Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп назваў «сьмешнай» выснову ЦРУ аб умяшаньні Расеі ў выбары


Новаабраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што заключэньне ЦРУ аб тым, што Расея ўмешвалася ў хаду прэзыдэнцкіх выбарах, «сьмешнае» і выкарыстоўваецца дэмакратамі як «проста яшчэ адна падстава» для тлумачэньня паразы Гілары Клінтан.

У інтэрвію тэлеканалу «Fox News Sunday» Трамп заявіў, што ня мае нічога супраць дэкрэту прэзыдэнта Барака Абамы правесьці расьсьледаваньне кібэратакі, учыненай падчас выбарчай кампаніі. Аднак, паводле яго, пры гэтым нельга проста казаць «Расея». «Вы мусіце сказаць, што і іншыя краіны таксама, і, магчыма, іншыя асобы, удзельнічалі ў гэтым», — заявіў Трамп.

Адміністрацыя Абамы лічыць, што гаворка ідзе ня толькі пра Расею. Белы дом адзначыў, што разгледзіць і іншыя выпадкі, у тым ліку і кібэратакі ў 2008 і 2012 гадах, зьвязаныя з кітайскімі хакерамі.

У нядзелю чацьвёра амэрыканскіх сэнатараў, якія прадстаўляюць як Дэмакратычную так і Рэспубліканскую партыі ЗША, заявілі, што расейскае ўмяшаньне ў выбарчую кампанію павінна «выклікаць трывогу кожнага амэрыканца» і што Кангрэс павінен расьсьледаваць гэтую справу, не дазваляючы ёй ператварыцца ў пытаньне, якое ўяўляе цікавасьць толькі для адной партыі.

«Дэмакраты і рэспубліканцы мусяць працаваць разам у Кангрэсе, каб старанна вывучыць гэтыя нядаўнія інцыдэнты і распрацоўваць комплексныя рашэньні для стрымліваньня і абароны ад далейшых кібэратакаў», — заявіў новы лідэр дэмакратаў у Сэнаце Чак Шумэр, старшыня Камітэту ў справах Узброеных сілаў Джон Маккейн, а таксама дэмакрат Джэк Рыд і сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм.

«Гэта ня можа заставацца пытаньнем толькі адной партыі, — удакладнілі яны. Стаўкі занадта высокія для нашай краіны. Мы гатовыя працаваць на дзьвюхпартыйнай аснове і будзем імкнуцца да аб’яднаньня нашых калег вакол расьсьледаваньня, каб спыніць сур’ёзныя пагрозы, уключаючы кібэратакі, якія праводзяцца ўрадамі замежных дзяржаваў, якія ўяўляюць пагрозу для нашай нацыянальнай бясьпекі».

Заява павінна зрабіць ціск на рэспубліканцаў у Кангрэсе для далейшага вывучэньня расейскага ўмяшаньня і патэнцыйна ўступае ў супярэчнасьць з заявамі новаабранага прэзыдэнта Дональда Трампа, які адхіліў гэтае пытаньне.

Раней газэта Washington Post паведаміла, што ЦРУ прыйшло да высновы, што Расея ўмешвалася ў выбары, каб дапамагчы Трампу перамагчы Клінтан. Трамп неадкладна абвяргаў гэтую ацэнку як працу «тых самых людзей, якія казалі, што ў Садама Хусэйна ёсьць зброя масавага зьнішчэньня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG