Ці ёсьць нейкія падставы сьцьвярджаць, што Масква рыхтуе замену Аляксандру Лукашэнку? Чым цяперашні кіраўнік Беларусі можа не задавальняць Крэмль?
На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітычны аглядальнік парталу Тутбай Арцём Шрайбман і галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня Салідарнасьць Аляксандар Старыкевіч.
Цыганкоў: На вашу думку, ці ёсьць нейкія рэальныя палітычныя і ідэалягічныя падставы для тэзісу «Масква шукае замену Лукашэнку»?
Шрайбман: Маё меркаваньне дастаткова традыцыйнае і скептычнае — гэта разьдзьмуваньне з мухі слана. Кожны раз, калі ў адносінах Беларусі і Расеі нешта ня ладзіцца, зьяўляюцца гэтыя размовы. Некаторыя называюць нават даты зьмены ўлады, называюць пераемнікаў — такія чуткі хадзілі ці не пра палову прэм’ер-міністраў, якія ў нас былі.
Я ня бачу, чаму сёньня гэтыя прагнозы могуць спраўдзіцца, калі яны ня спраўджваліся 20 гадоў. Зьмена кіраўніка суседняй дзяржавы — гэта спэцапэрацыя, паводле маштабу і выдаткаў супастаўная з анэксіяй Крыму. Да такіх апэрацыяў рыхтуюцца вельмі доўга, а нагода для яе павінна быць значна большая, чым чарговая нафтагазавая спрэчка, у якой да таго ж у Расеі мацнейшыя пазыцыі.
І павінна быць нейкая альтэрнатыва, тое самае пытаньне, якое задае сабе беларус, які галасуе за Лукашэнку: «Хто, калі ня ён?» Гэтае ж пытаньне, напэўна, задасьць сабе той чалавек у Крамлі, які задумаецца пра магчымую фарсіраваную зьмену ўлады ў Беларусі. Ніякай альтэрнатывы ў Расеі тут няма.
І гэта палітычнае «дасягненьне» Аляксандра Лукашэнкі, што ён не дазволіў узьнікнуць тут ніякай прарасейскай альтэрнатывы свайму кіраваньню.
І гэта палітычнае «дасягненьне» Аляксандра Лукашэнкі, што ён не дазволіў узьнікнуць тут ніякай прарасейскай альтэрнатывы свайму кіраваньню. Ніякай прарасейскай апазыцыі ў Беларусі няма, і наўрад ці пры Лукашэнку зьявіцца. Ён манапалізаваў гэты вэктар, і зрабіў гэта не выпадкова і вельмі даўно. Бо нікому з больш-менш прыкметных палітыкаў не дазволена быць больш прарасейскім, чым сам Лукашэнка.
Старыкевіч: Сапраўды, паводле стану на сёньня няма ніякіх падставаў лічыць, што Масква можа зладзіць спэцапэрацыю, каб адхіліць Лукашэнку ад улады. Другое, што менш прыемнае для цяперашняга кіраўніка Беларусі — мала хто ў кастрычніку 2013 году мог спрагназаваць уварваньне Расеі ва Ўкраіну і анэксію Крыму.
Таму тое, што такой пагрозы для Лукашэнкі не існуе сёньня — зусім ня значыць, што яна ня можа ўзьнікнуць заўтра. Тым болей, што людзі з Крамля не заўсёды кіруюцца лёгікай, рацыянальных падыходам. І што там стрэліць у галаву ў наступную хвіліну — сказаць цяжка. Своеасаблівае мэсіянства Ўладзімера Пуціна можа прывесьці да самых непрадказальных вынікаў.
У Лукашэнкі трывалыя падпоркі, але хісткі падмурак. Падпоркі — гэта дзяржаўны апарат. У тым ліку спэцслужбы, якія сочаць адзін за адным і ў значнай ступені дзякуючы гэтаму гарантаваныя ад змоваў супраць Лукашэнкі.
У Лукашэнкі трывалыя падпоркі, але хісткі падмурак.
Хісткі падмурак — гэта настроі ў грамадзтве. Дагэтуль значная частка (у тым ліку дзякуючы самому Лукашэнку) лічыць, што расейцы і беларусы — адзін народ. І тады натуральна для іх было б знаходзіцца ў адной дзяржаве з усімі наступствамі, якія з гэтага вынікаюць. Гэта патэнцыйна праблема і пагроза, якая будзе для Лукашэнкі існаваць доўга.
Шрайбман: У Беларусі немагчыма ўявіць палітыкаў, якія будуць казаць, што Лукашэнка недастаткова прарасейскі, і нам трэба ўступіць у Расею. Адзін з дзеячаў, спадар Касьцян, колькі гадоў таму зьбіраўся зарэгістраваць партыю са свайго Славянскага камітэту. І потым адзінае, што мы чулі — ягоныя скаргі, што КДБ наехала на ўсю тысячу патэнцыйных сяброў партыі. І ня далі ім зарэгістравацца.
Таму тут усё будзе прадухіляцца на больш жорсткім узроўні, чым празаходняя апазыцыя. Тут пагрозы больш відавочныя. І Лукашэнка іх разумее.
Цыганкоў: Калі адасобіцца ад канкрэтнай сытуацыі і паглядзець стратэгічна на гэтую тэму, то варта задумацца, ці ёсьць прычыны, зь якіх Лукашэнка не задавальняе Маскву. Лукашэнка абвясьціў, што Беларусь уступае ў Эўразьвяз? Зьбіраецца адмяніць дзяржаўны статус расейскай мовы? Стаў прыхільнікам лібэральнай дэмакратыі і заявіў пра жаданьне правесьці свабодныя выбары? Дык ці ёсьць нейкія прычыны ў Масквы не любіць і ня ўтрымліваць Лукашэнку?
У Крамлі Лукашэнку ўжо асабліва ня лічаць і саюзьнікам.
Старыкевіч: Вялікіх прычынаў няма насамрэч. Але шмат у гісторыі выпадкаў, калі ўсё пачыналася з драбязы — узгадайце, напрыклад, траянскую вайну. Галоўнае, што пры Лукашэнку варыянту для Беларусі сыходу на Захад не існуе. Нягледзячы на ўсе тыя гульні Менску з Захадам, што адбываюцца апошні часам. І гэта тая праграма-мінімум, якой Масква гатовая задаволіцца.
Іншая справа, што ў Крамлі Лукашэнку ўжо асабліва ня лічаць і саюзьнікам. Бо тады ён мусіў бы ісьці цалкам у рэчышчы расейскай замежнай палітыкі — без агаворак прызнаваць Крым, Абхазію і гэтак далей. Бо ў Крамлі зараз з паўтонамі кепска, «хто ня з намі» — той ужо цалкам нашым і ня лічыцца.
Што да эканамічнага ўтрыманьня, то субсыдыі зьмяншаюцца, і гэта стварае яшчэ адну пагрозу для Лукашэнкі на пэрспэктыву. Бо, на жаль, цяперашняя эканамічная мадэль у Беларусі стратная. І калі вы ня ў стане забясьпечыць самі сябе, то нейкі час можна манэўраваць — што і робіцца 20 гадоў. Але сытуацыя, калі краіна ўвесь час патрабуе датацыяў — раней ці пазьней скончыцца. І не на карысьць краіны. І паколькі ва ўлады няма ніякіх памкненьняў зьмяніць гэтую «унікальную эканамічную мадэль» — то гэтая праблема будзе нарастаць і ствараць пагрозы для ўсёй дзяржавы і яе кіраўніцтва.
Мэханізмаў падпарадкаваць сабе волю Лукашэнкі ў крытычнай сытуацыі ў Пуціна хапае.
Шрайбман: Я ня бачу сытуацыі, пры якой Лукашэнка (пры ўсёй ягонай ступені залежнасьці ад Расеі, структурнай, эканамічнай, палітычнай, культурнай) стане настолькі нязручным партнэрам для Крамля, што ў Расеі ня будзе іншага шляху, акрамя ягонага адхіленьня ад улады. Апошнія 15-20 гадоў Расея не працуе ў фармаце «мы мяняем уладу ў суседзяў». Яны працуюць у фармаце ціску на суседзяў. Калі трэба было прымусіць Армэнію ўвайсьці ў Эўразійскі Саюз, гэта было зроблена начнымі перамовамі з прэзыдэнтам Армэніі, нейкімі невядомымі нам аргумэнтамі. Тое самае было з Януковічам, калі Масква прапанавала замест дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам фінансавыя пернікі.
Аднак у Беларусі няма ніякіх перадумоваў, каб зьнешняя сіла магла перавярнуць усю вэртыкаль, пабудаваную пад аднаго чалавека.
Мэханізмаў падпарадкаваць сабе волю Лукашэнкі ў крытычнай сытуацыі ў Пуціна хапае. Мала таго, што ў гэтым няма патрэбы але ёсьць і шмат самых розных мэханізмаў. Заўважце, што зараз, калі эканамічны крызіс, у Беларусі ў першую чаргу падае гандаль з Эўразьвязам, і ў працэнтах гандлёвая залежнасьць ад Расеі толькі ўзрастае.
Мы ніколі ня можам нічога выключаць, і Аляксандар мае рацыю, калі кажа, што ніхто ня мог прадказаць Крым. Аднак у Беларусі няма ніякіх перадумоваў, каб зьнешняя сіла магла перавярнуць усю вэртыкаль, пабудаваную пад аднаго чалавека, і паставіць на гэтае месца кагосьці свайго. Тым болей гэта вялізная рызыка. Рызыка дэстабілізацыі гэтай сыстэмы, і потым магчымыя выдаткі ад неабходнасьці ўтрымліваць новую Беларусь аказваюцца значна большымі, чым у варыянце «цярпець» Лукашэнку. Таму любыя іншыя варыянты аказваюцца больш таннымі, эфэктыўнымі. Менш рызыкоўнымі для Расеі. І я не разумею, чаму гэтая сытуацыя павінна зьмяніцца.