Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямашка плянуе знайсьці нафтагазавы кампраміс з Расеяй у першым квартале


Уладзімер Сямашка, архіўнае фота
Уладзімер Сямашка, архіўнае фота

Беларускі бок разьлічвае знайсьці кампраміснае разьвязаньне нафтагазавай спрэчкі з Расеяй не пазьней за першы квартал 2017 году.

Пра гэта заявіў 29 сьнежня ў Магілёве намесьнік прэмʼер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка.

Ён нагадаў, што ў кастрычніку 2016 г. быў падпісаны шэраг міжурадавых пагадненьняў, зацьверджаны плян адпаведных захадаў, а «затым адбыўся пэўны збой, і дарожная карта не была чамусьці прынятая да рэалізацыі».

«Тым ня менш узаемаразуменьне з абодвух бакоў ёсьць. У нас ёсьць усе аргумэнты і неабходныя прылады для рэалізацыі сумеснага пляну дзеяньняў. Мы спадзяемся дасягнуць кампраміснага рашэньня нафтагазавага пытаньня не пазьней за першы квартал 2017 году», — цытуе Сямашку БЕЛТА.

Паводле Сямашкі, перамоўны працэс актыўна працягваецца.

«Мы ня трацім аптымізму, працуем з расейскімі калегамі сыстэмна і стараемся ісьці шляхам кампрамісаў як у сваіх фармулёўках, так і разьліках. Мы і цяпер шукаем усе магчымыя крыніцы і мэханізмы, каб выйсьці на ранейшыя дамоўленасьці наконт выраўноўваньня ўмоваў гаспадараньня ў рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу і прыйсьці спачатку да адзінага рынку электраэнэргіі, а затым газу і нафты», — адзначыў Сямашка.

Нафтагазавы канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй пачаўся з таго, што ў сувязі з усясьветным падзеньнем цэнаў на энэрганосьбіты Менск назваў справядліваю цану на расейскі газ у памеры 73 даляраў за адну тысячу кубоў. Масква ж настойвае на выкананьні дзейнага кантракту, які ахоплівае 2015 і 2016 гады. Паводле гэтага дакумэнту, цана на газ для Беларусі складае 132 даляры.

У кастрычніку бакі абвясьцілі пра дасягненьне кампрамісу. Міністар энэргетыкі таксама заявіў тады, што Беларусь да 21 кастрычніка пералічыць сродкі, недаплачаныя за расейскі газ.

Аднак, паводле расейскага боку, Беларусь так і не пагасіла недаплату за пастаўлены ў 2016 годзе газ, якая складае 281 мільён даляраў.

Раней ва ўрадзе Беларусі паведамілі, што перавялі Расеі аванс платы за газ «у якасьці жэсту добрай волі». Сума авансу не агалошвалася.

Аднак Расея вярнула гэты аванс Беларусі. Расейскі віцэ-прэмʼер Аркадзій Дварковіч заявіў журналістам:

«Складаныя перамовы. Мы не авансавай выплаты чакаем, нам не патрэбная была авансавая выплата. Яна вярнулася назад ім, даўно ўжо назад адправілі», — сказаў ён.

Дварковіч адзначыў, што Расея чакае ад Беларусі поўнага пагашэньня платы за газ за 2016 год, авансавай выплаты для гэтага недастаткова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG