Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: знойдзеныя абломкі самалёта Ту-154, які разьбіўся недалёка ад Сочы


Пошукавая апэрацыя ў Сочы
Пошукавая апэрацыя ў Сочы

Вадалазы выявілі на дне Чорнага мора абломкі, якія могуць належаць самалёту Ту-154 Міністэрства абароны Расеі, які разьбіўся ў нядзелю. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на крыніцу ў экстраных службах. Паводле крыніцы, яны знаходзіліся на глыбіні 25 мэтраў і частка зь іх ужо паднятая на паверхню.

Агенцтва «Інтэрфакс» паведамляе, што прылады аднаго з караблёў, якія ўдзельнічаюць у пошукавай апэрацыі, засеклі за паўтара кілямэтра ад берау аб’ект, які нагадвае абрысамі фюзэляж самалёта.

Раней у панядзелак спэцыялісты расейскага Міністэрства абароны заявілі, што вызначылі траекторыю падзеньня Ту-154.

Апэрацыя па пошуку самалёта і парэшткаў яго пасажыраў працягваецца другі дзень. У ёй удзельнічаюць экстраныя службы, вайскоўцы, паліцыя і прадстаўнікі адміністрацыі Сочы. Да пошукаў падключылася Абхазія — паведамлялася, што частку абломкаў магло цячэньнем зьнесці ў яе тэрытарыяльныя вады.

26 сьнежня абвешчана ў Расеі днём жалобы. У шэрагу гарадоў прайшлі акцыі ў памяць аб загінулых.

Самалёт Ту-154 Міністэрства абароны Расеі, які накіроўваўся ў Сырыю, упаў у Чорнае мора недалёка ад Сочы раніцай 25 сьнежня. Усе 92 чалавекі, якія былі на яго борце, абвешчаныя загінулымі. Сярод іх — асноўны склад ансамблю песьні і танцу імя Аляксандрава, журналісты, вайскоўцы і кіраўнік фонду «Справядлівая дапамога» Лізавета Глінка. Асноўныя вэрсіі прычын катастрофы — памылка пілёта і тэхнічная няспраўнасьць. Вэрсія тэракту разглядаецца, але не як прыярытэтная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG