Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бездапаможнае стварэньне «ідэальны мужчына»


Калісьці паэт Андрэй Хадановіч напісаў, што «Беларускі мужчына жыве ў самым цэнтры Эўропы, калі верыць мапе: у гэтым цэнтры стаіць канапа, і беларускі мужчына ляжыць на канапе».

Гэта быў такі напаўжартаўлівы верш, і мы ўсьміхаліся і казалі, што тэкст «праўдзівы» і «жыцьцёвы». Наўрад ці Хадановіч імкнуўся апісаць вобраз ідэальнага мужчыны — гаворка ішла пра тыповага прадстаўніка беларускай нацыі. Але праблема ў тым, што «тыповы» і «ідэальны» — гэта, звычайна, адзін і той жа мужчынскі вобраз. Дробныя адрозьненьні — статыстычная пагрэшнасьць, якую ня варта прымаць да ўвагі.

вобраз тыповага мужчыны — гэта вобраз бяскрыўднага вечнага дзіцяці

Але мала што можа так прынізіць мужчын, як гэты ідэальны вобраз, які яны самі так старана ствараюць і абараняюць. І калі ў апісаньнях «тыповых мужчын» яшчэ бачная нейкая сумная іронія і агульная інтанацыя такіх апісаньняў — «ну выбачайце, вось такія мы недарэкі», то калі гаворка заходзіць пра вобраз «ідэала», недахопы выстаўляюцца ў якасьці неверагодных перавагаў. То бок фактычна ў стварэньні абодвух тыпажоў выкарыстоўваюцца адны і тыя ж характарыстыкі, але падаюцца яны ў кардынальна розных афарбоўках.

«Тыповы мужчына» выклікае найперш шкадаваньне — ён зь вялікай цяжкасьцю перажывае лёгкую прастуду і ня можа ўстаць з ложку, калі ў яго тэмпэратура 37,2; ён не ўмее гатаваць і ў адсутнасьць жонкі вымушаны харчавацца адно макаронамі і сасіскамі; ён ня здольны рабіць простыя разьлікі і можа лёгка застацца без чыстых шкарпэтак, калі маці ці партнэрка не прасочыць; ён не ўмее абыходзіцца з дзецьмі, ня можа хадзіць у краму бяз сьпісу і ня ведае, як карыстацца пральнай машынай. У гэтым тыпажы няма аніякай злосьці ці высакамернасьці: фальклорны вобраз тыповага мужчыны — гэта вобраз бяскрыўднага вечнага дзіцяці, які ні на што асабліва не прэтэндуе — абы накармілі і шкарпэткі на месца паклалі. Найлепш яго адлюстроўвае выраз «найбольш цяжка хлопчыку даюцца першыя сорак гадоў жыцьця».

«Ідэальны мужчына» па сутнасьці — такое ж бездапаможнае стварэньне, але з гонарам і амбіцыямі. Калі ён ня можа знайсьці чыстыя шкарпэткі, то не разгублена шукае хоць штосьці, што можна нацягнуць на ногі, а кажа, што жонка ня годна выконвае свае абавязкі. Ён сапраўдны мужык, і ўсе гэтыя цацканьні зь дзецьмі не вартыя ягонага часу. І ў краму ён наўрад ці пойдзе нават са сьпісам — ён жа нічога не разумее ў гэтых бабскіх (у сэнсе, кулінарных і хатніх) справах. А яшчэ ён дакладна ведае, што пры наяўнасьці пральнай машыны праньне не патрабуе ніякіх высілкаў, і менавіта таму ніколі ім не займаецца.

«Ідэальны мужчына» па сутнасьці — такое ж бездапаможнае стварэньне, але з гонарам і амбіцыям

Мне, напрыклад, было б няёмка так вось адкрыта заяўляць пра ўласную бездапаможнасьць і тым больш сьцьвярджаць, што ў бездапаможнасьці мая сіла. Гэта ж як казаць «Глядзіце, якая я клясная, нават пасьцельную бялізну зьмяніць не магу! Ня тое, што вы!». Розныя гуру і іншыя спэцыялісты ў арыгінальных інтэрпрэтацыях Ведаў любяць казаць, што моц жанчыны ў ейнай слабасьці, але сучасны беларускі фальклор так кажа хутчэй пра мужчынаў.

І ўсё б нічога, мы маглі б і надалей зьдзіўляцца таму, з якой асалодай мужчыны прыніжаюць самі сябе, калі б не адно але. У пэўны момант паказальная псэўдабездапаможнасьць становіцца небясьпечнай. Так, хлопчыкі ў школах цягаюць дзяўчат за валасы, бо нібыта ня ведаюць іншых спосабаў прыцягненьня ўвагі, а дарослыя мужчыны непрыстойна жартуюць, робяць недарэчныя намёкі і нават гвалцяць жанчын, бо «не могуць ісьці супраць прыроды».

Прынамсі, менавіта такую выснову можна зрабіць з вечных прэтэнзій да дзяўчат і жанчын (не павінны насіць адкрытую вопратку, павінны паводзіць сябе сьціпла) і адсутнасьць прэтэнзій да мужчынаў. Нібыта мужчыны ня могуць кантраляваць свае жаданьні і дзеяньні, нібыта яны ня здольныя да спачуваньня і эмпатыі, нібыта ўзровень іх эмацыйнага інтэлекту непрыстойна нізкі. Чаго варты міт пра прыродную палігамію мужчын і манагамію жанчын! Ён выконвае дзьве сакральныя, я б сказала, функцыі: апраўдвае мужчынскую нявернасьць і кантралюе жаночую сэксуальнасьць.

Вось і атрымліваецца, што «абаронца», «каменная сьцяна», «моцнае плячо», «здабытчык мамантаў», «моцная палова чалавецтва» ня можа сябе абслугоўваць і кантраляваць.

Часта кажуць, нібыта мы, фэміністкі, ненавідзім мужчын. Але мы і блізка не дадумаліся стварыць такія вобразы «тыповага» і «ідэальнага» мужчыны. Яны самі, усё самі. І не праціўна ж!

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG