Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму прэса абмяркоўвае прыватнае жыцьцё Лявона Вольскага?


Лявон Вольскі
Лявон Вольскі

Удзельнічаюць: Сяргей Навумчык, Алег Грузьдзіловіч, Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Газэта «Наша Ніва» паведаміла, што сьпявак Лявон Вольскі зьмяніў свой статус у фэйсбуку на «ў адносінах». Паводле гэтага статусу, ягонай сяброўкай стала 26-гадовая дзяўчына зь Менску, якую зваць Марʼяна, прозьвішча ў яе таксама Вольская.

Калі гэтая абвестка зьявілася на асабістым профілі Лявона Вольскага, многія наведнікі профілю (калі ня большасьць) падумалі, што профіль Вольскага нехта ўзламаў. Але ніякіх камэнтароў ад сьпевака на гэты конт за два дні так і не зьявілася, а само паведамленьне так і застаецца на профілі. «Наша Ніва» напісала пра яго, патлумачыўшы, што сам сьпявак на тэлефанаваньні не адказваў.

Асаблівую далікатнасьць гэтай сытуацыі надае тая акалічнасьць, што жонка Вольскага Ганна памерла ў сакавіку сёлета ад анкалягічнага захворваньня. У ранейшых інтэрвію сьпявак распавядаў пра свае пачуцьці да Ганны, а ў новым альбоме «Псыхасаматыка» прысьвяціў ёй некалькі кранальных радкоў у адной з песьняў.

У сучасным сьвеце прыватнае жыцьцё публічных пэрсонаў робіцца неад’емным аб’ектам зацікаўленьня СМІ. Узгадаем, як некалькі месяцаў таму ўвесь сьвет абмяркоўваў развод Брэда Піта і Анжаліны Джалі. Пры гэтым даўно ўжо ў гэтым сэнсе зьнік падзел на «жоўтую» і «якасную» прэсу. Любая прэса на Захадзе цяпер паведамляе пра такія рэчы. Розьніца засталася ў тым, у якой форме і ў якіх аспэктах. Жоўтая прэса спыняецца менавіта на канкрэтных акалічнасьцях прыватнага жыцьця, якасная абмяркоўвае грамадзкія зьявы і тэндэнцыі, які ўплыў робяць тыя або іншыя публічныя пэрсоны на масавую сьвядомасьць.

У НН маглі б дачакацца нейкай рэакцыі з боку самога Лявона Вольскага.

Мне ўсё ж здаецца, што ў такой сытуацыі, калі няма канчатковай упэўненасьці, ці гэта праўдзівая інфармацыя, у НН маглі б дачакацца нейкай рэакцыі з боку самога Лявона Вольскага. Паказальна, што ніякія іншыя беларускія СМІ пра гэтую сытуацыю не пісалі, палічыўшы, відаць, гэта занадта моцным умяшаньнем у прыватныя справы. А па-вашаму, калегі, які прынцып тут важнейшы — «усё, што цікава чытачу, павінна быць на старонках» ці ўсё ж існуюць нейкія маральныя і прафэсійныя абмежаваньні?

Грузьдзіловіч: Я спытаўся ў сваіх сваякоў, ці цікава было б вам абмяркоўваць, што ў Лявона Вольскага зьявілася сяброўка і што пра гэта пішуць? Ці што Азаранка нарадзіла сына, а пра бацьку нічога не вядома? І аднагалосны быў адказ, што гэта цікава, калі будзе балянс паміж інфармацыяй і тым, якія абставіны, які фон, якія зьявы адбываюцца ў грамадзтве. Ня столькі цікавы сам гэты факт, але грамадзкая рэакцыя на яго.

Мне таксама было б цікава паглядзець, якія людзі зацікавіліся навінамі жыцьця Лявона Вольскага, і колькі іх. Гэта вядомая асоба. Гэта будзе лякмусавая паперка, каб паглядзець, якія зьявы адбываюцца ў грамадзтве. Ці, напрыклад, навіна пра Азаранку.

Узьнікае пытаньне, навошта мэдыі гэта робяць.

Але канешне, калі шмат такіх навінаў і калі яны перабольшваюць разумную мяжу, узьнікае пытаньне, навошта мэдыі гэта робяць. Я параіў бы ім задаваць такое пытаньне і несьці адказнасьць перад сваімі чытачамі, бо калі мы бачым, што тая самая Хартыя чамусьці праз кожны месяц паведамляе пра Азаранку, узьнікае пытаньне, ці не прыплаціла Азаранка за свой інтарэс да яе? Бо ўсё ж любая зорка робіцца зоркай толькі тады, калі прэса і людзі абмяркоўваюць, што зь ёй здараецца. Магчыма, гэта ня вельмі добрая іміджавая рыса для пэўнага мэдыя, і трэба засьцерагацца ад занадта глыбокага пранікненьня ў жыцьцё людзей, якія сапраўды нам цікавыя ня проста таму, што некага нарадзілі, а як асобы, якія нешта зрабілі добрае.

Навумчык: Калі адказваць на пытаньне, як яго сфармуляваў Віталь — ці мела права «Наша Ніва» паведамляць пра зьмену ў жыцьці Лявона Вольскага? — дык, як кажа Віталь, сам Лявон Вольскі пазначыў новы статус у сваім профілі на фэйсбуку, які мае вялікую колькасьць сяброў. «Наша Ніва» проста пра гэта паведаміла, тут усё зроблена ў цалкам прыстойных межах, мне падаецца. Іншая справа, што гэтую ролю «зацікаўленай грамадзкасьці», як назваў яе Віталь, імгненна выканалі камэнтатары.

Мне цікавае жыцьцё тых людзей, якіх я асабіста ведаю.

Што да майго асабістага стаўленьня, мне цікавае жыцьцё тых людзей, якіх я асабіста ведаю. Я вельмі слаба знаёмы зь Лявонам Вольскім асабіста, таму для мяне ягонае прыватнае жыцьцё — гэта ягонае прыватнае жыцьцё. А прадстаўнікам «зацікаўленай грамадзкасьці», магчыма, варта было б заняцца сваімі праблемамі, чым іншых людзей, якія і самі могуць разабрацца ў сваіх справах.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG