава, раней яму даводзілася чуць папярэджаньні ад уцекачоў, што ў Берасьці прысутнічаюць агенты Рамзана Кадырава. Праўда, дагэтуль з «кадыраўцамі» валянтэры асабіста не сутыкаліся.
У той жа дзень Вячаслаў падаў заяву ў аддзяленьне міліцыі на вакзале. Там заяву прынялі і распачалі праверку. У ходзе праверкі міліцыянты пагутарылі з таксістам, які знаходзіўся ў машыне падчас канфлікту. Афіцыйная вэрсія сьледзтва сьцьвярджае, што таксіст ня чуў пагрозы забойства ад чачэнца ў адрас Вячаслава.
Я думаю, што гэта быў адзін з агентаў Кадырава ў Берасьці. Бо ён жа двойчы паўтарыў: «Я не ўцякач».
— Я думаю, што гэта быў адзін з агентаў Кадырава ў Берасьці. Бо ён жа двойчы паўтарыў: «Я не ўцякач». Пазьней у дакумэнтах зь міліцыі я ўбачыў ягонае прозьвішча — Тагіраў. Знаёмыя ўцекачы распавялі, што такія прозьвішчы характэрныя для Цэнтарою, адкуль паходзіць сам кіраўнік Чачні, — кажа хлопец.
Адразу пасьля Новага году Вячаславу даслалі пастанову аб адмове распачаць крымінальную справу ў дачыненьні да Тагірава. Міліцыянты ўпэўненыя: паміж чачэнцам і валянтэрам склалася «канфліктная сытуацыя», але складу злачынства тут няма.
Зь лета мінулага году колькасьць мігрантаў з Паўночнага Каўказу значна ўзрасла. Ёсьць выхадцы з Дагестану і Інгушэтыі, але больш за ўсё чачэнцаў. Агульная лічба перавышае 2 тысячы чалавек. Частка зь іх кажа, што хаваецца ад палітычнага перасьледу з боку рэжыму Кадырава. Кожны дзень сотні чачэнцаў спрабуюць праехаць у Польшчу на цягніку Берасьце — Тэрэспаль, каб атрымаць прытулак на Захадзе.
Місія Human Constanta працуе ў Берасьці з пачатку мінулага верасьня і займаецца праўнай кансультацыяй і даставамі гуманітарнае дапамогі сем’ям уцекачоў.