Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова і памылка маркетоляга


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Будзь-якая мова — гэта ня толькі тэхнічны сродак камунікацыі. Будзь-якая мова — гэта зьява са сфэры эмоцый і сымбаляў.

У грамадзтвах са стабільнай моўнай сытуацыяй тэма ня вельмі заўважная. Але. У Польшчы ці Нямеччыне мовам тытульнай нацыі нічога не пагражае. Тым ня менш і там дзецям у школе на ўроках літаратуры зьвяртаюць увагу на прыгажосьці і мілагучнасьць роднай мовы.

У паняцьця «родная мова» існуе не адно значэньне. Гэта можа быць і мова, якой чалавек загаварыў. І мова штодзённай камунікацыі ў сям'і. Але гэта можа быць і мова продкаў. А можа быць мова, якая выклікае ў чалавека цёплыя эмоцыі, адмысловую прыхільнасьць, нават калі ён не зьвязаны крэўна з краінай, дзе жыве. Будзь-якая мова можа быць і маркерам «свайго-несвайго».

Намесьнік генэральнага дырэктара па сувязях з грамадзкасьцю кампаніі «Савушкін прадукт» Алена Бабкіна:

— «Выйдзіце на вуліцу і паслухайце, на якой мове размаўляюць людзі. Так, на расейскай. Вось і адказ на ўсе пытаньні. Таму і надпісы на ўпакоўцы — на расейскай мове».

Думаю, Алену Бабкіну яшчэ чакаюць адкрыцьці ў гуманітарнай сфэры жыцьця Беларусі. Спадарыня намесьніца вельмі зьдзівіцца, дазнаўшыся, што большасьць тых, хто зьбіраў грошы на беларускага дызайнэра для «Савушкінага прадукту», у жыцьці збольшага расейскамоўныя людзі. Ці — тыя, хто падпісаўся пад пэтыцыяй за рэальнае дзьвюхмоўе у афармленьні тавараў.

Так, калі выйсьці на вуліцы беларускіх гарадоў, вы рэдка калі пачуеце беларускую мову. Але ўсё яшчэ пакуль большасьць людзей сваёй мовай ад нараджэньня маюць беларускую: у нас людзі сталага і старэйшага веку складаюць большасьць насельніцтва. Галоўная атака русіфікацыі прыпала на іх маладосьць ці дзяцінства. А нават народжаныя ў расейскамоўных умовах чулі натуральную беларускую мову ад бацькоў ці дзядуль-бабуль. Можа таму перапісы насельніцтва ўвесь час даюць большасьць адказаў пра беларускую мову як родную?

Я не хачу спэцыялісту па сувязях з грамадзкасьцю, значыць і са мною ў тым ліку, нагадваць пра прымусовую русіфікацыю і пра тое, што дагэтуль пытаньне беларускай мовы палітызаванае, зьвязанае з «апазыцыйнасьцю». І што толькі таму многія на публіцы гавораць па-расейску. Хоць і мог бы нагадаць пра карпаратыўную сацыяльную адказнасьць і прывесьці прыклад іншых бізнэс-структур, якія разумеюць важнасьць беларускай мовы.

Аднак ня толькі маркетолягам «Савушкіна», але ўсім увогуле хачу заўважыць прынцыповы момант, які часта ня ўлічваецца.

Для вялікай колькасьці людзей беларуская мова — знак, сымбаль. Сымбаль свайго.

Таму і віруе абурэньне ў сеціве, таму складаюць звароты і пэтыцыі пратэсту на словы «Савушкіна». І справа тут не тэхнічная.

А нават калі пра тэхніку атрыманьня інфармацыі.

Алена Бабкіна:

— «Таму і надпісы на ўпакоўцы — на расейскай мове: каб пакупнік мог прачытаць і правільна зразумець, што за прадукт ён купляе і што ўваходзіць у яго склад».

Гэтыя словы — ці наіўны хітрык ці цынізм. Гаворка вядзецца пра дубляж, таму няправільна прачытаць немагчыма. Зрэшты, я не ўяўляю, як чалавек здаваў экзамэны за сярэднюю адукацыю, калі ня можа прачытаць «тлушч 2,5 г; бялок — 3,1 г; вугляводы 4,7 г». Разам з датай вырабу гэта ўсё, што трэба ведаць пра малочны прадукт, які купляеш.

Зрэшты, нават калі людзей з актыўнай пазыцыяй па беларускай мове візуальна ня так і шмат, гэта ня значыць, што іх можна ігнараваць. Яны — частка грамадзтва.

Тут ужо пытаньне справядлівасьці. Бо калі падладжваць жыцьцё пад патрэбы тых ці іншых сацыяльных большасьцяў, гэта шлях у прадукаваньне людзей другога гатунку. Да фактычнай сацыяльнай сэгрэгацыі. Хоць негалосная сэгрэгацыя і так існуе, але цяпер паўстала пытаньне — што далей? Ці плянуе частка бізнэсу вырашаць і этычнае, і палітычнае пытаньне?

Пакуль што закон пра мовы на баку «Савушкіна», а асноўны рынак збыту прадукцыі за мяжой. Таму фірма магла б не рэагаваць на абурэньне сваім стаўленьнем да беларускай мовы, але зрэагавала ў асобе свайго PR-начальства. Бо гаворка пра рэпутацыйныя страты. Гэта страты, якія не адаб'юцца заўтра на продажах, але могуць стрэліць у будучыні. Бо станоўчы ці адмоўны вобраз, напрыклад, канкрэтнага брэнду фармуецца працяглы час.

Справа «Савушкіна» — сігнал усім астатнім «рацыяналістам», якія робяць памылку, ня ўлічваючы гуманітарны аспэкт існаваньня грамадзтва, у тым ліку рынку тавараў і паслуг.

А пакуль Yauhen Yerashenka прапануе выдатны экспэрымэнт што да беларускай мовы і бізнэсу:

— «Банк, які першым здагадаецца зьнізіць камісію за выкарыстаньне беларускай мовы, атрымае не абы які піар».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG