Па 50 базавых велічынь штрафу атрымалі ад суду палітыкі Павал Севярынец, Анатоль Лябедзька і Алег Корбан, якія пікетавалі будынак адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі ў падтрымку тэлеканалу «Белсат». Працэсы прайшлі 5 студзеня ў Ленінскім судзе Менску.
«Мяне судзіў судзьдзя Астапенка. Мой адвод ён не задаволіў, на прапанову звальняцца, каб не служыць рэжыму, міліцыянты-сьведкі адказалі маўчаньнем. Усё чакана, у тым ліку і вялікі памер штрафу. Але акцыю мы правялі і сваю пазыцыю заявілі, што Беларусі патрэбныя беларускія незалежныя тэлеканалы, а не рупары прарасейскай прапаганды, як НТВ ды іншыя», — пракамэнтаваў прысуд сустаршыня БХД Павал Севярынец.
Пікет каля адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі адбыўся 20 сьнежня 2016 году. Цягам паўгадзіны актывісты скандавалі «Без Белсату будзе вата», «НТВ — далоў, Белсат — дамоў», «Лукашэнка — не, Ананіч — не, Карпенка — не, Белсат — так», «Не — рускаму міру, не — Рыжскаму міру», а таксама трымалі ў руках невялікія плякаты падобнага зьместу. Міліцыянты ў цывільным актывістам не заміналі, але і не пускалі бліжэй да будынка адміністрацыі. Пасьля пікету актывісты занесьлі сьпіс сваіх патрабаваньняў у прыёмную адміністрацыі.