Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі назваў паляпшэньне стасункаў з афіцыйным Менскам адным з асноўных посьпехаў польскай замежнай палітыкі. У інтэрвію «Польскаму дыпляматычнаму агляду» (Polski Przegląd Dyplomatyczny) Вашчыкоўскі патлумачыў прычыну палітычнай адлігі паміж Беларусьсю і Польшчай.
— Мы зрабілі высновы з украінскай сытуацыі. Украінцы вышлі на вуліцу, каб пратэставаць супраць адмовы тагачаснага прэзыдэнта Віктара Януковіча праводзіць праэўрапейскі курс сваёй замежнай палітыкі. А палітыка — гэта мастацтва выбару паміж рознымі варыянтамі. Адсутнасьць выбару вядзе да страты незалежнасьці. Мы выказваемся за сувэрэннасьць Беларусі, бо падтрымліваем сувэрэннасьць і тэрытарыяльнае адзінства Ўкраіны.
Паводле польскага міністра, Варшава атрымлівае «сыгналы, што і ў беларускім баку ёсьць патрэба пашырэньня поля палітычнага манэўру, магчымасьць выбару і ўмацаваньне сувэрэнітэту».
— Мы прадстаўляем такую прапанову. Мы дзейнічаем супольна са спадарыняй Магерыні (Фэдэрыка Магерыні — кіраўніца Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў). У нашых перамовах зь Беларусьсю мы выступаем ад імя Эўропы. Калі беларускі бок будзе зацікаўлены разьвіцьцём такога дыялёгу, то мы разам будзем вырашаць, як будаваць гэты эўрапейскі шлях. Мы не зьбіраемся дзейнічаць супраць кагосьці. Мы хочам працаваць на карысьць нашых задач і ідэальна, каб гэта была супольная праца.
Польска-беларускія дачыненьні значна палепшыліся сёлета. Усё пачалося зь візыту ў Беларусь міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага. У кастрычніку Варшаву наведаў Уладзімер Макей. Раней у Беларусі прымалі віцэ-спікера польскага Сэйму Рышарда Тэрлецкага і віцэ-прэм’ера Матэвуша Маравецкага. Апошнім з уплывовых польскіх палітыкаў Менск наведаў кіраўнік Сэнату Польшчы Станіслаў Карчэўскі.