Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве заявілі, што беларуская мова была створаная ў 1926 годзе пастановай ЦК ВКП(б)


Маскоўскі Крэмль. Ілюстрацыйнае фота.
Маскоўскі Крэмль. Ілюстрацыйнае фота.

У Расейскім інстытуце стратэгічных дасьледаваньняў назвалі Беларусь часткай Расеі і выступілі супраць разьвіцьця беларускай мовы.

Леанід Рашэтнікаў, дырэктар Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, які забясьпечвае аналітыкай адміністрацыю Ўладзіміра Пуціна, адзначыў, што ў Беларусі «ўсё рухаецца паводле ўкраінскага сцэнару».

«Працэсы вельмі падобныя. І, на жаль, ня бачым працэсаў, якія б ім супрацьстаялі. Лінія на аддзяленьне беларусаў ад расейцаў, стварэньне плоту паміж беларусамі і расейцамі ў ідэалягічным, гістарычным, ідэйным і духоўным пляне відавочная».

Спасылаючыся на расейскую газэту «Правда» за 1926 год, Леанід Рашэтнікаў сказаў, што «беларуская мова была створаная пастановай пасяджэньня аргбюро ЦК ВКП(б)».

«Гэтая бомба, закладзеная тады, цяпер ірванула. Атрымліваецца, што мы прычыніліся да стварэньня беларускай мовы. І беларускай мове цяпер толькі 90 гадоў».

Рашэтнікаў адзначыў, што кіраўніцтва Расеі, занятае праблемамі Сырыі і Ўкраіны, а таксама прыходам да ўлады Трампа, забылася пра Беларусь.

«Нельга забываць пра Беларусь. Гэта гістарычная частка вялікай Расеі, частка нашага народу».

Таксама Рашэтнікаў раскрытыкаваў кіраўніцтва Беларусі за намаганьні аддаліцца ад Крамля і выглядаць незалежнай дзяржавай:

«Пра што яны думаюць? Незразумела. Ці то пра ўласны стан, ці яшчэ пра нешта. Нібыта хочуць аддаліцца ад Масквы і аддацца камусьці іншаму. Вось што атрымліваецца. Але, спадарства, немагчыма ў гэтым сьвеце такім маленькім краінам існаваць без апірышча на нейкую сілу. Калі вы разрываеце сувязь са сваёй прыроднай апорай, то будзеце абапірацца на ўбітую іншай дзяржавай палю. Але ўсё роўна будзеце чапляцца за нешта. Якая ж Беларусь незалежная ад Масквы і як гэта Масква ёй нічога дыктаваць ня можа?»

Някляеў: беларуская мова існавала з часоў «Слова пра паход Ігара»

Пісьменьнік і палітык Уладзімер Някляеў лічыць, што Леанід Рашэтнікаў сваімі словамі прадэманстраваў неадукаванасьць, бо беларускую мову выкарыстоўваў ананімны аўтар «Слова пра паход Ігара» і Францішак Скарына, якія выдаў Біблію з прадмовамі па-беларуску:

Уладзімер Някляеў, архіўнае фота
Уладзімер Някляеў, архіўнае фота

«Апроч усяго іншага, праблема нашага часу палягае ў тым, што на самыя высокія ўзроўні кіраўніцтва трапляюць невукі. Леанід Рашэтнікаў, які ачольвае нібыта паважаную інстанцыю, — самы сапраўдны невук. Таму што як мінімум беларуская мова ўзьнікла ў кнігах Скарыны, а яшчэ раней яна ўзьнікла ў Тураве. Калі б Рашэтнікаў ня быў невукам і прачытаў «Слова пра паход Ігара», — паэму, напісаную ў Тураве ў канцы XII стагодзьдзя, што зьмяшчае 70% беларускіх лексэм, якіх сучасны расеец не зразумее».

Някляеў лічыць, што такія інфармацыйныя закіды з боку дырэктара Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў сьведчаць, што расейскі шавінізм у дачыненьні Беларусі становіцца навуковай і прафэсарскай пазыцыяй:

«Гэта шавіністычная пыха, вялікадзяржаўны расейскі шавінізм. Ён праяўляецца паступова: ад нікому невядомых журналістаў на „Регнуме“ да ўплывовых дзяржаўных службоўцаў. Такім чынам з маргінальнай пазыцыі гэтая думка становіцца прафэсарскай і навуковай. Але гэта ўсё зьвёны аднаго і таго ж ланцуга, які называецца „імпэрскі расейскі шавінізм“, які ня хоча прызнаваць, што ёсьць краіна Беларусь, беларускі народ і беларуская мова».

Леанід Рашэтнікаў — савецкі і расейскі гісторык, кандыдат гістарычных навук, дырэктар Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, генэрал-лейтэнант службы замежнай выведкі Расейскай Фэдэрацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG