Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сэнаце ЗША пачаліся слуханьні аб умяшаньні расейскіх хакераў


У Камітэце ўзброеных сіл Сэнату ЗША праходзяць слуханьні аб умяшаньні расейскіх хакераў ў ход прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША.

Расейская служба нашага Радыё вядзе жывую трансьляцыю слуханьняў на сваёй старонцы.

Ва ўступным слове сэнатар Джон Макэйн заявіў, што Злучаным Штатам варта даць эфэктыўны адказ на дзейнасьць прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна супраць ЗША і суседніх з Расеяй краін, агрэсію супраць Украіны і захоп Крыму.

«Ня варта зьдзіўляцца, што [прэзыдэнт Расеі] Ўладзімер Пуцін думае, што ён можа пачаць усё больш і больш сур’ёзныя кібэратакі супраць нашай краіны, калі ён заплаціў зусім невялікую цану за ўварваньне ва Ўкраіну, за анэксію Крыму, за падрыў дэмакратычных каштоўнасьцяў і інстытутаў па ўсёй Эўропе, і — вядома ж — за дапамогу прэзыдэнту Сырыі Башару Асаду ў забойстве цывільных асоб у Сырыі. Тое ж самае дакладна для Кітаю, Ірану, Паўночнай Карэі, а таксама кожнага іншага суперніка, які апошнім часам адчуваў сябе сьмелым, каб кінуць выклік сусьветнаму парадку », - сказаў сэнатар Джон Макэйн.

Ён заявіў, што праціўнікі ЗША прыйшлі да высновы, што ўзнагароджаньне за правядзеньне кібэратакі на краіну пераважваюць рызыкі.

Сэнатар заявіў, што ЗША варта сфармаваць палітыку ў галіне кібэрбяспекі, таму што цяпер «у нас няма ніякай палітыкі, ніякай стратэгіі, каб супрацьстаяць кібэратакам».

Сэнатары Джон Макэйн і Элізабэт Уорэн перад пачаткам слуханьняў.
Сэнатары Джон Макэйн і Элізабэт Уорэн перад пачаткам слуханьняў.

У сваім выступе сенатар-дэмакрат Джэк Рыд заявіў, што расейскі ўрад ня толькі ўдзельнічаў ва ўзломе электроннай пошты Дэмакратычнай партыі, але і распаўсюджваў фальшывыя навіны, і ў яго задачу ўваходзіла ўвесьці ў зман амэрыканскі народ і падарваць амэрыканскі дэмакратычны працэс.

Вышэйшыя службовыя асобы выведкі ЗША кажуць, што Расея ўяўляе сабой сур’ёзную кібэрпагрозу для «вайсковых, дыпляматычных, камэрцыйных і крытычна важных аб’ектаў інфраструктуры».

Дырэктар нацыянальнай выедкі Джэймс Клэпэр і іншыя высокапастаўленыя службовыя асобы выведкі заявілі, што Крэмль узяў «больш агрэсіўную лінію ў кібэрпрасторы», нацэльвае сваю дзейнасьць на ўрадавыя арганізацыі, мазгавыя цэнтры, палітычныя арганізацыі і карпарацыі.

Клэпэр паведаміў, што ў пачатку наступнага тыдня выведная супольнасьць падрыхтуе адкрыты даклад аб умяшаньні расейскіх хакераў ў выбарчы працэс — у дадатак да дакладу, які атрымае прэзыдэнт. «Гэта значыць, у ім ня будуць прысутнічаць дадзеныя, якія ўяўляюць сабой дзяржаўную тайну, але ў цэлым ён дасьць уяўленьне пра тое, што вядома выведцы, і пра характар пагрозы і праблемы», — заявіў ён.

У сэнацкім камітэце ўзброеных сіл, які ўзначальвае рэспубліканец Джон Макэйн, выступаюць дырэктар Нацыянальнай выедкі Джэймс Клэпэр, кіраўнік Агенцтва нацыянальнай бясьпекі Майк Роджэрс і намесьнік міністра абароны ў справах выведкі Марсэл Лэтр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG