Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прычынай авіякатастрофы ў Сочы маглі стаць няспраўныя закрылкі і памылка пілётаў


Непадалёк ад месца катастрофы самалёта
Непадалёк ад месца катастрофы самалёта

У аўторак быў расшыфраваны парамэтрычны самапісец самалёта Ту-154Б2 Мінабароны РФ, які загінуў у мінулую нядзелю ў Чорным моры. Паводле крыніц «Коммерсанта», згодна з папярэднім аналізам дадзеных, атрыманых з «чорнай скрыні», разьвіцьцё няштатнай сытуацыі на борце магло пачацца праз закрылкі, якія зь нейкай прычыны не схаваліся падчас узьлёту самалёта. Спрабуючы кампэнсаваць пікіруючы момант, які ўзьнік у выніку, пілёты пагоршылі сытуацыю да крытычнай, празьмерна задраўшы нос самалёта.

У аўторак вадалазы выявілі і паднялі на паверхню самы вялікі за ўвесь час пошукавай апэрацыі фрагмэнт самалёта — чатырохмэтровы кавалак хваставой часткі Ту-154Б2, які знаходзіўся на 30-мэтровай глыбіні. У ім і знайшлі парамэтрычны самапісец, які рэгіструе парамэтры палёту і работу ўсіх сыстэм лайнэра. Яго тут жа адправілі ў Цэнтральны навукова-дасьледчы інстытут ВПС у падмаскоўных Люберцах. Мінабароны ў аўторак паведаміла, што праведзеныя дасьледаваньні дазволілі «звузіць пералік верагодных прычын крушэньня самалёта». Вынікі расшыфроўкі «чорнай скрыні» вайсковае ведамства пакуль не апублікавала, адзначыўшы толькі, што «канчатковыя высновы аб прычынах авіякатастрофы будуць зробленыя дзяржаўнай камісіяй пасьля вывучэньня ўсіх магчымых фактараў».

Між тым крыніца «Коммерсанта», блізкая да расьсьледаваньня, паведаміла, што самапісец зарэгістраваў адмову сыстэмы хаваньня закрылкаў Ту-154, якія пры ўзьлёце забясьпечваюць дадатковую пад’ёмную сілу на крылах самалёта.

Разам з тым несхаваныя закрылкі, на думку апытаных «Коммерсантам» спэцыялістаў у галіне авіяцыі, зьяўляецца непрыемным, але зусім не катастрафічным здарэньнем. Падобная сытуацыя і дзеяньні пілётаў пры яе ўзьнікненьні падрабязна апісаныя ў інструкцыі па лётнай эксплюатацыі Ту-154 і ўвесь час адпрацоўваюцца членамі экіпажаў на трэнажорах.

Паводле экспэртаў, пікіруючы момант, які ўзьнікае ў сувязі з непрыбранымі закрылкамі, на старце лётчыкі кампэнсуюць штурвалам і з дапамогай стабілізатара самалёта. Выйграючы за кошт гэтага час, пілёты тут жа дакладваюць аб няспраўнасьці дыспэтчару і вяртаюць машыну на аэрадром вылету.

Экіпаж Ту-154, на думку экспэртаў, зь нейкай прычыны ня змог вырашыць праблему з закрылкамі, якія адмовілі. Больш за тое, сваімі дзеяньнямі мог толькі пагоршыць аварыйную, але яшчэ не крытычную сытуацыю, якая ўзьнікла на борце.

Экспэрты мяркуюць, што вайсковыя пілёты, спрабуючы кампэнсаваць плаўны выхад самалёта ў пікіраваньне, сталі занадта актыўна цягнуць штурвалы на сябе, адначасова павялічваючы рэжым работы рухавікоў. Праз гэта самалёт мог выйсьці на так званыя закрытычныя вуглы атакі, страціць хуткасьць і замест набору вышыні ўпасьці ў мора.

Нягледзячы на дадзеныя самапісца, сьледзтва і экспэрты пакуль не адмаўляюцца ад іншых здагадак аб прычынах катастрофы. Так, паводле зьвестак «Коммерсанта», у спэцыялістаў да гэтага часу ў працы застаюцца вэрсіі аб магчымым тэракце на борце самалёта; парушэньні яго цэнтроўкі пры ўзьлёце, да якой Ту-154, па словах пілётаў, вельмі адчувальны. Нарэшце, правяраюцца зьвесткі і аб магчымым сутыкненьні самалёта з чарадой чаек. Канчаткова вэрсія, зьвязаная з птушкамі, будзе пацьверджаная або адхіленая пасьля таго, як экспэрты знойдуць і вывучаць рухавікі самалёта, на лапатках якіх, магчыма, засталіся біялягічныя сьляды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG