Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская АЭС гатовая ў студзені прыняць місію МАГАТЭ


Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

Як паведамляе сайт Беларускай АЭС са спасылкай на міністра энэргетыкі Ўладзімера Патупчыка, на рэкамэндацыю камітэту ажыцьцяўленьня Канвэнцыі Эспа ў студзені 2017 году адбудзецца місія МАГАТЭ дзеля разгляду пляцоўкі АЭС з улікам вонкавых падзеяў (місія SEED).

Таксама ў 2017 годзе на запыт Беларусі адбудзецца шэраг ацэначных місіяў МАГАТЭ, у тым ліку аварыйнай гатоўнасьці (EPREV), дзяржаўнай сыстэмы ўліку і кантролю ядзерных матэрыялаў (ISSAS); будзе ажыцьцёўленая падрыхтоўка да місіі разгляду пытаньняў эксплюатацыйнай бясьпекі (Pre-OSART) і місіі ацэнкі нацыянальнай інфраструктуры ядзернай энэргэтыкі (місія INIR).

У рамках праекту тэхнічнага супрацоўніцтва МАГАТЭ «Падтрымка чалавечых рэсурсаў і разьвіцьцё інфраструктуры для ўводу ў эксплюатацыю першай АЭС» заплянаваны шэраг экспэртных місіяў агенцтва, у тым ліку ў пытаньнях кіраваньня фінансавымі рызыкамі, агляду стратэгіі абыходжаньня з радыеактыўнымі адходамі і адпрацаваным ядзерным палівам ды іншых рэкамэндаваных МАГАТЭ напрамках.

29 сьнежня амбасадару Беларусі ў Вільні Аляксандру Каралю была ўручаная нота з просьбай у тэрміновым парадку даць вычарпальную інфармацыю пра яшчэ адзін інцыдэнт з корпусам рэактара астравецкай атамнай электрастанцыі, паведамляе Міністэрства замежных спраў Літвы, якое цытуе партал delfi.lt.

У дакумэнце МЗС просіць дбайна расьсьледаваць гэты інцыдэнт і праінфармаваць Літву, суседнія дзяржавы і Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ) пра вынікі расьсьледаваньня. У ноце выказваецца вялікая заклапочанасьць у сувязі з паўторам інцыдэнтаў на АЭС, пра якія Літва даведалася не з афіцыйных крыніц Беларусі, а са СМІ. Паводле паведамленьняў беларускіх мэдыя, у панядзелак недалёка ад чыгуначнай станцыі Слаўнае ў Беларусі корпус новага рэактара зачапіў апору кантактнай сеткі чыгункі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG