Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч у «Newsweek»: я ня мог стрымацца і сказаў, што першы падпішу Белавескія пагадненьні


Апошні нумар амэрыканскага часопісу «Newsweek» апублікаваў вялікае інтэрвію з былым старшынём Вярхоўнага Савету Беларусі Станіславам Шушкевічам, якое ён даў навукоўцу і журналісту Аркадзю Дубнову ў рамках праекту, арганізаванага Фондам Гайдара.

У інтэрвію Станіслаў Шушкевіч прызнаецца, што ня думаў пра ліквідацыю СССР у той час. Ён расказвае, што калі знаходзіўся ў Маскве і Падмаскоўі ў кастрычніку 1991 году, ён запрасіў кіраўніка РСФСР Барыса Ельцына на паляваньне ў Белавескую пушчу. Мэтай запросінаў, кажа Шушкевіч, было «папрасіць у Ельцына троху нафты і газу».

Станіслаў Шушкевіч сьцьвярджае, што ня думаў пра ліквідацыю СССР нават тады, калі ўжо знаходзіўся на шляху ў Белавескую пушчу. Шушкевіч сьцьвярджае, што баяўся нават думаць пра распад СССР яшчэ за дзьве гадзіны да таго, як быў падпісаны адпаведны дакумэнт.

Але пазьней, кажа Шушкевіч, калі Бурбуліс прапанаваў вельмі дакладную і акуратную формулу, што «СССР як суб’ект міжнароднага права і як геапалітычная рэальнасьць спыняе сваё існаваньне» сытуацыя зьмянілася. Мы раптам усе прыйшлі да высновы, што мы маглі б падтрымаць прапанову Бурбуліса.

«Для мяне ён [Бурбуліс — РС], перш за ўсё, чалавек, які знайшоў такую дакладную формулу [для ліквідацыі Савецкага Саюзу — РС]... Я ня думаў, што гэта можна сфармуляваць такім дакладным чынам, і, чорт вазьмі, я любіў яго тады».

Далей, кажа Шушкевіч, «я ня мог стрымацца і закрычаў, што першы падпішу такі дакумэнт».

Таксама ў інтэрвію Станіслаў Шушкевіч удакладняе сытуацыю з часам, калі і хто з удзельнікаў Белавескага пагадненьня пазваніў сусьветным лідэрам. Ён кажа, што міт пра крыўду Міхаіла Гарбачова на Барыса Ельцына, што той, нібыта, перш пазваніў прэзыдэнту ЗША Джорджу Бушу-старэйшаму, а толькі пасьля прэзыдэнту СССР Міхаілу Гарбачову, ня мае пад сабой падставаў.

«Я думаю, што Гарбачоў ведае, што гэта ня так. Насамрэч усё гэта адбывалася практычна адначасова. Ельцын і Краўчук сказалі мне: „У вас добрыя дачыненьні з Гарбачовам, так што вы павінны патэлефанаваць яму і сказаць, што мы падрыхтавалі пагадненьне да падпісаньня“. Мы не падпісалі яго яшчэ тады, бо мы падпісалі яго пазьней перад тэлекамэрамі».

Шушкевіч кажа, што ў адказ ён з Краўчуком папрасілі Ельцына адразу пасьля размовы Шушкевіча з Гарбачовым пазваніць Бушу.

Паводле Шушкевіча, званкі адбываліся адначасова, але яму давялося даволі доўга тлумачыць памочніку Гарбачова мэту свайго званка.

«Спатрэбіўся некаторы час, каб пагаварыць з чалавекам, які падняў тэлефонную трубку, і растлумачыць яму, хто я, бо там былі ўсякія пытаньні...»

Шушкевіч кажа, што яны зь Ельцынам сядзелі недалёка адзін ад аднаго, і ён чуў размову Ельцына з Бушам. Паводле Шушкевіча, Ельцын пачаў гаварыць з Бушам у той час, калі ён сам яшчэ тлумачыўся з памочнікам Гарбачова.

«Гарбачоў спытаў мяне вельмі мэнтарскім тонам: „А вы думалі пра тое, як міжнародная супольнасьць адрэагуе?“ Я адказаў: „Вы ведаеце, Міхаіл Сяргеевіч, яна рэагуе прыгожа. Барыс Мікалаевіч пазваніў Бушу, і Буш добра глядзіць на гэтую навіну“. Потым была цішыня! І з таго часу ён заўсёды зьвяртаўся да мяне ў вельмі фармальнай манеры...»


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG