Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС адказала мітрапаліту Кандрусевічу: «Лічыце вернікаў самі»


Ілюстрацыйнае фота. Вернікі ў касьцёле на Раство
Ілюстрацыйнае фота. Вернікі ў касьцёле на Раство

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі больш ня будзе разьмяшчаць інфармацыю пра колькасьць вернікаў на калядных набажэнствах. Такім чынам МУС адказала на адкрыты ліст кіраўніка Беларускай каталіцкай царквы.

27 сьнежня мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў незадаволенасьць тым, што ў апошнія гады міліцыя штучна заніжае статыстыку колькасьці беларускіх вернікаў, якія ўдзельнічаюць у калядных і велікодных набажэнствах. Свае прэтэнзіі каталіцкі герарх выказаў у адкрытым лісьце на адрас міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

Кіраўнік Беларускага касьцёлу паведамляў, што сёлета начныя калядныя службы ў Менску наведалі каля 11 тысяч чалавек, у Горадні — каля 13 тысяч, Лідзе — каля 6 тысяч. «Гэта значыць, у трох гарадах прысутнічала 75% ад прыведзеных МУС зьвестак. А колькі было ў іншых гарадах, напрыклад Ашмянах, Ваўкавыску, Браславе, Паставах, Глыбокім, Баранавічах, Брэсьце ды іншых?» — адзначалася ў адкрытым лісьце Кандрусевіча.

На начных і дзённых калядных набажэнствах у Менску сёлета, паводле зьвестак арцыбіскупа, прысутнічалі каля 32 тысяч чалавек, у Гродне — каля 40 тысяч, у Лідзе — каля 20 тысяч. «Таму рэальная колькасьць людзей, якія ўдзельнічалі ў сьвяточных набажэнствах па ўсёй Беларусі, у шмат разоў большая, чым пададзена на сайце МУС», — заяўляў мітрапаліт.

У адказе МУС гаворыцца: «Па зьвестках Міністэрства ўнутраных спраў, у сьвяточных набажэнствах 24-25 сьнежня 2016 году на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прынялі ўдзел больш за 113 тысяч чалавек. Разам з тым неабходна адзначыць, што для Міністэрства ўнутраных спраў колькасьць грамадзян, якія прымаюць удзел у масавых мерапрыемствах, мае значэньне выключна з пазыцыі расстаноўкі неабходнай колькасьці сілаў і сродкаў. Наша галоўная задача — гарантаваньне грамадзкай бясьпекі».

У міністэрстве таксама паведамілі, што інфармацыя, якая разьмяшчаецца ў разьдзеле «Зводка» на сайце МУС, ня носіць афіцыйнага характару і, як правіла, патрабуе дадатковых удакладненьняў. «Ажыцьцяўляць падлік, фармаваць і паведамляць грамадзянам афіцыйную статыстыку людзей, якія наведалі набажэнства, не зьяўляецца абавязковай для МУС функцыяй. Таксама варта зьвярнуць увагу, што разьмешчаная на сайце МУС інфармацыя тычыцца выключна начных набажэнстваў у храмах у ноч з 24 на 25 сьнежня 2016 году, што ня можа расцэньвацца як агульная колькасьць вернікаў, якія прынялі ўдзел у сьвяткаваньні каталіцкага Раства», — гаворыцца ў паведамленьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG