Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст АГП з Гомелю стаў дармаедам з двума дыплёмамі ВНУ


Мікалай Новікаў
Мікалай Новікаў

Падатковая інспэкцыя запатрабавала заплаціць падатак на «дармаедзтва» ад 53-гадовага сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Новікава з Гомелю.

У актывіста апазыцыйнай партыі два дыплёмы: БДУ і Акадэміі кіраваньня. Першая прафэсія гамельчука — гісторык, другая — эканаміст, таксама ён закончыў профільную асьпірантуру.

Але ў новы год актывіст уступіў беспрацоўным і, паводле дэкрэту № 3, мусіць плаціць падатак на дармаедзтва. Сваё беспрацоўе Новікаў зьвязвае з апазыцыйнай дзейнасьцю:

— Раней я працаваў старэйшым выкладчыкам Гомельскага гандлёва-эканамічнага ўнівэрсытэту. Сямнаццаць гадоў выкладаў макра- й мікраэканоміку, зьяўляюся суаўтарам падручніка па эканамічнай тэорыі, якім дагэтуль карыстаюцца студэнты.

У 2013 годзе, у хуткім часе пасьля парлямэнцкіх выбараў, калі яшчэ нават ня скончыўся навучальны год, у рэктараце мне заявілі, што кантракт са мною падоўжаны ня будзе. Пры гэтым рэктарка Сьвятлана Лебедзева спаслалася, што такое рашэньне прыняла катэдра эканамічнай тэорыі, хоць пытаньне на катэдры наагул не абмяркоўвалася.

Зь іншых крыніцаў даходзілі зьвесткі, што кіраўніцтва не задаволена маёй грамадзкай дзейнасьцю: на выбары я хадзіў назіральнікам ад апазыцыйнай партыі, падпісваў замовы на пікеты, у незалежных мэдыя адкрыта выказваўся пра цяперашні стан эканомікі. Выглядае, што стаў непажаданым.

Кантракт у нас робіць чалавека безабаронным перад наймальнікам. Маеш свой уласны погляд на рэчы ці ня згодны з «генэральнай лініяй» — гуляй. І ярлык «няўдачніка» ў прыдачу.

Кантракт у нас робіць чалавека безабаронным перад наймальнікам. Маеш свой уласны погляд на рэчы ці ня згодны з «генэральнай лініяй» — гуляй. І ярлык «няўдачніка» ў прыдачу.

Пошук новай працы скончыўся нічым, кажа спадар Новікаў:

— Зьвяртаўся я перадусім у навучальныя ўстановы. Сям-там абяцалі падумаць, а пасьля адмаўлялі. Нават у школах. Некаторыя адразу папярэджвалі: «Будзем высьвятляць».

Спрабаваў уладкавацца супрацоўнікам у абласны музэй вайсковай славы (у мяне ж чырвоны дыплём гістарычнага факультэту БДУ), але й тут атрымаў адмову. Цяжка ня толькі ў матэрыяльным пляне, але й псыхалягічна. Прыходзіш у той жа цэнтар занятасьці, а на цябе ўжо глядзяць, як на чалавека другога гатунку. Кабінэтаў процьма, а прымаюць толькі ў двух, да якіх чэргі, нібы ў маўзалей. «Стаяньне» на «біржы» мне нічым не дапамагло. Прызнацца, махнуў рукою і на «біржу», і на абавязковыя іхныя адпрацоўкі. Урэшце жонка прынесла навіну: у дзіцячым садку, які наведваў калісьці наш малодшы сын, патрэбен дворнік. І я пайшоў падмятаць двор у садку, выконваць сякія-такія гаспадарчыя функцыі. Сышоў з уласнага жаданьня, калі пашкодзіў нагу — спорт і перанесеная апэрацыя зрабілі яе праблемнай яшчэ са студэнцкіх часоў. Калі нага больш-менш прыйшла ў норму, стаў падпрацоўваць то тут, то там. І атрымаў паведамленьне з падатковай інспэкцыі, што за 2015 год я мушу даплаціць 160 рублёў як дармаед, паколькі афіцыйна працаваў у той год менш за 183 дні.

Як эканаміст спадар Новікаў так ацэньвае дэкрэт пра дармаедаў:

— У тым і бяда, што ніводнай эканамічнай праблемы дэкрэт пра дармаедаў не вырашае. Ну, сабралі з так званых утрыманцаў два з паловай мільёны рублёў. Няхай нават у два ці тры разы болей. Але ж у эканоміцы трэба глядзець, колькі выдаткаў на гэта пайшло. Улада пра гэта публічна нічога ня кажа, хоць і без таго зразумела, што аўчынка вырабу ня вартая. Прынізілі людзей, падзялілі — гэта ёсьць. У нас жа існуе падатковае заканадаўства. Калі яно не працуе, трэба яго ўдасканаліць. Але ж не, бо тут узьнікае канфлікт інтарэсаў. Калі ўвесьці больш пільны кантроль, то трэба высьвятляць, адкуль у чыноўнікаў мільёны на іх шыкоўныя катэджы. Падатковы інспэктар павінен прыйсьці найперш да чыноўніка ці выклікаць позваю: вось вашы даходы, вось расходы. Заплаціце падатак і скажыце, дзе ўзялі грошы.

Толькі хто ж прыме ў нас такое заканадаўства? Хто абавяжа чыноўнікаў адкрыта дэкляраваць свае даходы, як гэта зрабілі ва Ўкраіне? Кішэнны парлямэнт? Вядома, не. Прасьцей тузаць небарак, якія страцілі працу і круцяцца неяк, каб стачыць канцы з канцамі.

Дэкрэт не дапамагае людзям ні фінансава, ні маральна, а прыціскае іх, спараджае сацыяльную напружанасьць. Ужо закрэсьліваюць, адпрэчваюць тое, што чалавек дзесяць ці дваццаць гадоў сплачваў падаткі. Цяпер ён застаўся на вуліцы, а яму як абухам па галаве: дармаед, плаці! Па сутнасьці, людзей нацкоўваюць адзін на аднаго.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG