Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Думаю, гэта не апошняя Плошча»,— вязень Плошчы-2010 Кондрусь засуджаны на 1,5 года «хатняй хіміі»


Уладзімер Кондрусь засуджаны на паўтара года «хатняй хіміі» з прымусовым амбуляторным лячэньнем. Зь яго будзе ўзятая падпіска пра нявыезд. Суд вырашыў вызваліць Кондруся неадкладна (але яго няма ў зале).

Уладзімер Кондрусь сказаў, што не шкадуе, што прыходзіў на Плошчу ў 2010 годзе і гатовы гэта паўтарыць. «Гэта не апошняя Плошча», — зазначыў былы палітвязень. Пра здароўе пасьля галадоўкі сказаў, што цяпер пачуваецца добра.

Сваякі пасадзілі яго ў машыну, за стырном быў бацька, сям’я Кондрусеў паехала ў Рудзенск.

Судовае пасяджэньне 26 сьнежня прайшло надзвычай хутка і без прысутнасьці падсуднага.

Суд лічыць віну Кондруся ва ўдзеле ў масавых закалотах 19 сьнежня 2010 г. даказанай. Але суд не знайшоў доказаў таго, што Кондрусь наносіў цялесныя пашкоджаньні супрацоўнікам міліцыі, і выключыў гэта з абвінавачаньня. Суд прызнаў наяўнасьць у Кондруся зьмешанага разладу асобы. Таму суд прызначыў Кондрусю пакараньне ў выглядзе 1,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня з прымусовым амбуляторным лячэньнем па месцы жыхарства. Вярнуць Кондрусю сканфіскаваную маёмасьць.

Падчас суду былі агучаныя вынікі комплекснай экспэртызы, якая праводзілася пасьля першага дня суду:

«Кондрусь пакутуе на зьмешаны шызоідны разлад псыхікі. Дысгармонія асобы, пратэставая рэакцыя, няздольнасьць падтрымліваць доўгатэрміновыя стасункі зь людзьмі, падвышаны самааналіз, абвостранае разуменьне сваіх правоў».

У судовых спрэчках адвакат Кондруся Вадзім Мушынскі заявіў, што падзеі 19 сьнежня 2010 году ў Менску нельга назваць масавымі беспарадкамі.

«Былі пашкоджаныя 8 мэтраў вадасьцёкавых трубаў і 5 кустоў ядлоўцу», — вось і ўся пашкоджаная маёмасьць. Таксама «нямоцнымі» назваў адвакат пашкоджаньні, якія атрымалі міліцыянты.

Адвакат Мушынскі прасіў апраўдаць Кондруся.

Жыхара Рудзенску Ўладзімера Кондруся абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках падчас акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.

Праваабаронцы Беларусі прызналі Ўладзімера Кондруся палітвязьнем і патрабуюць ягонага вызваленьня.

Свабода вяла он-лайн суду над Уладзімерам Кондрусем.

У першы дзень працэсу 16 лістапада падсудны Кондрусь спрабаваў перарэзаць сабе вены ў судовай залі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG