Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША пагадзіўся з дадзенымі справаздачы аб датычнасьці кіраўніцтва Расеі да кібэратак


Джон Керы
Джон Керы

Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы заявіў, што згодны з дадзенымі выведкі аб датычнасьці найвышэйшага кіраўніцтва Расеі да кібэратак падчас прэзыдэнцкай кампаніі.

На прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне на пытаньне, ці лічыць ён, што менавіта прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін кіраваў гэтымі кібэратакамі на кампутарныя сыстэмы Дэмакратычнай партыі ЗША, Джон Керы адказаў: «Я прымаю ацэнку выведных службаў ЗША, гэта ішло з найвышэйшых узроўняў» расейскага кіраўніцтва.

Паводле Керы, і ён сам, і прэзыдэнт Барак Абама асабіста ставілі пытаньне пра гэтыя кібэрнапады ў размовах з расейскімі прадстаўнікамі, патрабуючы спыніць іх і папярэджваючы пра рашучы адказ.

Раней у чацьвер у Кангрэсе, у камітэце ў справах сілавых структураў Сэнату, адбылося слуханьне, прысьвечанае кібэрпагрозам для ЗША, галоўным чынам з боку Расеі, перадусім падчас перадвыбарнай кампаніі прэзыдэнта ЗША летась. Гэта быў першы з шэрагу заплянаваных Кангрэсам захадаў, якія маюць на мэце высьветліць аб’ёмы, намеры і мэты кіраванага уладай Расеі ўмяшаньня ў кампутарныя сыстэмы і электронную перапіску палітычных арганізацыяў у ЗША. Пра цьвёрдыя доказы ўмяшаньня заяўляюць амэрыканскія спэцслужбы.

Як гаворыцца ў апублікаваным на слуханьні сумесным дакладзе шэрагу амэрыканскіх спэцслужбаў, Расея ўяўляе значную кібэрпагрозу для вайсковай, дыпляматычнай, гандлёвай і жыцьцёва важнай інфраструктуры ЗША, і Крэмль стаў на значна больш агрэсіўную пазыцыю ў сваіх кібэратаках, узяўшы за цэль ўрадавыя арганізацыі, недзяржаўныя аналітычныя ўстановы, палітычныя арганізацыі і бізнэс-карпарацыі.

Пры гэтым, гаворыцца ў дакладзе, толькі найвышэйшыя прадстаўнікі кіраўніцтва Расеі маглі даць дазвол на кібэрнапады, якія, на думку Вашынгтону, мелі на мэце ўмяшаньне ў амэрыканскі выбарчы працэс — на нядаўняе выкраданьне зьвестак, якія тычацца выбараў, і на іхнюю публікацыю.

На слуханьні галоўны прадстаўнік амэрыканскай выведкі заявіў, што кібэрумяшаньне Расеі ў выбарчы працэс у ЗША было беспрэцэдэнтным. Як сказаў дырэктар нацыянальнай выведкі ЗША Джэймз Клапэр, «ня думаю, што мы калі-небудзь мелі справу з больш агрэсіўным і наўпроставым намаганьнем з мэтай умяшацца ў нашы выбарчыя працэсы, чым гэтым разам». Паводле яго, кібэратакі былі толькі адным з аспэктаў умяшаньня Расеі ў амэрыканскі выбарчы працэс — сярод многіх іншых былі клясычная прапаганда, дэзінфармацыя ці фальшывыя навіны.

Старшыня камітэту, рэспубліканец Джон Маккейн заявіў на слуханьні, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін захацеў ажыцьцявіць кібэрнапады з мэтай умяшаньня ў амэрыканскія выбары, таму што Вашынгтон не задаволіў для Масквы высокага кошту за яе агрэсіўную замежную палітыку. «Нас не павінна зьдзіўляць, што Ўладзімір Пуцін мог падумаць, што ён можа ладзіць усе сур’ёзныя кібэрнапады на нашу дзяржаву, калі ён заплаціў такую малую цану за ўварваньне ва Ўкраіну, за анэксію Крыму, за падрыў дэмакратычных інстытутаў па ўсёй Эўропе і, вядома, за дапамогу Башару аль-Асаду зьнішчаць цывільных людзей у Сырыі на працягу больш чым году беспакарана... Гадамі кібэрнапады на нашу дзяржаву сустракаліся нерашучасьцю і бязьдзейнасьцю. Наша дзяржава ня мае палітыкі, а такім чынам і стратэгіі кібэрстрымліваньня. Гэтае падабенства слабасьці правакавала нашых праціўнікаў, якія нападалі на нас зноў і зноў, і ўсё больш і больш сур’ёзна. Калі мы не прадэманструем, што цана нападаў на ЗША перавышае жаданыя перавагі, гэтыя кібэратакі будуць толькі нарастаць», — адзначыў Маккейн.

Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, вядомы сваёй прарасейскай пазыцыяй, і прадстаўнікі яго каманды працягваюць ставіць пад сумнеў дадзеныя амэрыканскай выведкі пра тое, што да кібэрумяшаньня ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША датычная Расея.

Спэцслужбы ЗША падрыхтавалі яшчэ адзін даклад з доказамі ўмяшаньня Расеі, з матэрыяламі якой у чацьвер пазнаёмілі прэзыдэнта Барака Абаму, а ў пятніцу павінны пазнаёміць і Дональда Трампа. Несакрэтную, скарочаную вэрсію гэтага дакладу павінны апублікаваць на наступным тыдні.

У аўторак дырэктар Цэнтральнага выведнага ўпраўленьня ЗША Джон Брэнан заявіў, што ўсе, хто сумняваецца ва ўдзеле Расеі ў кібэрумяшаньні ў выбары ў ЗША, павінен убачыць гэты даклад, перш чым рабіць свае высновы.

Летась усе 17 спэцслужбаў ЗША пацьвердзілі, што лічаць даказаным умяшаньне ў перадвыбарчую кампанію на шкоду кандыдатцы ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан хакераў, зьвязаных з уладамі Расеі, выкралі электронную перапіску апаратчыкаў партыі, якую потым апублікавалі. 9 сьнежня выданьне The Washington Post паведаміла, што ЦРУ вызначыла: мэтай расейскіх хакераў было ня толькі ў цэлым падарваць давер да амэрыканскай выбарчай сыстэмы, але і канкрэтна дапамагчы Трампу перамагчы. У той жа дзень выданьне The New York Times напісала, што выведка ЗША ўстанавіла: расейскія хакеры дабраліся і да кампутараў Рэспубліканскай партыі, але не апублікавалі здабытай там патэнцыйна шкоднай для рэспубліканцаў інфармацыі.

29 сьнежня Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў і Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША апублікавалі новы даклад пра кібэратакі падчас прэзыдэнцкай кампаніі, які пацьвердзіў дачыненьне да іх расейскіх спэцслужбаў. Пасьля гэтага адміністрацыя дзейнага прэзыдэнта Барака Абамы абвясьціла беспрэцэдэнтныя санкцыі супраць расейскіх дыпляматаў у ЗША. У Маскве ж працягваюць адмаўляць любое ўмяшаньне Расеі як дзяржавы ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША, на якіх перамог вылучэнец Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG